Напад на самалёт РФ у нейтральнай прасторы быў бы абвяшчэннем вайны — пасол Расіі ў ЗША
Пасол Расіі ў ЗША Анатоль Антонаў заявіў, што калі ЗША пачнуць збіваць расійскія самалёты ў нейтральнай паветранай прасторы, гэта будзе роўна аб'яўленню вайны Расіі. Такім чынам ён адрэагаваў на словы сенатара Ліндсі Грэма, які пасля інцыдэнту з беспілотнікам MQ-9 Reaper заклікаў атакаваць самалёты ВПС Расіі ў выпадку пагрозы амерыканскім апаратам.
«Наўмысны напад на расійскі самалёт у нейтральнай паветранай прасторы — не проста злачынства паводле міжнароднага права, але і адкрытае абвяшчэнне вайны найбуйнейшай ядзернай дзяржаве», — сказаў Антонаў.
У аўторак вечарам сенатар ад Рэспубліканскай партыі Грэм заклікаў прыцягнуць Крэмль да адказнасці за катастрофу амерыканскага дрона. Ён раскрытыкаваў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна за недастаткова рашучы адказ на тое, што адбылося з беспілотнікам.
«Калі вы наблізіцеся да амерыканскага абʼекта, які ляціць у нейтральных водах, ваш самалёт павінен быць збіты, — сказаў Грэм у эфіры тэлекампаніі FoxNews у аўторак вечарам. — Што б цяпер зрабіў Рональд Рэйган? Ён бы пачаў збіваць расійскія самалёты, калі яны пагражаюць нашым абʼектам. Амерыканская знешняя палітыка ўпала ніжэй за плінтус».
«Слабасць прыводзіць да правакацый, — дадаў Грэм. — Яны ведаюць, што ім гэта сыдзе з рук».
Вашынгтон сцвярджае, што амерыканскі беспілотнік, які ляцеў над нейтральнымі водамі непадалёк ад Крыма, упаў пасля сутыкнення з расійскім знішчальнікам, які да гэтага скідаў на яго паліва.
Міністэрства абароны Расіі прызнае, што дрон быў перахоплены расійскімі знішчальнікамі, аднак адмаўляе факт сутыкнення і настойвае, што MQ-9 Reaper упаў сам па сабе.
Кіраўніцтва Украіны назвала тое, што адбылося, свядомай спробай Расіі эскаляваць канфлікт.
Начальнікі генштабоў РФ і ЗША Валерый Герасімаў і Марк Мілі, а таксама міністры абароны РФ і ЗША Сяргей Шайгу і Лойд Осцін правялі тэлефонныя перамовы наконт інцыдэнту. Дэталі перамоў не раскрываюцца.
Каментары