Грамадства1414

Кіраўнік «Паспалітага рушэння» расказаў, чые загады яны гатовыя выконваць і з кім кантактуюць

Кіраўнік «Паспалітага рушэння» — ваенізаванай беларускай арганізацыі на тэрыторыі Польшчы і Літвы — Сяржук Кедышка распавёў у інтэрвʼю «Белсату» пра мэты арганізацыі, яе фінансаванне, адносіны з беларускімі палітычнымі рухамі ў эміграцыі, свае палітычныя амбіцыі і будучую Беларусь.

Сяргей Кедышка Сергей Кедышко Sergey Kedyshko
Сяржук Кедышка падчас інтэрв'ю. Скрын відэа «Белсата»

Сяржук Кедышка адзначыў, што арганізацыя была заснаваная восенню 2022 года, а ў лютым 2023 года было абвешчана пра самастойнасць «Паспалітага рушэння». Прычына — незадаволенасць удзельнікаў тэмпамі развіцця арганізацыі. Зараз у яе складзе прыблізна 200 асоб.

Арганізацыя пакуль не мае вызначанага юрыдычнага статусу. Як сцвярджае Кедышка, «Паспалітае рушэнне» не мае сістэмнага фінансавання і існуе на прыватныя данаты. Да таго, як стаць самастойнай, арганізацыя мела фінансаванне ад «Байпола».

Мэта арганізацыі і чые загады яна будзе выконваць

Сяржук Кедышка сцвярджае, што для ўдзельнікаў «Паспалітага рушэння» галоўная задача — гэта змаганне са зброяй у руках за вольную Беларусь.

«Ужо ёсць разуменне, што па-іншаму не можа быць. У 2020-м я ведаў, што мірнымі метадамі нічога не зробіш, але ў той час было вельмі мала людзей, гатовых актыўна супрацьдзейнічаць Лукашэнку. Нас называлі правакатарамі. Цяпер бачна, што голымі рукамі нічога не зробіш. З таго боку баяцца толькі сілы»,

— адзначае Кедышка.

Пры гэтым ён ухіліўся ад канкрэтнага адказу, загадам каго з апазіцыйных палітыкаў будзе падпарадкоўвацца «Паспалітае рушэнне».

«Калі мы будзем бачыць дастойнага палітыка, мэты якога будуць супадаць з нашымі, мы будзем падпарадкоўвацца. На гэты момант мы камунікуем з усімі палітычнымі сіламі, спрабуючы атрымаць падтрымку. Але ў нас няма вызначанага лідара, бо ў нашым палітычным жыцці сёння няма пэўнай акрэсленасці»,

— адзначыў кіраўнік «Паспалітага рушэння».

З кім кантактуе «Паспалітае рушэнне»

Сяржук Кедышка адзначае, што яго арганізацыя ўскладае вялікія спадзяванні на перамогу Украіны ў вайне з Расіяй. Ён лічыць, што Украіна не пакіне Лукашэнку, памятаючы пра тое, што вайна пачалася пры дапамозе апошняга. Пры гэтым ён ускладае вялікія спадзяванні на людзей, што засталіся ў Беларусі. Але цяпер кантакты з тымі, хто застаўся ў краіне, удзельнікі арганізацыі стараюцца не падтрымліваць.

«Я стараюся не падстаўляць знаёмых сваёй прысутнасцю ў іх жыцці. Ад таго, што я буду з імі ў кантакце, ім будзе толькі горш. Я ведаю, што гэтыя людзі нікуды не падзеліся і яны мяне падтрымліваюць», — адзначае Кедышка.

А вось кантакты з палком Кастуся Каліноўскага і іншымі вайсковымі фармаваннямі ва Украіне «Паспалітае рушэнне», па словах яго кіраўніка, ён падтрымлівае: «Шмат сяброў нашай арганізацыі ўжо паехалі ваяваць ва Украіну ў розныя вайсковыя фармаванні. Мы падтрымліваем з імі і з іншымі вайскоўцамі гарызантальныя кантакты».

Адносіны з палітычнымі рухамі ў эміграцыі

Сяржук Кедышка адзначае, што арганізацыя аддае перавагу менавіта гарызантальным кантактам, а не вертыкальным, на ўзроўні палітыкаў. Гэта ён тлумачыць тым, што «няма часу чакаць, пакуль яны разбяруцца, хто з іх можа дамаўляцца з Украінай, хто не можа».

Кедышка адзначае, што структуры, якія першапачаткова арганізавалі «Паспалітае рушэнне», не маглі эфектыўна ім займацца, бо маюць шмат іншых спраў:

«Папросту іх не хапае на ўсё. Яны не маюць вялікіх штабоў, памочнікаў. Сахашчык не можа адзін разарвацца. І пытанне не да яго. Магчыма, гэты палітычны рух не такі шырокі. У яго не так шмат рэсурсаў. Альбо яны выкарыстоўваюцца не туды».

Кіраўнік «Паспалітага рушэння» згадвае, што сустракаўся са Святланай Ціханоўскай і вёў размову пра садзейнічанне ў фінансаванні, але канкрэтных вынікаў сустрэча не прынесла:

«Мы паехалі да Святланы Ціханоўскай з разлікам на легітымізацыю. Ёсць такое меркаванне, што калі ты ніхто для штаба Святланы Ціханоўскай, то ты і будзеш нікім, якім бы цудоўным ты ні быў. Мы паехалі. Нас прынялі. Нам ніхто не адмаўляў. Сказалі: «Цудоўна, мы вас падтрымліваем». Мы зрабілі агульнае фота са Святланай Ціханоўскай. І на гэтым усё. Нам параілі фонды, якія могуць выдзеліць грант. Нам не прызначылі нават чалавека, які можа дапамагчы разабрацца, як гэта зрабіць».

Кедышка заўважае, што ў яго было таксама спадзяванне, што штаб Святланы Ціханоўскай будзе згадваць пра іх арганізацыю. Але іх не запрасілі на канферэнцыю беларусаў свету, што адбылася ў красавіку ў Вільні. Па словах Кедышкі, так здарылася, магчыма, з-за таго, што пабаяліся нязручных пытанняў ад іх арганізацыі:

«Мы не будзем ківаць галавой. Мы будзем казаць, што мы губляем незалежнасць, губляем краіну. У нас праблема не ў тым, як жывуць дыяспары, а праблема ў тым, што гэтыя дыяспары ўвогуле зʼявіліся, што мы жывём у эміграцыі».

Як будзе выглядаць будучая Беларусь

Сяржук Кедышка падкрэслівае, што Беларусь ва ўяўленнях сяброў «Паспалітага рушэння» беларускамоўная. Яе гістарычны падмурак — Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая. У гэтай дзяржаве людзі спяваюць свае песні і ведаюць сваю гісторыю. У ёй паўсюль нацыянальныя сцягі ў прыемных беларускаму воку белым і чырвоным колерах.

«Дзе не згадваецца Савецкі Саюз як нейкая велізарная дзяржава, у якой усе былі шчаслівыя. Дзе, нарэшце, зроблены высновы з таго, што адбывалася. І дзе дакладна сказана, хто ёсць каты, ворагі, чым для нас была Расійская Імперыя і Савецкі Саюз. І чым для нас ёсць Расія. Дзе не гуляюцца паўтонамі і дыпламатычнымі захадамі»,

— распавёў пра сваё ўяўленне будучай Беларусі Кедышка.

Ён лічыць, што ў новай Беларусі не абыдзецца без правядзення люстрацыі і судоў над лукашыстамі. Пры гэтым у правядзенні пераўтварэнняў неабходна будзе абапірацца на досвед такіх краін, як Украіна і Грузія.

Палітычныя амбіцыі

Сам Сяржук Кедышка шчыра прызнаецца, што заўсёды хацеў быць палітыкам. «Я не ведаю, як складзецца мая карʼера. Але я бачу сябе дэпутатам парламента. Мне падаецца, што я буду прымаць добрыя законы, бо нават на побытавым узроўні я заўсёды стараўся дапамагчы сваім суседзям. А гэта тое, чым мусіць займацца дэпутат», — лічыць Кедышка.

Чаго не хапіла на пратэстах 2020-га і як можа адбыцца вяртанне да свабоднай Беларусі

Сяржук Кедышка лічыць, што пратэсту не хапіла сілавога складніка. «Каб была зброя, усё інакш і вельмі хутка б разгортвалася. Магчыма, нават хапіла б, умоўна кажучы, аднаго стрэлу ў бок міліцыянтаў, каб яны зразумелі, што ўсё сурʼёзна, і перашлі на бок народа».

А вось вяртанне да свабоднай Беларусі і свабоды ў Беларусь, на думку Кедышкі, яшчэ магчыма без крыві. Але пры зручным збегу абставінаў. 

Напрыклад, калі Лукашэнка сам уцячэ. Не трэба думаць, што чыноўнікі будуць яго падтрымліваць і апекавацца над ім. Яны будуць крычаць: «Мы ж насамрэч былі за народ. Мы сабатавалі ўсё, што можна». Яны будуць максімальна «пераабувацца».

А найбольш зручным момантам для заходу ў Беларусь вайсковых фармаванняў будзе перамога ў вайне Украіны над Расіяй. І да яго трэба ўжо зараз рыхтавацца»,

— лічыць кіраўнік «Паспалітага рушэння».

Чытайце яшчэ:

Унук Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі стаў голасам Паспалітага рушэння, якое хоча «вызваліць Беларусь»

«Вар’яцтва з фантанамі прыйшло да нас з Расіі»: гутарка з дэсантнікам, які служыў у 94-м 

Каментары14

  • СМ
    05.06.2023
    До меня только сейчас дошло, что какая-то ерунда происходит... Сахащик, Полк Калиновского, "Байпол", "Паспалітае рушэнне", Бульба туда же... С одной стороны, это уже что-то, если сравнивать с тем же 2020 годом, когда не было практически ничего (9-12 августа даже баррикады не получилось толком возвести на улицах Минска). Возникшие подразделения это лучше, чем ничего: так в 2014 году разрозненные, наспех сколоченнве, плохо скоординированные добробаты плюс регулярные части Украины смогли дать отпор россиянам. Как сумели, с территориальными потерями, с переговорами, но независимость сохранили и выиграли время: зато сейчас у них единый механизм, чёткая структура, каждое слово Залужного - закон. Наша же компания "добробатов" пока больше напоминает российский хаос с его МО, вагнеровцами, кадыровцами и пр. Слава Богу, у нас ещё калиновцы "Байполу" стрелку не забивают, но фраза Кедышки "Мы ещё не решили, кому будем подчиняться... " ярко иллюстрирует степень царящего бардака.
  • Надакучылі ўжо ютубныя ваяры
    05.06.2023
    Навошта пра іх пісаць, журналістам абы папі... навошта нагнятаць, ад гэтага пакутуюць беларусы ў Беларусі, ну робіце вы нейкую справу, на рабіце але ціха, для чаго абавязкова свяціцца, хацелі стаць рок-зоркамі трэба было ісці ў шоў бізнэс!!!
  • піярыцца і жук і жаба
    05.06.2023
    дык а за якія грошы ім жыць?

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак16

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Усе навіны →
Усе навіны

Урад зноў увёў ліцэнзаванне на вываз яблык, цыбулі і капусты2

Прынцэса Кэтрын упершыню пасля заканчэння курса хіміятэрапіі з’явілася на публіцы

Зяленскі абвергнуў, што падчас еўрапейскага турнэ ён абмяркоўваў пытанне перамір'я з Расіяй

15-гадовы кандытар з Мінска робіць торты на замову: прыгожа, але шалёна дорага13

Адбыўся новы выбух на нафтабазе ў Феадосіі, якая гарыць чацвёрты дзень4

Сталі вядомыя пераможцы штогадовай прэміі за найлепшыя ФОТЫ дзікай прыроды1

Ужо амаль палова расіян заявіла, што вайна прынесла Расіі больш шкоды, чым карысці11

У ЗША бушуе ўраган «Мілтан» ВІДЭА5

Па ўсёй Беларусі проста цяпер назіраюць паўночнае ззянне ФОТЫ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак16

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Галоўнае
Усе навіны →