Пра смерць напісаў у Фэйсбуку Вітаўт Руднік.
«Сёння ўначы пасля цяжкай хваробы адышла ў лепшы свет наша Вера Васілеўна Кунцэвіч. За апошнія дзесяцігоддзі мала якое культурніцкае беларускае мерапрыемства ў Гародні абыходзілася без удзелу Хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына», які яна стварыла і паставіла на ногі, зрабіўшы вядомым на ўсю Беларусь.
Вера Кунцэвіч была таксама адной з удзельніц ініцыятыўнай групы па стварэнні нашага «Універсітэта залатога веку». Вяла ў нас «Беларускія вячоркі», стварыла хор «УЗВышша», які існуе да гэтага часу, ініцыявала правядзенне «Гукання вясны» ды іншых культурніцкіх імпрэз УЗВ.
Светлы і таленавіты чалавек, які ў нармальнай краіне даўно быў бы ўшанаваны шматлікімі ўзнагародамі, які ўсё жыццё марыў, каб Беларусь урэшце стала вольнай, каб мова і культура нашыя зберагаліся і развіваліся…
Спі спакойна, дарагая наша Вера Васілеўна. Дзякуй за ўсё!» — напісаў ён.