Байдэн абняў Сі Цзіньпіна перад пачаткам першай асабістай сустрэчы двух лідараў
Кітайскі лідар Сі Цзіньпін і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэліся на Балі ў панядзелак для доўгачаканых перамоў, бо адносіны паміж іх краінамі на найніжэйшым узроўні за апошнія дзесяцігоддзі, піша Радыё Свабода.

Лідары ўсміхаліся, цёпла паціскаючы адзін аднаму рукі перад шэрагам кітайскіх і амерыканскіх сцягоў у бальнай зале раскошнага гатэля Mulia ў бухце Нуса-Дуа.
«Проста прыемна вас бачыць», — сказаў Байдэн Сі Цзіньпіну, абняўшы яго і дадаўшы ў выступленні перад журналістамі, што ён імкнецца падтрымліваць адкрытыя сувязі на асабістым і дзяржаўным узроўні.
«Я лічу, што як лідары нашых дзвюх краін мы падзяляем адказнасць за тое, каб паказаць, што Кітай і Злучаныя Штаты могуць даць рады нашым рознагалоссям, не дапусціць, каб канкурэнцыя… перарасла ў канфлікт, і знайсці спосабы сумеснай працы ў неадкладных глабальных пытаннях, якія патрабуюць нашай узаемнай працы».
Байдэн назваў змену клімату і адсутнасць харчовай бяспекі праблемамі, вырашэння якіх свет чакае ад дзвюх дзяржаў.
У адказ Сі сказаў, што адносіны паміж іх краінамі не адпавядаюць глабальным чаканням.
«Таму нам трэба намеціць правільны курс для кітайска-амерыканскіх стасункаў. Нам трэба знайсці правільны кірунак для развіцця двухбаковых адносінаў і ўзняць іх на новы ўзровень», — сказаў Сі.
«Свет чакае, што Кітай і Злучаныя Штаты будуць належным чынам рэгуляваць адносіны», — сказаў ён і дадаў, што з нецярплівасцю чакае сумеснай працы з Байдэнам, каб вярнуць адносіны ў правільнае рэчышча.
Ніводзін з лідараў не меў маскі на твары для абароны ад COVID-19, хоць яны былі ва ўдзельнікаў дэлегацый.
Каментары