Махінатары зарабляюць на форумах анлайн-знаёмстваў, выдаючы сябе за прывабных дзяўчат і выкарыстоўваючы чужыя фатаграфіі, і абяцаюць новым знаёмым незабыўнае спатканне ў кіно ці тэатры.

Каб сустрэча не сарвалася, суразмоўніца рэкамендуе купіць квіткі анлайн і скідвае спасылку на сайт установы, куды прапануе пайсці ўвечары.

Прайшоўшы па спасылцы і спрабуючы купіць квіткі, ахвяра махлярства аказваецца на лічбавай падробцы — фішынгавым сайце, дзе пасля ўводу рэквізітаў плацежных карт з іх спісваецца кругленькая сума: ашуканцы атрымліваюць доступ да сродкаў на банкаўскім пластыку і спусташаюць рахунак.

Спыніць перавод сродкаў уладальнікі карт не паспявалі, і ў сярэднім жадаючыя правесці час у кампаніі сімпатычнай незнаёмкі гублялі адну-дзве тысячы рублёў.

Ахвяр такога віду махлярства ў Беларусі ўжо амаль сотня, яны пражываюць у розных рэгіёнах краіны, і, на думку спецыялістаў, пацярпелых ад дзеянняў зламыснікаў можа быць яшчэ больш. Прычыны, па якіх пацярпелыя яшчэ не звярнуліся да міліцыі, могуць быць розныя: хтосьці не хоча станавіцца пасмешышчам з-за такой сітуацыі, а хтосьці жанаты і не хоча афішаваць спробу адзюльтэру.

У адным з выпадкаў малады чалавек, які спрабаваў купіць квіткі для сябе і новай пасіі, увёў даныя карты, аднак яму прыйшло паведамленне, што замовіць квіткі цяпер немагчыма, а для вяртання ўжо спісаных грошай трэба дадаткова ўвесці даныя якой-небудзь іншай карты. Хлопец выкарыстаў рэквізіты карты сястры, і ў выніку грошы спісалі з абедзвюх карт.

МУС рэкамендуе не праходзіць па прапанаваных незнаёмцамі спасылках, а набіраць адрасы рэсурсаў уручную, а таксама нагадвае, што пры знаёмствах у сеціве варта быць абачлівымі.

Клас
3
Панылы сорам
22
Ха-ха
16
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
11