Былы палітвязень парэзаў сабе жывот, каб яго не дэпартавалі ў Беларусь — праваабаронцы
Юрый Касцюк адбыў адзін тэрмін, а пасля таго, як на яго завялі новую крыміналку, спрабаў уцячы праз Расію, дзе яго затрымалі. Пра яго лёс паведамляе Dissіdentby.
Юрый Касцюк — хлопец з Брэста, быў асуджаны на 1 год хіміі за сарваны чырвона-зялёны сцяг (гэта кваліфікавалі як «знявагу дзяржаўных сімвалаў»). З-за «парушэнняў» канец тэрміну правеў у калоніі. Пасля быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ па новым крымінальным артыкуле — магчыма, за ўдзел у зачыненым чаце «Валейбол па выходных», дзе знаходзіліся іншыя палітвязні і абмяркоўвалі ўмовы ўтрымання. Юрый быў арыштаваны на 15 дзён, яго збілі і пашкодзілі рэбра.
Пасля таго, ён паспрабаў пакінуць Беларусь. 15 мая пры спробе выехаць у Ерэван з Расіі ён быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА.
З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак, Юрый вырашыў абскардзіць рашэнне. 13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі.
Як паведамляюць праваабаронцы, яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце хлопец спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і незаконную экстрадыцыю. Яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання іншаземных грамадзян, дзе ён зняў пабоі.
15 кастрычніка, сёння, павінна была адбыцца сустрэча з адвакатам, але прыставы вывезлі Юрыя ў невядомым накірунку. Адваката не дапускаюць і не даюць азнаёміцца з дакументамі.
Каментары