У Расіі пенсіянерцы далі два гады і 10 месяцаў калоніі за «напад» з шарыкавай ручкай на чатырох паліцэйскіх
Яе прыёмнага сына адправілі ў дзіцячы дом.

Кастрычніцкі суд Улан-Удэ (Бурація) асудзіў 61-гадовую Наталлю Філонаву да 2 гадоў і 10 месяцаў калоніі агульнага рэжыму за «прымяненне гвалту» ў дачыненні да чатырох сілавікоў (ч. 1 арт. 318 КК РФ). З улікам часу, які Філонава правяла пад хатнім арыштам і ў СІЗА, тэрмін зняволення ў калоніі складзе адзін год і пяць месяцаў, піша Бі-бі-сі.
Абвінавачанне патрабавала прысудзіць Філонавай тры гады пазбаўлення волі.
Пенсіянерка не прызнала віны. Яе адвакаты плануюць абскардзіць абвінаваўчы прысуд.
Паліцэйскія Андрэй Лапцеў, Артур Сымбелаў, Сяргей Раманаў і Аюр Данзанаў, на якіх нібыта напала Філонава, на абвяшчэнне прысуду не прыйшлі.
Раней супрацоўнікі паліцыі сцвярджалі, што пенсіянерка пры затрыманні іх біла, драпала, аднаму з паліцэйскіх яна трапіла асадкай у твар, а другому нібыта зламала палец.
Асуджаная на амаль тры гады калоніі Наталля Філонава, сядаючы ў аўтазак пасля суда, працытавала радкі Кандрація Рылеева: «Но где, скажи, когда была. Без жертв искуплена свобода?» (з паэмы «Налівайка» пра кіраўніка казацкага паўстання ў 1595 годзе на Беларусі Севярына Налівайку).
Наталля Філонава была затрыманая ў верасні 2022 года ва Улан-Удэ на акцыі пратэсту супраць мабілізацыі. Пасля затрымання ў яе дома правялі ператрус, падчас якога Філонава нібыта ўдарыла аднаго з паліцэйскіх шарыкавай ручкай. Па версіі следства, пенсіянерка таксама «напала» на паліцэйскіх, калі яе везлі ў суд.
З лістапада мінулага года Філонава знаходзілася ў СІЗА, а яе прыёмнага сына, 16-гадовага Уладзіміра Алалыкіна, у якога ёсць інваліднасць, органы апекі забралі ў дзіцячы дом у вёсцы Баргузін за 250 кіламетраў ад Улан-Удэ. Сваякам Філонавай забраць яе прыёмнага сына з дзіцячага дома не дазволілі. У сакавіку падлетка не адпусцілі з дзіцячага дома на судовае пасяджэнне да прыёмнай маці.
Праваабаронца Надзея Нізоўкіна раней паведамляла, што ў дзіцячым доме прыёмнага сына Наталлі Філонавай збіваюць і цкуюць.
У маі мінулага года суд арыштаваў Філонаву на 5 сутак за дробнае хуліганства — яна звярнулася з просьбай да кіроўцы зняць з аўтобуса знак Z, пасля чаго кіроўца даставіў яе ў паліцэйскі ўчастак.
Каментары