Гродзенская турма.

Гродзенская турма.

Нашы суразмоўцы адразу папярэджваюць, што траты ва ўсіх сваякоў розныя: яны залежаць і ад зняволенага, і ад калоніі, і ад магчымасцяў сям'і. Але ж названыя суразмоўцамі лічбы даюць зразумець, пра выдаткі якога памеру ідзе размова.

Першае, пра што кажуць родныя вязняў, — гэта перадачы ды пасылкі з карыснымі рэчамі, а таксама прадуктамі, якія даюць магчымасць крыху разнастаіць рацыён. У месяц на перадачы і пасылкі родныя трацяць каля 500-600 рублёў, але ў некаторых выпадках траты могуць даходзіць да некалькіх тысяч у месяц. 

Частка трат звязаная з тым, каб вязень мог падтрымліваць сувязь з навакольным светам. Большасць зняволеных пішуць лісты, таму родныя мусяць набываць для іх канверты. Яны, у залежнасці ад тыпу, каштуюць недзе ад 70 капеек да амаль 2 рублёў за штуку, але ж канвертаў трэба шмат. Таксама вязні часта выпісваюць сабе газеты ды часопісы:

«Трэба аформіць падпіскі, а гэта можа зрабіць толькі сам зняволены чалавек. Большасць беларускіх выданняў не надта цікавыя, таму трэба патраціцца на нешта лепшае. Каб выпісаць некалькі больш-менш прыстойных, трэба на месяц яшчэ 100-150 рублёў», — тлумачыць муж палітзняволенай.

Магчыма, больш за ўсё грошай у родных вязняў сыходзіць на адвакатаў. Калі казаць пра СІЗА, то адвакат наведвае там чалавека даволі часта, недзе раз на два тыдні. І гэта, як расказваюць, важная крыніца выдаткаў: «Адвакат дапамагае рыхтавацца да суда і проста не расклейвацца, бо іншай сувязі са светам у зняволенага няма». Адзін візіт адваката каштуе 150-400 рублёў.

У выпадку, калі ўнутры СІЗА можна нешта набыць на атаварцы, лепей выдзяляць на гэта яшчэ 50 рублёў на месяц. Гэта варта ўвагі, нават калі ў чалавека і так хапае перадач і бандэроляў. Тое, што канкрэтна можна набыць такім чынам, залежыць ад СІЗА і калоніі. Напрыклад, у СІЗА на Валадарскага год таму не было магчымасці набыць сыры, каўбасы, хлеб, гародніну і садавіну.

Было абмежаванне на пітную ваду: за атаварку можна было набыць не больш за тры літровыя бутэлькі газаванай і тры літровыя бутэлькі негазаванай вады. Пры гэтым атаварка праходзіла два разы на месяц, а вада з-пад крана ў некаторых корпусах Валадаркі дужа хлараваная. Піць яе небяспечна, таму вязні часам наліваюць яе ў кубкі ці бутэлькі і адстойваюць.

Для званкоў зняволенаму патрэбная тэлефонная картка, якую набываюць сваякі. Каштуе яна не надта дорага — самая вялікая па аб’ёму званкоў картка абыходзіцца недзе ў 40 рублёў. 

Пачатак суда азначае ў тым ліку і тое, што выдаткі на адваката рэзка павялічваюцца. На кожны дзень, калі адбываецца пасяджэнне суда, родным вязня трэба падрыхтаваць як мінімум 400 рублёў на адваката.

Калі вязень атрымаў прысуд, звязаны з пазбаўленнем волі, трэба сабіраць яго ў калонію: набываць яму адзенне, бялізну, абутак і рэчы, што спатрэбяцца на новым месцы. Калі зняволенага пераводзяць, напрыклад, у жніўні, лепш яму адразу перадаць цёплыя рэчы, бо калі вязню пазней забароняць перадачы, ён застанецца без належнага адзення на зіму.

Муж зняволенай распавядае, што ў яго на падрыхтоўку жонкі да калоніі сышло недзе 400 рублёў, але папярэджвае: гэта цэны паўгадавой даўнасці.

Адзенне для вязняў-мужчын (роба, целагрэйка і кепка) часам замаўляюць на заказ, бо тое адзенне, якое выдаюць у калоніі, можа мець занадта нізкую якасць. Кошт летняй формы можа скласці недзе 450 рублёў, зімовай — яшчэ даражэй. У калоніі таксама выдаюць пасцельную бялізну, але можна і перадаваць яе. Усё залежыць ад таго, якой якасці прадметы выдаюць.

Кожны месяц у калоніі трэба класці зняволенаму на рахунак хаця б 100-150 рублёў, каб ён мог нешта сабе выпісаць і наведаць атаварку. Важная заўвага: калі чалавек у калоніі, рабіць яму перавод могуць толькі сваякі, але ж калі вязень яшчэ ў СІЗА, гэтая ж форма салідарнасці даступная ўсім неабыякавым. Важна рабіць вязням грашовыя пераводы на гэтым этапе, бо грошамі, атрыманымі да этапу ў калоніі, вязень здолее карыстацца і на новым месцы.

Раз на тры месяцы ў калонію можна дасылаць 50-кілаграмовую пасылку з адзеннем і іншымі патрэбнымі рэчамі. У аднаго з нашых суразмоўцаў на такую пасылку сыходзіць 700-900 рублёў, у другога — каля 600 рублёў, але ў другім выпадку размова ідзе толькі пра прадукты.

Таксама ёсць магчымасць дасылаць 10-кілаграмовыя пасылкі з рэчамі і двухкілаграмовыя бандэролі, яны фармуюцца ў залежнасці ад таго, што чалавеку трэба, але таксама абыходзяцца ў круглую суму. Можна дасылаць медыцынскія перадачы з лекамі, іх змест залежыць да таго, які ў зняволенага стан здароўя, але ў агульным гэта такія ж траты на лекі, як і на волі.

Як і з СІЗА, часам трэба траціцца на адваката, бо ён дапагамае ў выпадку чаго абараніць правы зняволенага. Часцей за ўсё гэта выязны адвакат, адзін візіт якога каштуе каля 400-500 рублёў.

У калоніі ёсць кароткія і доўгатэрміновыя спатканні са зняволеным. Калі размова пра доўгае спатканне, на яго трэба прыехаць з ежай, а гэта яшчэ як мінімум 150 рублёў. Бо трэба купіць не проста ежу на двух чалавек на суткі, але яшчэ і знайсці такія стравы, якімі можна парадаваць вязня. На тое, каб сам сваяк мог даехаць на спатканне і недзе паесці, сыходзіць яшчэ як мінімум некалькі дзесяткаў рублёў.

Калі скласці ўсе лічбы, атрымліваецца наступная карціна.

Месяц знаходжання вязня ў СІЗА каштуе яго родным у сярэднім не менш за 1500 рублёў, месяц у калоніі — у сярэднім не менш за 1000 рублёў, суд можа абысціся родным вязня ў тысячы рублёў.

Калі ж вязень мае патрэбу, напрыклад, у леках, у цёплым адзенні ці ў дадатковых візітах адваката, лічбы выдаткаў, якія і так вялікія для шмат якіх сем'яў, яшчэ больш растуць.

Муж зняволенай падсумоўвае: «Трацяцца не толькі грошы, але і сілы. Калі ты нічога не разумееш, асабліва ў самым пачатку, сутыкацца з усім гэтым дужа складана. Няясна, як ва ўсім разабрацца і што планаваць, і гэта амаль невыносна. Тое, як там пастаянна змяняюцца правілы — гэта проста здзек».

«Хто ведае, навошта жыць, можа вытрымаць любое як». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як выжыць у турме

Журналіст Цыганкоў: Турмы і пакуты не даюць чалавеку нічога. Маці Паўла Севярынца абурылася такімі словамі

Як турма змяняе людзей і што чакае палітвязняў? Вялікі гайд ад псіхолага

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
28
Абуральна
16