«За апошнія тыдні працы ў Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска мы ўстойліва назіраем рост выпадкаў выяўлення грыпу сярод пацыентаў (у тым ліку пацверджаных лабараторна), а таксама бачым выпадкі адначасовай інфекцыі грыпу і COVID-19.

Таму зараз важна разумець наступнае, піша Мікіта Салавей.

1. Пацверджаная тэстамі каранавірусная інфекцыя ніяк не выключае магчымасці адначасовай наяўнасці яшчэ і грыпу, на які таксама ёсць свае тэсты (як экспрэс-выяўленне антыгену віруса, так і ПЛР у рэспіраторных змывах) і сваё спецыфічнае лячэнне.

2. У большасці выпадкаў інфекцыя COVID-19 сёння, асабліва ў раней перахварэлых і вакцынаваных, працякае адносна лёгка ў выглядзе звычайнага рэспіраторнага захворвання, чаго не скажаш пра грып. Для апошняга па-ранейшаму характэрная тыповая клініка.

3. Грып адрозніваецца практычна заўсёды высокай ліхаманкай (38—39 градусаў і вышэй) і выяўленай інтаксікацыяй з адносна спецыфічнымі сімптомамі (агульная слабасць, разбітасць, болі ў цягліцах, суставах, моцны галаўны боль, святлабоязь, болі пры руху вочных яблыкаў, слёзы). Ліхаманка і інтаксікацыя пры грыпе без лячэння можа захоўвацца ад 3 да 5 дзён.

4. Паражэнне дыхальных шляхоў пры грыпе праяўляецца надсадным сухім кашлем, дыскамфортам і болямі за грудзінай і часцей за ўсё позніцца ў параўнанні з ліхаманкай і інтаксікацыяй, з'яўляючыся праз суткі і больш ад павышэння тэмпературы. У часткі пацыентаў могуць таксама быць кароткачасовыя эпізоды млоснасці, ваніты, вадзяністай дыярэі, болі ў жываце нароўні з прыкметамі паражэння рэспіраторнага тракту, якія часта падобныя да кішэчнай інфекцыі.

5. Грып небяспечны сваімі ўскладненнямі, якія асабліва часта рэгіструюцца ў групах рызыкі:

— дзеці да 2 гадоў, дарослыя ад 65 гадоў;

— цяжарныя жанчыны на любым тэрміне і парадзіхі на працягу 2 тыдняў пасля родаў;

— пацыенты з практычна любымі хранічнымі захворваннямі: бронхалёгачнымі, сардэчна-сасудзістымі (выключаючы ізаляваную артэрыяльную гіпертэнзію), метабалічнымі, неўралагічнымі, гематалагічнымі, хранічнай хваробай нырак, цырозам печані, злаякаснымі пухлінамі;

— імунакампраметаваныя пацыенты (хіміятэрапія, працяглы прыём глюкакартыкастэроідаў, прасунутыя стадыі ВІЧ і г. д.);

— пацыенты з паталагічным атлусценнем (індэкс масы цела большы за 40);

— асобы, якія пастаянна пражываюць у дамах-інтэрнатах, установах працяглага догляду.

6. Большасць пацыентаў з няўскладненым грыпам можа паспяхова лячыцца амбулаторна. Абавязкова шпіталізуюцца пацыенты з:

— высокай тэмпературай на працягу трох дзён і больш, дрэнным зніжэннем стандартных дозаў гарачкапаніжальных лекавых сродкаў (парацэтамол, ібупрафен, іх спалучэнні);

— дыхавіцай пры невялікай фізічнай актыўнасці або ў спакоі, цяжкасцю дыхання;

— сінюшнасцю скурных пакроваў і слізістых;

— наяўнасцю крывяністай макроты, стойкіх боляў у грудзях;

— выяўленым змяненнем псіхічнага статусу (узбуджэнне або паталагічная санлівасць);

— пакутлівым бесперапынным сухім кашлем (часта маскіруючым дыхавіцу);

— выяўленым зніжэннем артэрыяльнага ціску ніжэй за звыклыя лічбы.

7. У Беларусі ёсць адзіны супрацьвірусны сродак, які валодае супрацьгрыпозным дзеяннем, і гэта — асельтамівір (вядомы пад гандлёвымі назвамі розных вытворцаў як таміфлю, флустоп, асельтамівір, асельтамівір-ЛФ, флукапс).

Яго выкарыстоўваюць і ў дарослых, і ў дзяцей з 2-га тыдня жыцця як мага раней ад пачатку грыпу (ініцыяцыя лячэння ў першыя 48 гадзін дазваляе абарваць развіццё інфекцыі і забяспечвае хуткае выздараўленне практычна ва ўсіх пацыентаў). Асельтамівір адносіцца да безрэцэптурных прэпаратаў, аднак варта памятаць, што ён эфектыўны толькі пры грыпе і не аказвае ніякага ўплыву на іншыя вірусныя ўзбуджальнікі, уключаючы каранавірусы.

8. Усе іншыя лекавыя сродкі, у тым ліку імунамадулятары, пазіцыянуемыя некаторымі вытворцамі як супрацьгрыпозныя (арбідол, інгавірын, цыклаферон, віферон, грапрынасін і г. д.), не валодаюць даказанай эфектыўнасцю, не вывучаліся ў даследаваннях высокай ступені доказнасці і не павінны прызначацца для лячэння грыпу. Іх няма ў міжнародных пратаколах лячэння грыпу і ў клінічных пратаколах па інфекцыйных захворваннях у Рэспубліцы Беларусь.

9. Рымантадзін раней шырока ўжываўся для лячэння грыпу, аднак сёння ён не эфектыўны для лячэння цыркулюючых у папуляцыі варыянтаў грыпу з прычыны прыроднай і набытай устойлівасці да яго ўзбуджальніка.

10. Усе цяжарныя з грыпам пры любым трыместры цяжарнасці павінны атрымліваць асельтамівір як мага раней ад з'яўлення першых прыкмет захворвання. Мноства праведзеных буйных даследаванняў не прадэманстравалі якога-небудзь негатыўнага ўплыву асельтамівіра на працягу цяжарнасці і на дзіцё. У той жа час грып без супрацьвіруснай тэрапіі можа асабліва цяжка працякаць у другім і трэцім трыместрах цяжарнасці ці выклікаць праблемы развіцця пры захворванні ў першым трыместры.

11. Пры лячэнні грыпу вельмі важны адэкватны пітны рэжым (аналагічна — пры лячэнні COVID-19). Гэта дазваляе істотна паменшыць сімптаматыку хваробы (у тым ліку выяўлены галаўны боль) і пазбегнуць ускладненняў. Сутачная патрэба ў вадкасці складае 20—30 мл/кг вагі + 10 мл/кг на кожны градус павышэння тэмпературы цела звыш 37 градусаў. Не здзіўляцца, але пры ліхаманцы да 39,0—40,0 градусаў некалькі дзён сярэдняму даросламу пацыенту часам сумарна патрабуецца да 4,0—5,0 літраў вадкасці на суткі. Піць можна чай, сокі, пітную і мінеральную ваду раўнамерна на працягу сутак. Паказчык адэкватнага спажывання вадкасці — адсутнасць смагі, рэгулярнае мочавыдзяленне, колер мачы бліжэй да празрыстага.

12. Антыбіётыкі пры грыпе без напластавання бактэрыяльнай інфекцыі не прынясуць ніякай карысці, але павялічаць рызыку развіцця пабочных эфектаў, у тым ліку антыбіётык — асацыяванай дыярэі, якая спрыяе яшчэ большаму абязводжванню чалавека. Рашэнне аб даданні антыбіётыкаў пры лячэнні грыпу павінна прымацца толькі доктарам на аснове выяўлення ім прыкмет далучэння бактэрыяльнай інфекцыі.

13. Штогод неабходна працягваць вакцынавацца супраць грыпу, так як цыркулюючыя варыянты ўзбуджальніка пастаянна мяняюцца, а абарона пасля папярэдніх супрацьгрыпозных вакцынацый паступова слабее. Вакцынацыя і супраць COVID-19, і супраць грыпу абавязковая ўсім асобам з групы рызыкі па цяжкім і ўскладненым цячэнні грыпу і цяжарным і пажадана ўсім астатнім.

14. Вакцынацыя супраць грыпу можа працягвацца нават падчас цыркуляцыі дадзенага віруса ў папуляцыі людзей.

Аднак аптымальна яе выконваць яе загадзя, так як для выпрацоўкі адэкватнага імуннага адказу неабходна ў сярэднім 14 дзён. Пры гэтым нават частковы імунітэт праз некалькі дзён пасля ўвядзення вакцыны можа аслабіць сімптаматыку і паменшыць верагоднасць ускладненняў грыпу, калі чалавек усё ж захварэў.

Клас
32
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
11
Абуральна
16