У Мінску адкрылі пасля рамонту галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. БелТА паведаміла, што ў будынку завяршылася другая стадыя мадэрнізацыі, якая праводзілася з 2020 года.
Рэстаўрацыя, як паведамляецца, закранула плошчу большую за 13,5 тысячы квадратных метраў. Было адрамантавана больш за 350 памяшканняў. Гаворка пра навучальныя аўдыторыі і навуковыя лабараторыі.
Рэктар БДУ Андрэй Кароль, выступаючы падчас урачыстай цырымоніі адзначыў, што
падчас гэтай рэканструкцыі, апрача ўласна галоўнага корпуса ўніверсітэта, быў капітальна адрамантаваны таксама прылеглы да яго корпус фізічнага факультэта.
У мадэрнізаваным корпусе былі адрамантаваныя і ўмацаваныя вентыляцыйная шахта, сцены, дах. Таксама зрабілі замену праводкі, вокнаў, дзвярэй, падлогавых пакрыццяў і сантэхнічных труб.
Ва ўнутраным дворыку замянілі тратуарную плітку, праклалі тэлекамунікацыі і дажджавую каналізацыю. Акрамя таго, былі ўсталяваныя электрапад'ёмнікі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і велапаркоўкі.
Акрамя таго, па словах Караля, адной з важных задач было аснашчэнне корпуса фізічнага факультэта БДУ ўнікальным навукова-адукацыйным абсталяваннем. Многія адзінкі гэтага абсталявання, маўляў, не маюць аналагаў у Беларусі і з'яўляюцца распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў. У якасці прыкладу былі названыя аптычныя сталы.
Таксама былі абсталяваныя спецыяльныя месцы для вольнага часу студэнтаў, напрыклад, амфітэатр для прыкладна 200 чалавек. Створаныя і ўмовы для магчымасці падлучэння мультымедыйнага абсталявання.
Разам з тым мадэрнізацыя галоўнага корпуса БДУ будзе працягнутая. Цяпер распрацаваны праект яго рэканструкцыі трэцяй і чацвёртай чаргі, у рамках якіх плануецца рамонт 286 памяшканняў. Сярод іх Фундаментальная бібліятэка, Музей гісторыі БДУ, а таксама адміністрацыйныя кабінеты.
Каментары