Дзмітрый з сям'ёй. Фота: асабісты архіў

Нарадзіўся Дзмітрый Воўк у Баранавічах. Пасля заканчэння школы ён адразу пайшоў працаваць, каб мець магчымасць заплаціць за сваё навучанне ва ўніверсітэце. Ён завочна вучыўся на эканаміста. 

Дзмітрый працаваў на будоўлі ў Мінску. Але хутка ў яго пачаліся праблемы за спінай і ён вырашыў, што яму трэба перакваліфікавацца ў тэсціроўшчыка. 

«Вывучыў сферу ён сам, у яго ўсё вельмі добрае атрымлівалася. З 2008 года ён пайшоў у ІТ. Працаваў на расійскую фірму, потым аформіў ІП», — расказвае яго жонка Маргарыта. 

Да 2020 года Дзмітрый не цікавіўся палітыкай. Але пасля выбараў ён разам з Маргарытай актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. 

«Калі яны перараслі ў дваровыя маршы, спрабавалі такія арганізоўваць у Смалявічах, — кажа яна. — У лютым мінулага года нас усіх затрымалі на канцэрце пад Смалявічамі, Дзіме далі 15 сутак, мяне выпусцілі на трэція, бо ў нас двое дзяцей (зараз ім 6 і 9 год).

Сілавікі сталі актыўна цікавіцца мужам, ён вёў нашы мясцовыя тэлеграм-каналы, пісаў пасты да акцый. Калі яго адпусцілі, мы вырашылі, што яму будзе лепей з'ехаць з краіны. Праз пару дзён ён паехаў у Кіеў, жыў там месяц, чакаў нас. Але ў дзіцяці пачалася алергія, дактары параілі пераязджаць да мора, таму выбар паў на Адэсу. З чэрвеня 2021-га па люты гэтага года мы жылі там».

Дзмітрый з Яўгенам. Фота: асабісты архіў

Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны Дзіма вывез сям’ю ў Малдову. Мужчына вырашыў вяртацца назад у Адэсу пасля таго, як пачытаў навіны пра гібель дзяцей. 

«Адзінай маёй ўмовай было, што далей Адэсы ён нікуды не з'едзе. Яны з беларусамі, якія там засталіся, прыйшлі да высновы, што трэба стварыць атрад. Хацелі ўступіць у ТРА (сілы тэрытарыяльнай абароны УСУ. — НН), але былі цяжкасці, таму што беларусы».

Амуніцыю атраду дапамаглі набыць беларускія дыяспары.

Потым адбыўся канфлікт з некаторымі байцамі з палка Каліноўскага. Па словах Маргарыты, нейкі час хлопцы з атрада былі вымушаны хавацца ў розных кватэрах, бо баяліся выйсці на вуліцу з-за пагроз, якія паступалі ў іх адрас ад каліноўцаў. 

«Тады я стала прасіць Дзіму з'ехаць з Адэсы. Адна справа вайна, а іншая — канфлікт са сваімі ж. Ён вырашыў, што прыедзе да нас на нейкі час. Мы тады былі ў Чарнагорыі, у Малдове было небяспечна з-за Прыднястроўя. Ён разам з Жэнем выехаў да нас».

Апошні раз Маргарыта стэлефаноўвалася з Дзмітрыем 14 чэрвеня раніцай. 

«Ён разам з Жэнем прыехаў на мяжу з Румыніяй і там іх не прапусцілі транзітам. Яны рушылі на іншы прапускны пункт — там заехаць атрымалася. Ён мне ў 12 гадзін дня скінуў фатаграфію з Жэнем, што яны прайшлі мяжу. І пасля гэтага яны перасталі выходзіць на сувязь. Назаўтра раніцай я ўжо дакладна зразумела, што нешта здарылася. Пачалі шукаць інфармацыю па ДТЗ у Румыніі. І першае, што было, гэта навіна пра іх», — успамінае яна.

Дзмітрый з Маргарытай. Фота: асабісты архіў

Дзмітрыю было 35 год, калі ён разбіўся на дарозе.

Па факце аварыі была заведзена крымінальная справа на кіроўцу фуры, з якой адбылося сутыкненне. Той кіроўца, кажа, што ехаў нармальна, а беларус выехаў на сустрэчную паласу. Маргарыта, якая бачыла матэрыялы крымінальнай справы, мяркуе інакш. Яна лічыць, што фуру, якая рухалася насустрач, павяло, Дзмітрый спрабаваў яе аб'ехаць па іншай паласе, але прычэп грузавіка знёс яго машыну, калі яна ўжо выехала на абочыну.

«У Дзімы была чэрапна-мазгавая траўма, ён загінуў на месцы. Жэню яшчэ дзве гадзіны спрабавалі выратаваць. Бачыла фатаграфіі ў крымінальнай справе з месца катастрофы, гэта дзікі жах.

У яго была праламаная галава з левага боку. Па словах следчых, яны такіх страшных аварый у Румыніі не бачылі», — дзеліцца жонка.

Маргарыта кажа, што муж для яе быў апорай. Яна была за ім як за каменнай сцяной. 

«Калі нечым займаюся, то адцягваюся, вядома, ад думак, — кажа яна. — Але перыядычна вельмі моцна накатвае. Таму зараз яшчэ, напэўна, не прыйшло поўнае ўсведамленне таго, што я адна за ўсё адказваю. 

Пазнаёміліся мы з ім у Баранавічах, гэта было 1 снежня 2006 года на дыскатэцы. Я прыязджала туды часта да сваякоў. Пагутарылі з ім месяц, потым тры месяцы не стэлефаноўваліся. На Вялікдзень ён мне даслаў паведамленне з вершамі, прапанаваў сустрэцца, і з таго часу мы былі заўсёды разам. Ён хвалююча ставіўся да нашых першых сустрэч, у яго нават рукі дрыжалі. Любіў абдымаць, цалаваць. Трэсся нада мною, як над прынцэсай.

Дзеці, пакуль я была ў Румыніі паўтара тыдня, жылі ў нашых сяброў. Перыядычна таксама плачуць, сумуюць.

Мы Дзіму крэміравалі, дома стаіць дзве урны. Да фатаграфіі дзеці прыносяць малюнкі».

Дзве урны былі заказаны для таго, каб адзін прах, як і прасіў Дзмітрый, развеялі над морам, а другі, як хочуць бацькі мужчыны, — адвезлі ў Беларусь для пахавання. 

«Яго бацькам трэба кудысьці прыходзіць да сына, у Чарнагорыю так увесь час лётаць складана. Дзіма, калі з'яжджаў ва Украіну, казаў, што калі з ім нешта здарыцца, то ён не хоча, каб яго пахавалі на акупаванай тэрыторыі, і сказаў мне тады, каб развеялі прах над морам.

Дакументы для ўвозу ў краіну ў нас ёсць.

Іншая справа, што пэўныя беларускія структуры цікавіліся Дзімам і Жэнем. Я хвалююся, каб у яго бацькоў улады не адабралі урну. Пакуль будзем выконваць яго волю, а наконт пахавання паглядзім з часам.

Я абяцала Дзіме, што, калі ён прыедзе, я пакажу яму прыгожыя мясціны ў Чарнагорыі. І як бы дзіўна гэта ні гучала, я разам з яго бацькамі правязу урны па іх, потым заплануем дату развітальнай цырымоніі ў Чарнагорыі. Калі будзе пахаванне ў Беларусі, пакуль складана сказаць, але будзем рабіць усё, каб перадаць урну». 

Чытайце таксама: 

Айцішнік, родам з Жодзіна. Расказваем пра аднаго з добраахвотнікаў з былога атрада «Ліцвін», які разбіўся ў аварыі ў Румыніі

Распавядаем пра беларуса Сяргея Дзёгцева — другога каліноўца ў палоне

Клас
3
Панылы сорам
Ха-ха
1
Ого
Сумна
33
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Р6619 / Адказаць
07.07.2022
Што там за каламутнай канфлікт з Каліноўскім?
0
Р6619 / Адказаць
07.07.2022
Р6619, Re: Што там за каламутны канфлікт з каліноўцамі?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру