Дэндзі беларускай апазіцыі. Што можна сказаць пра вінтажны пухавік Пазняка
Днямі кіраўнік КХП-БНФ Зянон Пазняк наведаў прыфрантавы Бахмут, дзе сустрэўся з байцамі палка Каліноўскага. Паездка ўскалыхнула сацыяльныя сеткі — абмяркоўвалі не толькі сам візіт, але і вінтажны пухавік палітыка.
Зянона Пазняка можна аднесці да палітычных доўгажыхароў: яго зорка ўзышла пры канцы 80-х гадоў. Многія выступленні Пазняка становяцца віруснымі. Імёны, якія згадваюцца ў прамовах Зянона Станіслававіча, час ад часу мяняюцца, нязменным застаецца толькі адно — стыль беларускага дзеяча.
Дэндзі беларускай палітыкі 90-х
Зянон Пазняк займае вельмі значнае месца ў шэрагах «старой» беларускай апазіцыі, аднак найбольшы ўплыў на палітычны ландшафт краіны ён аказваў з канца васьмідзясятых да моманту сваёй эміграцыі ў 1996 годзе. Менавіта ў гэты перыяд сфармаваўся звыклы вобраз палітыка — вывераны, ахайны, смелы.
У пачатку 90-х ён апранаўся не проста модна — ён меў добры густ: міксаваў складаныя прынты кашуль і гальштукаў, насіў берэт і трэнчы.
У адрозненне ад многіх калег, ад якіх на той момант усё яшчэ веяла савецкасцю, Пазняк нагадваў хутчэй заходняга дыпламата, чым слугу народа мясцовага разліву.
Да выбараў 1994 года Пазняк падышоў з іміджам інтэлігента, які клапоціцца пра культурнае адраджэнне Беларусі. Лукашэнка меў іншы імідж — агрэсіўнага і напорыстага папуліста.
Розніца ў пасылах добра бачная на агітацыйных плакатах таго часу: Пазняк у гальштуку з беларускім арнаментам і лёгкай усмешкай на фоне Лукашэнкі са сціснутымі рукамі на пярэднім плане, якія трансліруюць гатоўнасць да рашучых дзеянняў.
Аднак няўдача на выбарах не пагасіла энтузіязму палітыка. Пазняк выступаў у ролі процівагі да новай улады, а яркі стыль, сфармаваны ў тыя гады, стаў візітнай карткай, якую ён эксплуатуе дагэтуль.
Разумная беражлівасць
У публічнай прасторы можна сустрэць гісторыі пра беражлівасць Зянона Станіслававіча і пра яго аскетычны падыход да гардэробу. Аднак рэч не толькі ў беражлівасці. Уражанне, быццам «адзенне Пазняка пераехала з дзевяностых», узнікае дзякуючы тонкаму чуццю палітыка.
Кожны грамадскі дзеяч ведае, что паспяховы імідж — важны інструмент: ён дапамагае стаць вядомым і дазваляе замацавацца ў грамадскім дыскурсе.
Нават знаходзячыся ўнутры краіны, дабіцца вядомасці дастаткова складана, не кажучы пра пазнавальнасць пасля чвэрцьвекавой эміграцыі. Таму «закансерваваць» і падтрымліваць стыль, добра знаёмы электарату, — найлепшае рашэнне, якое свядома ці інтуітыўна прыняў Пазняк.
(гартайце ніжэй, каб прачытаць працяг)
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬТак, у гардэробе Зянона Станіслававіча мы можам знайсці рэчы, да болю падобныя адна да адной, якія па стылі нагадваюць адзенне яго залатых часоў. Напрыклад, як гэтыя зялёныя кашулі.
Або нязменная палоска ў спалучэнні з акцэнтным гальштукам.
Пазняк добра ведае густы сваёй аўдыторыі. Ён адаптуе свой стыль да розных сітуацый: там, дзе трэба прадэманстраваць палітычную вагу і паспяховасць, ён выбірае цалкам сучасны смарт-кэжуал з акцэнтам на важкі залаты гадзіннік.
Дасведчаныя палітыкі, да ліку якіх адносіцца Зянон Пазняк, не баяцца насіць і эканомны вінтаж — гэта таксама адрознівае яго ад многіх іншых публічных персанажаў.
Беларусы павінны прывыкнуць да думкі, што палітыка — гэта звычайная праца, якая павінна быць аплачана. І на свой заробак палітыкі маюць права купляць усё, што заўгодна.
Візіт Зянона Пазняка ва Украіну. Што вядома і хто яго суправаджае
-
Беларускам прапаноўваюць віп-шопінг са стылісткай у Італіі. Бонус — інвалід першай групы ў кампаніі. Навошта?
-
«Каб дзеці не выглядалі, як маленькія чыноўнікі». Дызайнерка падказвае, як выбраць школьную форму з каталога «Беллегпрама»
-
Стрыжак здзівіў сваім яркім касцюмам з Super Mario. Дзе ён яго ўзяў?
Каментары