Чысты адток у ІТ-сектары за 5 месяцаў (розніца паміж нанятымі і звольненымі) — мінус 5500 чалавек. У няпростыя 2020 і 2021 гады сектар за аналагічны перыяд крыху дадаваў у колькасці — +553 і +697 спецыялістаў, адпаведна. Да пандэміі і крызісных перыядаў, у 2019-м, рост быў адчувальны — 1709 чалавек,
У маі кампаніі абнавілі рэкорд па звальненнях, пры гэтым наём упаў да мінімальнага ўзроўню за апошнія два гады.
Па даных афіцыйнай статыстыкі, за май кампаніі звольнілі амаль 3,6 тысячы супрацоўнікаў. Гэта значна больш, чым у маі мінулага года (амаль у тры разы), і + 10% да красавіка 2022. І ў 4,5 разу больш, чым нанялі.
Пры гэтым у апошнія тры месяцы паскорыўся тэмп звальнення ІТ-спецыялістаў. У сакавіку звольнілася на 85% больш, чым у сакавіку 2021, у красавіку — на 123% больш, чым у красавіку 2021, у маі — на 173% больш, чым у маі 2021 (тады колькасць звольненых ужо ішла на спад).
У сваю чаргу, наём у ІТ падае трэці месяц запар. У маі ў кампаніі працаўладкаваліся амаль 800 спецыялістаў — на 53% менш, чым у маі мінулага года. Больш за тое, так мала спецыялістаў кампаніі ўзялі на працу ўпершыню за апошнія амаль два гады (з ліпеня 2020).
Калі разглядаць перыяд з пачатку 2019-га, то за гэтыя амаль тры з паловай гады кампаніі менш наймалі толькі ў пандэмійнай яме, у красавіку — чэрвені 2020-га.
Усяго за пяць месяцаў ІТ-кампаніі ўзялі на працу больш за 6,2 тысячы спецыялістаў — на 12% менш, чым за аналагічны перыяд 2021 года.
З ІТ-кампаній за студзень-травень звольнілася амаль 12 тысяч чалавек — на 85% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Як вынік:
за пяць месяцаў гэтага года ІТ — кампаніі звольнілі больш супрацоўнікаў, чым за ўвесь 2020 год, тады было звольнена больш за 10 тысяч (у 2021-м — амаль 17 тысяч за год);
айцішнікі склалі 4,5% ад усіх звольненых спецыялістаў у Беларусі за студзень-май.
Усяго за студзень-май з ІТ-кампаній звольнілася на 90% больш спецыялістаў, чым працаўладкавалася.
Чысты адток айцішнікаў за пяць месяцаў — 5,5 тысячы чалавек. Паводле звестак Белстата, у 2021 годзе ў сферы «Інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання» працавалі 104 тысячы чалавек. Гэта значыць, за пяць месяцаў толькі па афіцыйных даных ІТ-сектар страціў больш за 5% супрацоўнікаў.





