«Не магу паверыць, што яна ў турме». Былыя студэнты магілёўскага ўніверсітэта пра затрыманне выкладчыцы
Кандыдатку біялагічных навук Наталлю Мартусевіч зняволілі паводле палітычнага абвінавачання — «распальванне варажнечы». Яе вінавацяць у крамольных для рэжыму публікацыях у сацыяльных сетках. Супрацоўніцы ВНУ, дзе вучыўся Лукашэнка, не маглі такога дараваць.

Пра крымінальны пераслед выкладчыцы ўніверсітэта імя Куляшова стала вядома ў сакавіку. Акурат у той час па краіне пракацілася хваля затрыманняў. Тады тэлеграм-каналы сілавікоў апублікавалі відэа з ёю. Пазней жанчыну адпусцілі.
Днямі Следчы камітэт паведаміў, што яна арыштаваная па абвінавачанні ў «распальванні нацыянальнай і іншай варажнечы». У паведамленні адзначаецца, што ва ўніверсітэце Мартусевіч ужо не працуе.
«Наталля чакала затрымання. Была апошнія месяцы знерваванай. У нас цяпер неспакойна», — дзеліцца знаёмая выкладчыцы.
47-гадовая Наталля Мартусевіч ва ўніверсітэце імя Куляшова адрабіла больш за 20 гадоў. Перад арыштам яна працавала на кафедры спартыўных і медыка-біялагічных дысцыплін факультэта фізічнага выхавання.
З 2018 года была дацэнтам на гэтай кафедры.
Навіну пра затрыманне Наталлі Мартусевіч яе былыя студэнты ўспрынялі з недаверам.
«Гэтага не можа быць! А яе за што?» — з роспаччу адзначыў адзін з іх.
«Універсітэт страціў таленавітага педагога», — гаворыць пра затрыманне выкладчыцы выпускніца гэтай ВНУ.
«Наталля Алегаўна ведала прадмет і ўмела даходліва пра яго расказаць. На яе лекцыях было весела і цікава. Яна была начытанай і па слова ў кішэню не лезла. Магла супакоіць любога словам. Не магу паверыць, што яна ў турме», — адзначыла дзяўчына.

Наталля Мартусевіч, у дзявоцтве Кацяшова, сама выпускніца ўніверсітэта Куляшова. Вучылася па спецыяльнасці «біялогія і хімія». Дыплом атрымала ў 1998 годзе і ўладкавалася асістэнтам на кафедру анатоміі і фізіялогіі чалавека.
Праз чатыры гады скончыла аспірантуру ў Інстытуце фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. У 2002 годзе Наталля Мартусевіч абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «біялогія».
Навуковыя інтарэсы — спартыўная медыцына, лячэбная фізкультура, а таксама праблемы транслакацыі бактэрый у арганізме чалавека.
У жанчыны больш за 50 навуковых работ. Яна ездзіла на навуковыя канферэнцыі ў ЗША.
Апошняя згадка пра Наталлю Мартусевіч на сайце факультэта датаваная 9 лютага 2023 года. Тады яна ўдзельнічала ў навукова-метадычнай канферэнцыі. Старонку пра саму зняволеную супрацоўніцу на ўніверсітэцкім сайце выдалілі.
Да 1997 года ўніверсітэт імя Куляшова быў педагагічным інстытутам. У 1975 годзе яго па спецыяльнасці «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства» скончыў Лукашэнка. Цяпер ён лічыцца знакамітым выпускніком гэтай ВНУ.
Пасля пратэстаў 2020 года рэжым Лукашэнкі метадычна пазбаўляе ўніверсітэцкую адукацыю і навуковую супольнасць супрацоўнікаў, якія не падтрымліваюць яго палітыку. Праз суды і зняволенні прайшлі сотні навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ. Многіх утрымліваюць за кратамі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Вядомы хімік склаў партрэт рэпрэсаванага навукоўца. Некаторыя высновы нечаканыя
Што адбываецца ў Полацкім універсітэце пасля хвалі затрыманняў
У Нацыянальнай акадэміі навук схапілі магістра сацыялогіі
Затрымлівалі прарэктара віцебскай ветакадэміі, які аперыраваў вожыка. Яго чакае суд
Каментары