У Еўропе Беларусь папракаюць у парушэнні правоў чалавека, у той час як у Нідэрландах паліцыя брутальна разганяе фермераў і забівае пратэстоўцаў. Пра гэта ў праграме «Клуб рэдактараў» заявіў кіраўнік БТ. 

«На Захадзе нас папракаюць у тым, што мы недастаткова выконваем правы чалавека. Больш за тое, рэпрэсуем людзей, а нашы супрацоўнікі праваахоўных органаў вельмі жорстка дзейнічаюць. Прытым што ў 2020 годзе людзі выйшлі з лозунгамі аб змене ўлады ў Беларусі. Лічыцца, што любы чалавек можа выйсці на вуліцу і выказаць сваё абурэнне дзеяннямі ўрада і яму за гэта нічога не павінна быць. Але калі 30 гадоў таму нам такія казкі можна было расказваць, то сёння кожны мінак — гэта рэпарцёр. Таму ў нашым распараджэнні дзясяткі, сотні і тысячы фактаў жорсткага абыходжання паліцыі краін Захаду са сваімі грамадзянамі. А на Захадзе людзі выходзяць з нейкімі бяскрыўднымі рэчамі», — сцвярджае Іван Эйсмант.

«У Галандыі зараз разганяюць фермераў. Адкрылі стральбу на паражэнне і забілі маладога хлопца. А ў 2020 годзе ўрад Галандыі асуджаў Беларусь», — сцвярджае кіраўнік БТ. 

Што не так з гэтымі заявамі? 

Па-першае, антыўрадавыя пратэсты — абсалютна нармальная рэч для любой дэмакратычнай і цывілізаванай краіны. У любым грамадстве заўсёды знойдзецца частка людзей, якая будзе незадаволеная дзеяннямі ўрада і будзе гатовая супраць гэтага ўрада пратэставаць.

Выступаць з лозунгамі аб змене ўлады — абсалютна нармальна. Нават у дэмакратычных краінах, дзе, у адрозненне ад лукашэнкаўскай Беларусі, галасы рэальна лічаць, а грамадзяне з розных груп маюць палітычнае прадстаўніцтва ў органах улады. І жыхары дэмакратычных краін могуць абсалютна свабодна пратэставаць і выступаць за змену ўлады на мітынгах, і іх ніхто не будзе караць, калі яны не парушаюць нормаў грамадскай бяспекі і не чыняць гвалт у дачыненні да сілавікоў. 

Паліцыя і праўда можа сілай разганяць пратэсты, але толькі ў выключных выпадках: калі пратэстоўцы паводзяць сябе агрэсіўна з небяспекай для людзей альбо калі яны перашкаджаюць працы крытычна важнай для функцыянавання дзяржавы інфраструктуры. 

Ніхто ў Еўропе не карае за сам факт выхаду на пратэсты — калі і караюць, то толькі за канкрэтныя дзеянні, якія нясуць пагрозу грамадскай бяспецы. Ніхто ў Нідэрландах, як у Беларусі, не грабе людзей у турму за налепку на машыне з нацыянальным гербам, за фіранкі колеру апазіцыйнай партыі, за каментары ў сацсетках ці за дэманстрацыю па праезнай частцы дарогі. Ніхто не абвінавачвае людзей ў тым, што яны імкнуцца «змяніць уладу шляхам выбараў». 

Падчас пратэстаў галандскіх фермераў, пра якія кажа Эйсмант, пратэстоўцы выкарыстоўвалі трактары ды іншую сельскагаспадарчую спецтэхніку для блакавання магістраляў дзяржаўнага значэння і пікетавання аэрапорта. Нічога падобнага ў Беларусі падчас пратэстаў 2020—2021 гадоў у прынцыпе не было. Пратэсты за сумленныя выбары і дэмакратыю ў Беларусі былі нашмат больш мірнымі, чым эканамічныя пратэсты галандскіх фермераў. 

Акрамя таго, мясцовыя галандскія ўлады нават заплюшчвалі вочы на падобныя акцыі фермераў і нават дазвалялі ім пікетаваць аэрапорт (пры ўмове, што пікетоўшчыкі не будуць блакаваць узлётныя палосы для медыцынскіх верталётаў з органамі для трансплантацыі). Паліцыя зрабіла некалькі стрэлаў падчас пратэстаў фермераў у Нідэрландах толькі тады, калі некаторыя з пратэстоўцаў на сваіх трактарах хацелі наехаць на паліцэйскіх і іх тэхніку. 

Больш за тое, Эйсмант хлусіць, калі кажа, што паліцыя «забіла маладога хлопца». Ніхто падчас інцыдэнту не пацярпеў

Акрамя таго, у дэмакратычных краінах любое выкарыстанне зброі сілавікамі на акцыях пратэсту становіцца аб’ектам дбайнага расследавання, парламенцкіх дэбатаў, і калі будзе даказана, што паліцыя выкарыстала зброю незаконна — гэта можа каштаваць міністру ўнутраных спраў партфеля альбо ўвогуле прывесці да адстаўкі ўрада. Каласальны кантраст з лукашэнкаўскай Беларуссю, дзе ўлады не паклапаціліся нават пра імітацыю расследавання смерці Рамана Бандарэнкі, не кажучы ўжо пра сапраўднае расследаванне. 

Беларуская прапаганда паслядоўна дыскрэдытуе сілавыя структуры дэмакратычных краін для таго, каб апраўдаць беззаконне лукашэнкаўскіх сілавікоў і пераканаць беларусаў у тым, што дэмакратыі няма нідзе: не толькі ў Беларусі, але і на Захадзе. 

Клас
5
Панылы сорам
37
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
8