Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Польшча: туга па пельменях, журавінах у цукры і чыпсах Lay’s з крабам

  • Не стае мяккага тварагу і зефіру. Нармальнага горкага шакаладу, а не масла з цукрам. Нармальных пельменяў і сыркоў плаўленых. Печаныя піражкі — рэдкасць.
  • У Польшчы ў цэлым прадуктовыя крамы раздражняюць. Замала разнастайнасці ў шакаладзе і ласунках, сумую па бабруйскім зефіры.
  • Што радуе, дык гэта свежы хлеб і цэны на садавіну/гародніну; гарбаты, напоі. Думаю, такіх пазіцый шмат, адразу і не згадаць. Але выснова такая: усё ёсць — выбару няма.
  • Селядзец у крамах кіслы або вельмі воцатны. Тое ж самае з марынадамі — калі купляеш грыбы, то ўсё роўна будзеш есці воцат без смаку грыбоў. Альтэрнатыва — селядзец «po gryficku» ад фірмы Kapitan Navi ў «Бядронцы» або «а-ля маціяс» у «Ашане», дастаўка «Фрыска».
  • Задзяўбалася, пакуль знайшла нармальны кефір у літровых слоіках без камякоў. Цяпер бяру натуральны кефір фірмы Pilos у Lidl і Auchan, смакам такі ж, як беларускі.
  • Тварожныя сыркі, падобныя да нашых, тут удалося знайсці не адразу. Я бяру «Магію» ў «Ашане» або «Karums» у «Бэст Маркеце».
  • Смешна гучыць, але мне смачнага марожанага не стае. Як наш «Каштан», напрыклад.
  • Сумую па журавінах у цукры, чыпсах Lay’s з крабам і шашлыком. Кажуць, такія чыпсы перыядычна ў «Жабцы» бываюць, але мне не трапляліся пакуль.
  • А я дагэтуль прывожу з Гродна 10 боханаў хлеба чорнага і кладу іх у маразільнік. Пасля размарозкі смакавыя якасці не губляюцца. Толькі жонка лаецца, што палову маразільніка заняў. 

Славенія: няма салёнай рыбы і жоўтага колатага гароху

  • У продажы ў звычайных крамах адсутнічае жоўты колаты гарох. Можна задурыць сабе галаву паездкай у «рускую» краму, але не факт, што там будзе. Мне прывозяць кубікі Лідскага гарохавага супу «ў падарунак» з РБ. Гэта та-а-ак смачна!
  • Яшчэ няма салёнага сала, толькі вэнджанае. Муж пакутуе. Засаліць самой не варыянт, тут сала няма наогул. І яшчэ няма нармальных салёных бочкавых селядцоў (маўчу пра салаку і кільку). Возяць штосьці нямецкае, але гэта зусім не тое і даволі дорага. 
  • «Маціяс» можна купіць па 3-4 еўра за маленькую ўпакоўку, але я яе не люблю. Таму селядзец пад шубай апошнія 5 гадоў у нас з… сёмгай або ласосем хатняга пасолу. 
  • Салёную рыбу славенцы не ядуць, яна для іх «сырая». Ядуць смажаную, печаную, вэнджаную, вараць рыбны суп. Наогул, тут «мясная» краіна. Мяса шмат, рыбы мала і яна дарагая, хоць і мора побач.

Літва/Германія: дарагі кефір

  • У Літве крыху вузейшы выбар шматкоў (тых, з якіх кашы вараць) — прасяныя, кукурузныя можна знайсці толькі ў крамах здаровага харчавання накшталт LivIn, па адпаведных цэнах. Крыху дзіўна, бо і прасяная, і кукурузная крупы ёсць у любой краме. І іншыя шматкі: рысавыя, грачаныя, не кажучы ўжо пра аўсянку і розныя віды мульцізерневых — ёсць усюды. Таксама не знайшоў круглазерневага рысу а-ля краснадарскі або нямецкі Milchreis — замест яго купляў рысавыя шматкі.
  • З астатнімі звыклымі прадуктамі (малако, чорны хлеб, нават глазураваныя сыркі) у Літве лепш, чым у Беларусі, хоць хлеб і значна даражэйшы. 
  • Цяпер я ў Германіі, тут ужо са звыклымі прадуктамі троху складаней. Са шматкоў — аўсянка розных варыянтаў і мільён гатункаў мюслі. Грачаныя, рысавыя, прасяныя, мульцізерневыя шматкі — толькі ў якасці здаровай ежы, нароўні з амарантам і шматкамі з кіноа (ну і, здаецца, у рускіх крамах штосьці ёсць — пакуль не дайшоў). Затое ёсць Milchreis. 
  • Чорнага заварнога хлеба, нашталт беларускага «Чараўніка», тут пакуль не бачыў, але не асабліва шукаў. 
  • Кефір ёсць добры, толькі даволі дарагі — ад 1 еўра за 0,5 л. Тварог таксама ёсць, і таксама дарагі — 1,5 еўра за 250 грамаў. Нават пару відаў глазураваных сыркоў ёсць у Lidl, па 69 цэнтаў.
  • Пасля Літвы — на дзіва дарагая рыба, кілаграм стэйкаў з ласося за 7-8 еўра не купіш, мінімум 20-25. 

Канада: бочкавыя салёныя гуркі — толькі ў адной краме

  • Мне ў Канадзе не стае салёных агуркоў з бочкі. У выніку знайшоў іх толькі ў адной краме, але яны бываюць не заўсёды.
  • Купляю ў мясцовым супермаркеце. Але я бачыў гэтыя агуркі ў краме з «украінскімі» таварамі. Мне да «ўкраінскай» крамы доўга дабірацца.
  • Квашаную капусту бачыў побач з тымі агуркамі. На сала не звяртаў увагі. Але я гэтыя прадукты не люблю.

Сербія: няма нармальнага тварагу і абляпіхі

  • У Сербіі няма нармальнага тварагу.
  • Селядзец прывозілі ажно з Літвы. Бо калі яго няма, шуба — гэта тое, чаго захацелася ў першую чаргу. Ну і сырнікаў, вядома. 
  • А яшчэ ў Сербіі не ведаюць, што такое абляпіха. Нашай абляпіхавай гарбаты не стае. Знайшлі адну кавяраньку (трымаюць рускамоўныя хлопцы з розных краін, «Акіян Эльзы» любяць слухаць, што прыемна). Дык яны знайшлі абляпіху ў нейкім мястэчку, дзе яе вырошчваюць для касметычных фірмаў. Пароляў і явак не здаюць.

Грузія: не стае разабранай курыцы і добрых малочных прадуктаў

  • Шашлыку нармальнага не стае. Прыходзіцца ў каміне смажыць саматужны.
  • Банальна курыцы разабранай і мяса добрага ў крамах — даводзіцца пашукаць, і ёсць далёка не заўсёды.
  • Сумую па разнастайнасці крутых сумесяў з агародніны.
  • Каўбасныя вырабы… Усё дзіка салёнае. Навучылася сама гатаваць вяндліну, бо крамнай есці не магу.
  • Не стае ў цэлым добрых малочных прадуктаў — пітных ёгуртаў, смятаны.
  • Вельмі не стае вэнджаных яек. Я тут яшчэ не да канца асвоілася, таму пакуль шукаю ў беларускіх крамах звыклую ежу.
Клас
14
Панылы сорам
40
Ха-ха
22
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
12