Лукашэнка зацвердзіў новую рэдакцыю Кодэкса аб зямлі. Што мяняецца?
Лукашэнка падпісаў закон аб унесенні зменаў у Кодэкс аб зямлі, паведамляе БелТА.
Дакументам прадугледжваецца магчымасць выдзялення грамадзянам зямельных участкаў для будаўніцтва жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах памерам да 1 га.
Замацоўваецца таксама права на набыццё на працягу 5 гадоў зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў землекарыстальнікаў на 1 верасня 2022 года, у прыватную ўласнасць або арэнду тэрмінам на 99 гадоў з унясеннем платы на льготных умовах (з прымяненнем каэфіцыента 0,8 на тэрыторыі Мінска і абласных цэнтраў, 0,5 — на іншых тэрыторыях).
З 8 да 5 гадоў скарачаецца тэрмін, на працягу якога грамадзяне, якія атрымалі зямельныя ўчасткі, што стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, абмежаваныя ў праве распараджэння такімі ўчасткамі і размешчанымі на іх аб'ектамі нерухомасці.
Акрамя таго, палажэнні закона накіраваныя на вырашэнне назапашаных тыпавых праблем у сферы зямельных адносін. У прыватнасці, дапускаюцца раздзелы зямельных участкаў, выдзеленых для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакаваных жылых дамоў, іншых капітальных будынкаў да завяршэння будаўніцтва, змяненне мэтавага прызначэння і межаў такіх участкаў пры ўмове іх выкупу ў прыватную ўласнасць або ўнясення платы за права арэнды тэрмінам на 99 гадоў і захавання шэрагу іншых патрабаванняў.
Законам рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з самавольна занятымі зямельнымі ўчасткамі і самавольным будаўніцтвам.
Аблвыканкамы надзяляюцца правам з улікам мясцовых умоў і эканамічнай эфектыўнасці на вызначэнне населеных пунктаў і іншых тэрыторый, дзе зямельныя ўчасткі выдзяляюцца без правядзення аўкцыёну.
Уводзіцца магчымасць уключэння непрыдатных для іншага выкарыстання зямель у межы населеных пунктаў альбо ўтварэння на такіх землях новых сельскіх населеных пунктаў, у тым ліку хутароў.
Таксама законам узмоцненая роля мясцовых органаў улады па рэгуляванні зямельных адносін, навядзенні парадку на зямлі і вырашэнню зямельных спрэчак.
Каментары