Святкаванне Новага года ў санаторыі «Нарач». Фота: sannaroch.com.
Паводле слоў Генадзя Балбатоўскага, дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, на перыяд навагодніх святаў ужо забраніравана больш за 60 % месцаў у беларускіх здраўніцах, сярод якіх 45 % раскупілі замежныя грамадзяне (не пытайце, якія).
«Наша Ніва» паглядзела, што цікавага прапануюць айчынныя санаторыі на святочны перыяд, ці сапраўды такі вялікі попыт і колькі каштуюць кароткатэрміновыя пуцёўкі на канікулы.
«Пліса». Беларускія зоркі і шэф-кухары
У прыазёрным санаторыі «Пліса», нягледзячы на яго небюджэтнасць, ужо распрададзеныя ўсе нумары ад 29 снежня па 6 студзеня.
Да гэтага на зімовых вакацыях тут абяцалі стварыць навагоднюю казку, якая падорыць незабыўныя эмоцыі. У саму ноч Новага года гасцей чакае гала-вячэра са стравамі ад шэф-кухараў і песнямі ад зорак беларускай эстрады. Хто з апошніх будзе спяваць у санаторыі, пакуль невядома. Там адказалі, што праграма выступаў яшчэ ў распрацоўцы, і афіша навагодняга банкету з'явіцца пазней.
Навагодніх цэннікаў на сайце санаторыя не засталося, але ж мы знайшлі іх у адной з расійскіх турфірм — ад 5867 расійскіх рублёў, або трошкі больш як 235 беларускія за суткі з чалавека. Праўда, невядома, ці ўваходзіць у цану кошт банкету.
«Альфа Радон». Баль з маскамі і сакрэтная праграма
Святочная праграма ў гэтым санаторыі прэміум-класа яшчэ больш таямнічая, чым у папярэднім. На сайце здраўніцы паведамляюць, што там пройдзе навагодні баль-маскарад і абяцаюць незабыўную праграму, а таксама выдатнае харчаванне, СПА і медыцынскія паслугі.
Забраніраваць нумар у Дзятлаўскім раёне на святочны перыяд магчыма ад 3 сутак. Цана для беларусаў на гэты перыяд за дваіх — ад 1776 рублёў, для расіян даражэй — ад 1858. Некаторыя нумары на перыяд ад 31 снежня па 3 студзеня ўжо забраніраваныя.
«Лясное»
Санаторыя знаходзіцца на памежжы Віцебскай і Мінскай абласцей. Установа, якую курыруе КДБ, прапануе тыднёвы навагодні тур па сустрэчы Новага года (на 8 дзён і 7 начэй). Мінімальная цана на аднаго беларуса за суткі — 195 рублёў, за ўвесь перыяд — 1365. Для расіян — 215 і 1507 адпаведна.
Адзін з нумароў санаторыя КДБ. Фота: sanlesnoe.by.
Калі купляць поўны тур, то ў цану ўваходзіць пражыванне, харчаванне, навагодні банкет з забаўляльнай праграмай, кансультацыя касметолага і тэрапеўта, пітное лячэнне мінеральнай вадой, штодзённае карыстанне басейнам, спартыўнай і трэнажорнай заламі, два сеансы фінскай саўны і дзве працэдуры крыя— або інфрачырвонай сауны.
«Лясныя азёры». Рускае кіно і дыскатэка СССР
Неадназначную навагоднюю праграму прапануе санаторый, што знаходзіцца ва Ушацкім раёне: падаецца, што такія забавы больш прывабяць савецкіх людзей, а не сучасных.
Навагоднія заезды адкрытыя, але абмяжоўваюцца датамі: 25-30 снежня, 3-7 студзеня. Мінімальная працягласць па аздараўленчым туры — 4 ночы. Санаторна-курортныя пуцёўкі — ад 6 начэй.
«31 снежня — 2 студзеня засяленне/высяленне немагчымае», — адразу пазначаецца на сайце арганізацыі.
Так выглядаюць мерапрыемствы ў «Лясных азёрах». Фота: lesnyeozera.com.
У навагоднюю ноч тут пройдзе банкет з гульнямі, конкурсамі, танцамі і феерверкамі. У іншыя дні — экскурсія на мемарыяльны комплекс «Прарыў», кінапрагляды (у асноўным рускіх навагодніх фільмаў), канцэрт артыстаў беларускай эстрады і дыскатэка СССР.
Пасля ўдакладнення высветлілася, што на канцэртах запланаваныя выступленні Ігара Задарожнага, Вадзіма Паўроза, ансамбля «Гуляй, казак», народнага ансамбля «Харошкі», Вячаслава Статкевіча і іншых.
Падчас зімовых святаў суткі ў «Лясных азёрах» каштуюць мінімум 90 рублёў за аднаго. За навагодні банкет прыйдзецца плаціць асобна — 130 рублёў.
«Беларусачка». Юшка і цыганскія танцы
Гэты санаторый знаходзіцца ўсяго за чатыры кіламетры ад Мінска, побач з вадасховішчам Дразды, але ж выглядае ён зусім не па-сталічнаму. Каб трапіць сюды на Новы год, трэба забраніраваць мінімум 7 начэй.
Пуцёўкі, у якія ўключана і лячэнне, каштуюць ад 924 рублёў за дваіх, аздараўленчыя — ад 812. Такія цэны за даты ад 30 снежня па 7 студзеня. Членам прафсаюзаў зніжкі, але ж за банкет трэба будзе даплаціць усім: па 224 рублі з чалавека.
Так выглядаюць бюджэтныя нумары ў «Беларусачцы». Фота: belorusochka.com.
А што па праграме? Яна вельмі разнастайная і стракатая. Караоке, дыскатэкі для дзяцей і дарослых, гульні, канцэрты зорак беларускай эстрады (Новы год без іх не свята).
А так выглядаюць афішы санаторыя. Фота: belorusochka.com.
У санаторыі адказалі, што пакуль не валодаюць інфармацыяй пра імёны артыстаў, акрамя адной — Ганны Благавай, выступ якой заяўлены перад самым Новым годам.
А ў першы дзень 2023 года гасцей «Беларусачкі» пачастуюць рыбнай поліўкай і пакажуць ім цыганскія танцы, а на праваслаўнае Раство ашчаслівяць дэманстрацыяй дакументальных фільмаў «Храмы Беларусі».





