Меркаванні1010

«Нашы свецкія людзі — больш прыстойныя і сумленныя за архірэяў, якія даўно забыліся, як павінны рабіць вернікі». Апублікавалі «духоўны запавет» уладыкі Арцемія

Сёння, на саракавіны пасля смерці ўладыкі Арцемія, суполка «Хрысціянская візія» апублікавала ягоны рапарт патрыярху Кірылу, пададзены пасля таго, як Сінод БПЦ прыняў палітычна матываванае рашэнне аб ягоным змяшчэнні з біскупаў. 

У гэтым дакуменце Арцемій спрабаваў (вядома ж, марна) тлумачыць Кірылу, што адбываецца ў Беларусі, засцерагаючы Царкву ад безагляднага служэння ўладам замест служэння Богу. Адказу на рапарт Арцемій прагназавана не дачакаўся, Кірыл ягонаму змяшчэнню не пярэчыў.

«Рызыкнём назваць гэты тэкст запаветам, так як ён уяўляе сабой квінтэсэнцыю перакананняў арцыбіскупа Арцемія», — піша ў кароткім уступным слове да публікацыі рэдакцыя «Хрысціянскай візіі». Падкрэсліваючы, што ён друкуецца ўпершыню.

Тэкст гэты сапраўды важны і красамоўны, таму мы перадрукоўваем яго цалкам:

«Яго Свяцейшаству

Свяцейшаму Кірылу

Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі

архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія

Рапарт

9 чэрвеня 2021 г. No. 9-621/1

Ваша Свяцейшаства!

Лічу неабходным звярнуцца да вас з тлумачэннем маёй пазіцыі ў кантэксце падзей у грамадска-палітычным жыцці Беларусі апошняга часу.

9 жніўня 2020 года ў рэспубліцы прайшлі прэзідэнцкія выбары. Іх падрыхтоўка, правядзенне і абвяшчэнне вынікаў выклікалі шматлікія прэтэнзіі з боку кандыдатаў, іх штабоў, назіральнікаў, прадстаўнікоў медыя і галоўнае — шырокіх мас беларускай грамадзянскай супольнасці. Інфармацыйная прастора імкліва напаўнялася сведчаннямі аб нядопуску і гвалтоўным выдаленні назіральнікаў з участкаў, аб відавочна нерэальным працэнце тых, хто прагаласаваў датэрмінова, аб невыкананні членамі выбарчых камісій прамога патрабавання закона ў частцы вывешвання вынікаў галасавання на ўчастках. У выніку грамадзяне Беларусі як тыя, каму па Канстытуцыі належыць права выбіраць сваю ўладу, адчулі сябе падманутымі і абражанымі!

Падзеі, якія адбыліся пасля закрыцця ўчасткаў, абрынулі ўсіх нас у шок і жах! На людзей, якія выйшлі мірна пратэставаць супраць падману, абрынуліся дубінкі АМАПа, унутраных войскаў, спецназа МУС, паляцелі кулі і гранаты. Краіна застыла ў нямым крыку ад маштабу гвалту і здзекаў! СІЗА на завулку Акрэсціна ў Мінску стала месцам страшных катаванняў, лямант ад якіх чулі ў тым ліку і святары Мінска, якія па-пастырску і па-валанцёрску адгукнуліся на людскую бяду. У Гродне наш кафедральны сабор стаў месцам, дзе святары і свецкія людзі давалі прытулак усім, хто шукаў яго пад покрывам храма, самі рызыкуючы стаць ахвярамі гвалту!

У тыя дні, 14 жніўня, я звярнуўся з пасланнем да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі і да ўсіх людзей добрай волі, дзе прама назваў прычыну таго, што адбылося, — зневажанне праўды! Праўды ў шырокім сэнсе, як праўды Хрыстовай і як прынцыпу, на якім будуе сваё жыццё чалавек, які яе спазнаў! Відавочна, што менавіта адыход ад праўды ў духоўным і ў асабістым жыцці прывёў да трагічных наступстваў і ў грамадзянскім жыцці маёй (можна — нашай) краіны!

Гэта пасланне і мая пропаведзь 16 жніўня ў кафедральным саборы былі адзінымі публічнымі выказваннямі на гэтую тэму. І разам з духавенствам

мы вызначыліся ў тым, што мы не ўмешваемся ў палітыку, не займаемся агітацыяй сярод вернікаў «за» ці «супраць» тых ці іншых палітычных суб'ектаў, не аналізуем іх праграмы. Але мы не можам глядзець абыякава на падзеі, якія адбываюцца, на пакуты людзей ад нематываванага гвалту, на несправядлівасць у судах, на пераследы ўсіх іншадумцаў і нязгодных. І маем права ўзвышаць свой голас у абарону пераследаваных і гнаных.

Гэтая пазіцыя цалкам узгаднялася з прынятым Сінодам БПЦ 15 жніўня 2020 года «зваротам да народа Рэспублікі Беларусь аб спыненні народнага супрацьстаяння». У ім, у прыватнасці, гаварылася: «Мы верым і спадзяёмся, што кіраўніцтва краіны, якое па праве заклікана паважаць і ахоўваць свой народ, спыніць гвалт, пачуе галасы пакрыўджаных і нявінна пацярпелых, а тых, хто праявіў зверства і жорсткасць, аддасць пад законны суд і асуджэнне!»

Чаму Уладыка Мітрапаліт і астатнія члены Сінода маўчаць пра гэты дакумент, як быццам яго і не было? І падпісваюць новыя пагадненні аб супрацоўніцтве з тым жа МУС, нават не заікнуўшыся аб тым, што спачатку трэба ўсё ж такі вырашыць праблему адказнасці за гвалт? Ці ім сорамна цяпер за праяўленую тады «хвілінную слабасць», калі яны ўсё ж назвалі рэчы сваімі імёнамі: хлусню — хлуснёй, жорсткасць — жорсткасцю, забойства — забойствам?

Але як можа быць сорамна хрысціянам і тым больш іерархам Царквы рабіць проста па запаведзі Хрыста: «Хай будзе слова ваша: «так», «так» і «не», не», а што звыш гэтага — ад злога?» (Мф. 5,37).

Ваша Свяцейшаства, вялікай надзеяй для праваслаўных хрысціян Беларусі былі Вашы словы, якія прагучалі 7 студзеня 2021 года ў Калядным звароце, калі Вы заклікалі беларускія ўлады вырашаць існуючыя пытанні, «не адкладаючы да святога ніколі тое, што выклікае напружанне ў грамадстве». Але, на жаль, Ваш Першасвятарскі заклік пачуты не быў, дыялог улады з грамадствам па-сапраўднаму так і не пачаўся, а замест яго махавік гвалту стаў разгойдвацца яшчэ мацней!

Зусім нядаўна, у канцы мая, Беларусь скалануў чарговы выпадак суіцыду на глебе ціску следчых органаў. Малады чалавек 17-ці гадоў, Дзмітрый Стахоўскі, ступіў насустрач сваёй смерці з 16-га паверха мінскага інтэрната, аддаючы перавагу такой страшнай свабодзе перад тым, каб апынуцца ў турме за ўдзел у пратэсце.

На месцы яго гібелі паўстаў стыхійны мемарыял: кветкі, свечкі, лампады. Дзяжурны міліцэйскі патруль запатрабаваў у кансьержкі яго прыбраць. Але яна адмовілася, патлумачыўшы гэта тым, што яна верыць у Бога! І не будзе чыніць насуперак голасу свайго сумлення! Нашы свецкія людзі — больш прыстойныя і сумленныя за ўсіх нас, архірэяў, якія, напэўна, даўно забыліся, як павінны рабіць людзі, што вераць!

Усё гэта я кажу з думкай пра Праваслаўную царкву ў Беларусі, з трывогай пра тое, якой яна выйдзе з цяперашняй сітуацыі.

Ці застанецца яна супольнасцю верных Хрысту і яго Евангеллю людзей, здольных сумленна і мужна сведчыць пра яго, абараняючы праўду і свабоду? Ці, разгубіўшы ўсю сваю рэпутацыю і добрае імя, канчаткова скоціцца ў сервілізм і лаяльнасць дзяржаве, для якога «маўклівая» Царква — вельмі зручны актыў?

І гэтыя трывогі — не проста фігура маўлення. За ўвесь перыяд цяперашняга крызісу маса думаючых, шчырых і сумленных людзей сышла з нашай Царквы. Альбо проста перасталі быць прыхаджанамі нашых храмаў, альбо прама заявілі пра гатоўнасць перайсці ў Рыма-Каталіцтва. Іх галоўны матыў — «маўчанне» нашай Царквы аб жорсткасці і рэпрэсіях дзяржавы ў адносінах да грамадзян. Прадмет іх здзіўлення — глухата і слепата нас як архіпастыраў, якія знайшлі зручную адгаворку ў выглядзе «нейтралітэту», калі стогны, плач і пакуты людзей па судах і турмах працягваюцца да гэтага часу.

Яскравым выразам такіх «міграцыйных» настрояў стаў надпіс, зроблены невядомымі на агароджы аднаго з мінскіх храмаў у перыяд калядных святаў. Ён абвяшчаў: «Дзякуй, айцы, цяпер я ведаю, што маё Раство — 25 снежня!» Думаю, каментары тут лішнія!

Асабліва балюча было чытаць уражанні людзей, якія пайшлі 13 лістапада на памінальную службу (з прычыны адсутнасці такой у праваслаўным саборы) па актывісту Раману Бандарэнку ў архікафедральны касцёл Мінска. Гэты 32-гадовы хлопец у бытнасць студэнтам Мінскага архітэктурна-мастацкага каледжа распісваў трапезную для паломнікаў Жыровіцкага манастыра. Пра што сведчыць усталяваная там жа памятная табліца.

І вось за нашага праваслаўнага маладога чалавека, жорстка забітага ні за што ва ўласным двары і пасмяротна абылганага, маліліся каталікі на чале з іх біскупам Юрыем Касабуцкім. Яго глыбокія і пранікнёныя словы пра забітага і пра стаўленне да забойства чулі і многія праваслаўныя. І, да нашага сораму і ганьбы, сказалі: «Так, сёння хрысціянскім біскупам Мінска быў Юрый Касабуцкі!»

Калі гэта — не страты для БПЦ, то што? І чым мы апраўдаемся за іх перад Богам? Тым, што пахвала ад дзяржавы за «правільныя» паводзіны ў перыяд крызісу нам даражэйшая за душы, што адпалі?

Аднак Праваслаўная царква ўсё яшчэ захоўвае свой аўтарытэт сярод беларусаў. Але аўтарытэт, які трымаецца не на нас, іерархах, а на вернасці Хрысту, у зносінах з якім людзі хочуць знаходзіцца нават насуперак нашым афіцыйна-сервільным паводзінам. Хоць апошняе і не застаецца незаўважаным ад поглядаў разумных, годных і глыбока веруючых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, як Павел Севярынец і Павел Латушка. Іх звароты да Мітрапаліта Веніяміна, вытрыманыя ў максімальна карэктным і паважлівым тоне, але адначасова выразныя і прынцыповыя па сутнасці пастаўленых пытанняў, — мелі шырокі рэзананс у царкоўных колах. На жаль, нельга тое ж сказаць пра адказы, якіх альбо не было зусім, альбо яны былі, хутчэй, сыходам ад адказу. І гэта — таксама элемент прасядання вобраза нашай Царквы ў неабыякавым да нас сегменце грамадства.

Затое з іншага боку органамі ўлады і групамі асоб, што звязаныя з ёй, пастаянна вядуцца нападкі на нашу епархію і яе духавенства. Прычым у формах вельмі далёкіх ад культурных і паважлівых адносін, яны, хутчэй, нагадваюць правакацыі і абразы! У падкантрольных ім тэлеграм-каналах кім толькі не выстаўляюцца святары: і срэбралюбцамі, і калабарацыяністамі, і палітыканамі, якія прадаліся Захаду, і бунтарамі і г. д. І ніколі раней не заўважаныя ў дбайным і малітоўным наведванні кафедральнага сабора людзі з дзіўнай і цёмнай арганізацыі «Інфаспецназ» раптам «неверагодна абразіліся немагчымасцю атрымаць духоўнае суцяшэнне ад абразоў навамучанікаў! Паколькі ім невыносна бачыць у якасці катаў — людзей з чырвонымі зоркамі! На ўсе гэтыя выпады мы стараліся даваць спакойныя і выразныя адказы і тлумачэнні. Для нас усё роўна гэта нашы людзі і хрысціяне!

Бачыць Бог, я не меў і не маю іншых намераў і памкненняў, акрамя як быць епіскапам Сваёй Царквы і вучыць людзей быць вернымі Богу ва ўсіх абставінах зямнога жыцця. Я ўвесь час спасылаўся на прыклад нашых новапакутнікаў і паказваў, што іх спаведніцтва — гэта іх бяспрыкладны подзвіг у выніку адмовы ад прыстасаванства. Але і плата за падобныя паводзіны Праваслаўнай Царквы ў папярэднюю эпоху.

І цяпер, калі мы зноў у сітуацыі важнага выбару, я заклікаў і буду заклікаць не рабіць памылак мінулага, каб нам зноў не прыйшлося плаціць страшную цану за права на свабоду быць з Хрыстом!

Лічу рашэнне Сінода Беларускага Экзархата кананічна нікчэмным, палітычна матываваным, прынятым не дзеля карысці царкоўнай, а каб дагадзіць грамадзянскім уладам, якія страцілі сваю легітымнасць. Спадзяюся на аднаўленне справядлівасці рашэннем Вашага Свяцейшаства.

Прашу Вашага Першасвятарскага дабраславення

архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі

+ Арцемій».

Каментары10

  • Валька
    31.05.2023
    Святы чалавек
  • 42
    31.05.2023
    Ну вот, единственный пастырь, кто поступал по Закону Божию, по крайней мере не боялся делать это публично. А остальные .... как, где, что делали и делают. Как после всего этого их уважать, ходить в эту РПЦ? Продались дьяволу, хотя живут за счёт прихожан. Кароч, никопейки для РПЦ. ОТДАЙТЕ их для сирот, тем, кто действительно нуждается в помощи, а не этой жирной своре, оплаченной в золото.
  • 000
    31.05.2023
    он был на высоком посту в РПЦ много лет и не понимал, в какой организации работает?
    он всерьез писал гундяю и пытался объяснить ситуацию в беларуси?
    наппоминает латушку, который негодовали расстраивался долгое время, что с ним не идут на контак в кремле, в своем мегапафосном стиле залвя в интервью, что "путину просто надо все объяснить и он станет на сторону бел народа"
    ну или чалого, который принципиально отказывался учить мову, заявляя, что он РПЦэшный русскоязычный, а поведение белоруского филиала РПЦ объяснял "единичными уродами в святой семье московской церкви"


    это уже нельзя квалифицировать как наивность, это идиотизм, а идиотов не жаль

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы

Усе навіны →
Усе навіны

Ці законна весці відэаназіранне за кватэрай, калі здаеш яе пасутачна?4

Вялікабрытанія раскрыла буйную міжнародную сетку па адмыванні крыптавалюты для ўзбагачэння Крамля і аперацый расійскіх шпіёнаў у Еўропе1

Яўген Андрэйчык расчараваўся ў палітычным актывізме: Я больш не працую з Беларуссю74

Кіроўцаў будуць па-новаму папярэджваць пра камеры хуткасці1

Мінчанка пазнаёмілася на вуліцы з двума мужчынамі і атрымала трынаццатую судзімасць2

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы10

«Быццам гарачыя прасы паставілі на вочы». Беларуская вядучая шчыра расказала, на што пайшла дзеля прыгажосці14

У Рэчыцы МАЗ вылецеў у Дняпро

Самалёт «Белавія» вярнуўся ў Мінск з-за праблем з рухавіком1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы

Галоўнае
Усе навіны →