Трэніроўка ўкраінскіх вайскоўцаў пад камандаваннем брытанскіх інструктараў, 2015 год. Фота: Associated Press

Трэніроўка ўкраінскіх вайскоўцаў пад камандаваннем брытанскіх інструктараў, 2015 год. Фота: Associated Press

На паўднёвым усходзе Англіі ўкраінскія навабранцы вялі вучэбны бой пад кіраўніцтвам брытанскіх камандзіраў у вёсцы, збудаванай для трэніровак.

Брытанскі камандзір у суправаджэнні ўкраінскага перакладчыка выкрыкваў загады. Украінскія прызыўнікі ў камуфляжнай форме праходзілі па вуліцы, засыпанай мінамі, падпаленымі абломкамі і перакуленымі аўтамабілямі. На насілках вынеслі стогнучага «параненага». Баі былі імітацыяй, але гэтым салдатам засталося некалькі тыдняў да сапраўднага бою.

«Падрыхтоўка ў гарадскіх умовах — менавіта тое, што нам трэба», — сказаў 25-гадовы Мікола.

Ён удзельнік амбіцыйнай праграмы Вялікабрытаніі па забеспячэнні вайсковай падрыхтоўкі 10 тысяч байцоў украінскай арміі. Ініцыятыву рэалізуюць вайскоўцы з 11-й брыгады садзейнічання сілам бяспекі, якая спецыялізуецца на навучанні замежных грамадзян. Брытанскія інструктары падрыхтавалі ўжо дзве тысячы ўкраінскіх ваяроў.

Іншыя краіны, уключаючы Канаду, Данію, Фінляндыю, Швецыю і Новую Зеландыю, паабяцалі далучыцца.

Заходнія інструктары навучалі ўкраінскую армію і да нападу Расіі, гэта моцна дапамогло ўкраінцам выстаяць.

Вучэнні ўкраінскіх вайскоўцаў, 2015. Фота: Associated Press

Вучэнні ўкраінскіх вайскоўцаў, 2015. Фота: Associated Press

У сакавіку Расія нанесла ракетны ўдар па Явараўскім навучальным цэнтры каля Львова. Менавіта там інструктары з Вялікабрытаніі, Канады, Латвіі, Польшчы, ЗША ды іншых заходніх краін пачынаючы з 1990-х навучалі ўкраінскіх афіцэраў. Толькі Брытанія навучыла больш за 22 тысячы ўкраінцаў, пачынаючы з 2015 года, у межах праграмы пад назвай «Аперацыя Арбіталь». Яна была прыпыненая непасрэдна перад уварваннем Расіі.

Заходняя баявая падрыхтоўка, на думку экспертаў, адыграла важную ролю ў гэтай вайне.

«Падрыхтоўка, праведзеная краінамі НАТА да пачатку вайны, адыграла вырашальную ролю, — сказаў Джэймі Шы, былы прадстаўнік НАТА, які цяпер з'яўляецца асацыяваным навуковым супрацоўнікам Chatham House. — Украінская армія значна меншая за расійскую, таму якасць навучання лідарскім навыкам і тактыцы павінна была кампенсаваць колькасць».

Паводле яго слоў, з пераходам у новую страшную фазу «вайны на знясіленне», многія з «загартаваных у баях падрыхтаваных войскаў», якім дапамагла заходняя падрыхтоўка, нясуць цяжкія страты. У той жа час у армію мабілізавалі шмат непадрыхтаваных кадраў.

«Мы знаходзімся ў крытычным моманце, — кажа Фрэдэрык Ходжэс, былы камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Еўропе, які цяпер з'яўляецца старэйшым дарадцам арганізацыі Human Rights First. — Для таго, каб пачаць рашучае контрнаступленне, Украіне спатрэбіцца шмат добра навучаных войскаў і фарміраванняў. Менавіта таму тое, што цяпер адбываецца ў Вялікабрытаніі, з'яўляецца важным для таго, каб Украіна ў выніку выйграла гэтую вайну».

Мэта праграмы навучання, па словах Шы, у тым, каб даць навабранцам неабходныя навыкі. «Гэтым навабранцам неабходныя асновы выжывання, каб яны не загінулі ў першы ж дзень і змаглі даведацца, як паводзіць сябе ў баі», — сказаў ён.

Хоць новыя намаганні сканцэнтраваныя на базавай пяхотнай падрыхтоўцы навабранцаў, Вялікабрытанія таксама навучыла сотні ўкраінскіх салдат выкарыстанню больш складанай зброі, напрыклад, сістэмаў залпавага агню, якія яна паставіла Украіне.

Інструктаж для ўкраінскіх вайскоўцаў. Злева — брытанскі інструктар, 2015 год. Фота: Associated Press

Інструктаж для ўкраінскіх вайскоўцаў. Злева — брытанскі інструктар, 2015 год. Фота: Associated Press

У вёсцы Кент у Англіі атрад былых настаўнікаў, інжынераў і бізнесменаў атрымаў мадыфікаваныя аўтаматы Калашнікава, якія яны будуць выкарыстоўваць на фронце. Іншыя неслі супрацьтанкавыя ўстаноўкі, якія называюцца NLAW, тысячы якіх Вялікабрытанія перадала ўкраінцам для барацьбы з расійскай бранятэхнікай. Калі група ўварвалася ў парадныя дзверы аднаго з дамоў, каб прачасаць яго, пачуліся гукі артылерыі.

«Я ніколі не бачыў людзей, якія б так хацелі і былі гатовыя змагацца, — сказаў маёр Крэйг Хатан, шатландзец, камандзір, які кіруе падрыхтоўкай. — Гэта сапраўдны зрэз украінскага грамадства, якое сабралася разам, бо яны сутыкнуліся з сур'ёзнай пагрозай для сваёй радзімы».

Паводле яго слоў, навучанне ўключае лекцыі і палявыя вучэнні, спланаваныя ў супрацоўніцтве з украінскімі вайскоўцамі і прадстаўнікамі разведкі ды накіраваныя на тое, каб пракруціць складаныя сітуацыі, з якімі яны сутыкнуцца ў рэальных баях.

«Усё ў гэтых сцэнарах прадумана, усё максімальна нагадвае поле бою ва Украіне, аж да тыповага колеру аўтамабіляў на вуліцы», — сказаў маёр Хатан.

«Мы знаходзімся на той стадыі вайны, калі нам трэба адваёўваць нашы гарады ў акупантаў», — сказала ўдзельніца курсаў, 34-гадовая Сняжана. Яна поўная рашучасці перадаць усё, чаму яна навучылася, іншым навабранцам ва Украіне. «Брытанскія афіцэры, якія навучаюць нас, выпрабавалі гэтую тактыку ў Іраку і Афганістане — і гэта нам карысна».

«Ніхто не хоча паміраць», — кажа адзін з навабранцаў, Захар. Да мабілізацыі ён працаваў прарабам, ягоны брат таксама на фронце, а яшчэ ён хоча адпомсціць за жыццё свайго найлепшага сябра, які загінуў у баі.

«Я хачу, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў свабоднай і квітнеючай, незалежнай краіне», — сказаў ён.

Клас
57
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
8