З 11 па 20 жніўня кантралёры абследавалі ў Беларусі 68 гандлёвых аб’ектаў, дзе прадаецца прадукцыя да школьнага сезона. Падчас праверкі яны выявілі парушэнні заканадаўства аб гандлі, паведаміла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

У выніку праверак пяці суб’ектам вынеслі рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў, а тром увогуле забаранілі продаж.
Міністэрства вызначыла гранічныя гандлёвыя надбаўкі на тавары школьнага асартыменту: на дзіцячае адзенне і абутак — 30%, заплечнікі і вучнёўскія ранцы — 40%, пісьмовыя і канцылярскія прылады — 30—40%.
За парушэнне вызначаных гранічных надбавак юрыдычнымі асобамі прадугледжаны штраф у двухразовым памеры розніцы паміж фактычнай выручкай, атрыманай ад рэалізацыі тавараў, і разліковай велічынёй выручкі ад рэалізацыі гэтых тавараў па цэнах, вызначаных у адпаведнасці з заканадаўствам, індывідуальнымі прадпрымальнікамі — у памеры 20 базавых велічынь.
Праверкі абяцаюць працягнуць у тым ліку на «школьных базарах» у выхадныя дні.
Каментары