«У мяне кароны няма». Зяленскі гатовы вылецець у Лацінскую Амерыку для сустрэчы з прэзідэнтамі
«Я хачу з вамі гаварыць, буду ў вас, мы ўбачым, хто такі Пуцін і што ён не такі вялікі. Яго час прайшоў», — кажа прэзідэнт Украіны.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў лідарам краін Лацінскай Амерыкі, што хоча прыляцець да іх на сустрэчу, піша «Украінская праўда».
«Мне вельмі складана падчас вайны гэта зрабіць. Але я гатовы. Я прасіў, паверце, амаль кожную з дзяржаў я прасіў: зробім маю сустрэчу з лідарамі вашага кантынента. Я гатовы прыляцець, я хачу з імі пагаварыць. Вашы людзі, ваша грамадства давяраюць сваім лідарам. І калі я буду з вамі гаварыць, буду ў вас, мы ўбачым, хто такі Пуцін і што ён не такі вялікі. Яго час прайшоў».
«А нашы нацыі павінны сябраваць і развівацца, давайце мы вам раскажам, што адбываецца. Калі ў вас няма магчымасці прыехаць да нас, нічога страшнага, у мяне кароны няма, я вельмі просты чалавек, я буду ў вас. Давайце разам прагаворым нашы крокі наперад», — сказаў Зяленскі.
Большасць краін Лацінскай Амерыкі яшчэ не вызначылася, на чыім баку яны ў канфлікце Украіны і Расіі, і Зяленскі хоча перацягнуць іх на свой бок.
Каментары