«Нам трэба перажыць зіму»: украінскія ўлады заклікалі ўцекачоў пакуль не вяртацца ў краіну
Міністр рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заклікала ўкраінцаў, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, не вяртацца дадому да вясны. Гэта неабходна, каб не павялічваць нагрузку на электрасетку.

«Буду прасіць не вяртацца, нам трэба перажыць зіму. На жаль, сеткі не вытрымаюць, вы бачыце, што робіць Расія. Калі ёсць магчымасць — застаньцеся перазімаваць за мяжой», — сказала яна.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія, атакуючы крытычную інфраструктуру, разбурыла ўжо траціну ўкраінскага энергетычнага сектара.
Пачынаючы з 10 кастрычніка, Расія пачала сістэматычна наносіць ўдары па электрастанцыях і іншай крытычнай інфраструктуры ва Украіне. У выніку ўкраінскія ўлады вымушаныя былі ўвесці абмежаванні спажывання электраэнергіі.
Адключэнні адбываюцца па чарзе і доўжацца не больш за чатыры гадзіны ў кожным канкрэтным раёне.
Украінцаў таксама зноў заклікалі мінімізаваць выкарыстанне электраэнергіі ў вячэрнія гадзіны пік, гэта значыць з 17:00 да 22:00. У гэты час абмежаванні будуць самымі строгімі, у некаторых гарадах абяцаюць часткова адключыць вулічнае асвятленне.
Каментары