Функцыя «Адмяніць адпраўку» (Undo Send) у Gmail дазваляе вам адклікаць ліст, які вы толькі што адправілі. Па змаўчанні ў вас ёсць толькі пяць секунд, каб адмяніць адпраўку ліста, які вы маглі адправіць памылкова, перш чым ён будзе дастаўлены атрымальніку.

Пасля таго, як вы націскаеце кнопку адпраўкі, на экране з'яўляецца апавяшчэнне «Ваша паведамленне адпраўлена» (Message sent). У дэсктоп-версіі опцыя з'явіцца ўнізе злева, а на мабільным тэлефоне — у правым ніжнім куце.

Гэта апавяшчэнне таксама змяшчае кнопку «Адмяніць» (Undo), якая дазваляе спыніць адпраўку электроннага ліста і адрэдагаваць яго перад паўторнай адпраўкай або поўнасцю выдаліць.

Вы можаце змяніць стандартную пяцісекундную затрымку адпраўкі ў наладах. Вось як гэта зрабіць:

  • Спачатку адкрыйце Gmail у настольным браўзеры — як ні дзіўна, але гэта адзіны спосаб атрымаць поўнае меню налад.
  • Затым націсніце на значок «Налады» (выява шасцярэнькі ў правым верхнім куце) і перайдзіце да «Праглядзець усе налады» (See all settings).
  • Знайдзіце пункт «Адмяніць адпраўку» (Undo Send).
  • Націсніце на меню, якое з'явіцца, вы нават зможаце выбраць варыянт: 5, 10, 20 або 30 секунд затрымкі. Раім ставіць на максімум: гуляць дык гуляць.
  • Пасля таго, як вы абралі свой варыянт, пракруціце старонку ў самы ніз і не забудзьцеся націснуць кнопку «Захаваць змены» (Save changes).

Хоць гэта і зразумела, але варта адзначыць, што калі электронны ліст ужо быў дастаўлены ў паштовую скрыню атрымальніка (напрыклад, раней ці ўжо пасля 30-секунднай затрымкі), то, натуральна, вы ўжо не зможаце адклікаць яго назад. Акрамя таго, некаторыя паштовыя кліенты, напрыклад, Outlook, могуць не падтрымліваць функцыю «Адмяніць адпраўку», таму будзьце асцярожныя і не спяшайцеся. І галоўнае — памятайце, што нават памылкова адпраўлены ліст не адменіць заўтрашняга ўзыходу сонца і хуткай паразы злачынных тыранічных рэжымаў:)

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0