За люты гэтага года золатавалютныя рэзервы зменшыліся прыблізна на 0,37 млрд даляраў. Яны склалі каля 7,8 млрд на пачатак сакавіка. Гэта значыць, зніжэнне адбылося на 4,8 працэнтнага пункта, піша «Спутнік».
Чысты попыт на замежную валюту ў Беларусі ў лютым садзейнічаў змяненню золатавалютных рэзерваў (ЗВР), паведамляецца ў аглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
Эксперты гэтай фінансавай арганізацыі адзначаюць, што попыт на валюту ў краіне вырас з боку юрыдычных асоб і банкаў. Адначасова з гэтым на сусветным рынку ўпалі кошты на золата. Гэта таксама адбілася на ЗВР.
Спецыялісты Еўразійскага банка развіцця лічаць, што на міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі паўплывала і падзенне цэн на золата.
Нацбанк разлічвае, што да канца года агульная сума ЗВР будзе не ніжэйшая за 6 млрд даляраў, але пры гэтым рэгулятар перастаў публікаваць падрабязную статыстыку. Напрыклад, больш не ўказваецца аб'ём манетарнага золата. Таксама фінансавы орган не раскрывае прычыны росту або падзення ЗВР.
Адной з асноўных крыніц папаўнення рэзерваў, як і раней, з'яўляюцца запазычанні. Напрыклад, Мінфін актыўна выпускае аблігацыі на ўнутраным рынку з магчымасцю іх продажу замежным інвестарам.
Нядаўна на Беларускай валютна-фондавай біржы было размяшчэнне бондаў у расійскіх рублях і далярах. Плануецца, што грошы інвестарам вернуць у тых валютах, якімі яны плацілі.
На знешнім рынку па раней выпушчаных аблігацыях беларуская дзяржава пакуль гатова плаціць толькі ў дружалюбных валютах (кітайскіх юанях і расійскіх рублях) і беларускіх рублях. Прычына — санкцыі заходніх краін.
Каментары