У Лідзе прыдумалі спосаб барацьбы з «гоншчыкамі» на электрасамакатах
Абноўленыя правілы дарожнага руху дазволілі веласіпедыстам і электрасамакатчыкам не спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі. Як адзначае тэлеканал АНТ, «гэта навіна выклікала шквал незадаволенасці ў аўтамабілістаў, бо часта веласіпедысты і кіроўцы СПМ выскокваюць на праезную частку з ніадкуль». Але ў лідскай ДАІ знайшлі спосаб, як змагацца з такімі «гоншчыкамі».
«Перад адным з ажыўленых нерэгуляваных пешаходных пераходаў у Лідзе з ініцыятывы Дзяржаўтаінспекцыі былі ўсталяваныя слупкі яркага чырвонага колеру ў выглядзе змейкі. Яны сталі своеасаблівай перашкодай для раварыстаў і электрасамакатчыкаў», — паведамляе АНТ.
«Правілы дарожнага руху дазваляюць раварыстам і кіроўцам сродкаў персанальнай мабільнасці не спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі па пешаходным пераходзе.
Аднак ёсць адна важная ўмова — яны павінны рухацца з хуткасцю пешахода. Многія пра гэты нюанс забываюць, што, натуральна, выклікае незадаволенасць у аўтамабілістаў. У якасці эксперыменту мы вырашылі ўсталяваць перад пешаходным пераходам па вуліцы Рыбінаўскага «змейку» са слупкоў. Каб яе пераадолець, не трэба спешвацца з ровара або самаката. Але хуткасць дакладна прыйдзецца знізіць», — пракаментаваў інспектар ДПС АДАІ Лідскага РАУС Аляксандр Таруць.
У ДАІ адзначаюць, што «змейка» не стварае перашкод для іншых удзельнікаў дарожнага руху: «Мамы з вазкамі або інваліды-вазочнікі могуць бесперашкодна тут прайсці. Адзіная нязручнасць — прыйдзецца трохі павіхляць».
Каментары
Интересно как долго это все продлиться…????