«У мяне з’явілася параноя». Мінчук, які арганізоўваў крадзяжы ў крамах мас-маркету, падзяліўся сваёй гісторыяй
Некалі супрацоўніца папулярнай крамы мас-маркету расказала, што ўсе супрацоўнікі ведаюць злодзеяў крамы ў твар. А як выглядае гэты крымінальны бізнэс знутры? Выданне CityDog.io пагаварыла з мінчуком, які некалькі гадоў займаўся арганізацыяй крадзяжоў адзення з буйных сетак.
Мікіту (імя зменена па просьбе героя) 21 год. Некалькі гадоў таму ў Мінску ён пачаў прафесійна займацца арганізацыяй крадзяжоў і збытам крадзенага адзення з мас-маркету.
Шлях у нелегальным бізнэсе скончыўся пасля таго, як Мікіту злавілі з доказамі злачынства. На яго завялі крымінальную справу, але яму ўдалося збегчы з Беларусі. Цяпер хлопец не займаецца нічым крымінальным: жыве ў Ізраілі, вучыцца і развіваецца ў музычнай сферы.
Як Мікіта прыйшоў у гэты бізнэс: «У сярэднім я зарабляў каля 1500 рублёў штомесяц»
— У крымінальны бізнэс я трапіў у гадоў васямнаццаць. У мяне быў знаёмы, які даўно гэтым займаўся: ён краў рэчы ў крамах, а потым прадаваў іх са зніжкай у 50%. Ён нідзе не працаваў, але меў са сваіх махінацый досыць нядрэнны прыбытак.
Для мяне нелегальныя схемы з адзеннем выглядалі даволі прывабна: ты траціш усяго гадзіну свайго часу і пры гэтым зарабляеш у дзень па 120 рублёў. Тады мяне не моцна хвалявала маральнае пытанне, больш важна было па-хуткаму зарабіць грошай.
Каб менш пэцкаць рукі і радзей браць удзел у саміх крадзяжах, я імкнуўся неяк сістэматызаваць працэс. Схемы выглядалі прыкладна так: спачатку я шукаў кліентаў з пэўным запытам. Яны скідалі мне фатаграфіі і артыкул патрэбнай ім рэчы ў краме. Далей глядзеў па цане тавару. Калі заказ быў даражэйшы, чым на 500 руб., то ішоў красці сам. У такіх выпадках мне не хацелася дзяліцца чыстым прыбыткам, а рызыка таго каштавала.
Для нечага таннага ў мяне было некалькі знаёмых, якім я перадаваў запыты ад сваіх кліентаў, а яны ўжо непасрэдна займаліся крадзяжом. Яны атрымлівалі свае 50% ад цаны тавару, а каля 10—20% я пакідаў сабе, пры гэтым мінімальна беручы ўдзел у схеме. У выніку ўсё было на мазі.
Прыбытак залежаў ад сезона. Самым прыбытковым было лета, пачатак вясны і час перад Новым годам. У астатнія месяцы ўсё было дастаткова стабільна і роўна.
У сярэднім мой бізнэс прыносіў каля 1500 рублёў штомесяц.
Пра кліентаў: «Галоўнае, што ў нас танней, а вось як мы дасталі адзенне, ім усё роўна»
— Некаторых кліентаў я знаходзіў праз інсту. У мяне быў акаўнт крамы, для якой я перыядычна купляў рэкламу. «Адзенне Zara, Bershka, Pull & Bear з Еўропы за паўцаны», — так гучаў мой слоган для таргету. І гэта працавала.
Аднак з сацсетак прыходзіла працэнтаў з 30 ад усёй маёй аўдыторыі. Астатнія даведваліся пра мае паслугі праз сарафаннае радыё.
У мяне так было ўвесь час. Я з кімсьці знаёміўся, новыя людзі глядзелі на мяне, на тое, як я выглядаю, пачыналі цікавіцца, адкуль у мяне грошы на тое, каб выглядаць так стыльна. Вось тады я і казаў ім, што ў мяне ёсць знаёмыя, якія могуць дастаць рэчы з апошніх калекцый затанна.
Кліенты былі рознымі. Сярэдні ўзрост пакупніка — ад 16 да 25 гадоў. Было пару заказчыкаў і за 30, але яны, хутчэй, проста былі маімі сябрамі. Я б абазначыў сваю аўдыторыю як людзей, якія не хацелі траціць грошы, але жадалі добра апранацца.
Было шмат людзей, у якіх банальна не было грошай, каб дазволіць сабе апранацца нармальна. Яны выдатна ведалі паходжанне нашых рэчаў, і нікога гэта не бянтэжыла.
Сярод кліентаў былі і дастаткова багатыя людзі. Для іх гучала легенда пра тое, што гэта не крадзеныя рэчы, а прывезеныя з Польшчы адразу са склада. Дадатковых пытанняў ніхто не задаваў.
У Беларусі многія не могуць дазволіць сабе шопінг у мас-маркеце. Купіць нават пяць рэчаў з Zara азначае аддаць калі не ўвесь заробак, то сапраўды істотную яго частку. А выглядаць стыльна хочацца шмат каму. Таму заказаў заўсёды хапала.
Пра тое, наколькі крадзеж распаўсюджаны: «У Беларусі людзі жывуць бедна, таму крымінальны бізнэс квітнее»
— У Беларусі падобны крымінальны бізнес — вельмі частая гісторыя. Многіх ловяць, але гэта не спыняе злодзеяў. Часта заказы паступаюць на адносна невялікую суму, за якую табе могуць даць толькі невялікі штраф.
Я асабіста ведаў каля дваццаці чалавек у Мінску, для якіх крадзеж быў асноўным заробкам. Нашы кліенцкія базы не перасякаліся, таму «спрэчак» за тэрыторыю крам, як у фільмах пра мафію, у нас ніколі не было.
У Беларусі добрае асяроддзе для крадзяжу. У нас ёсць закон, у якім прапісана, што крадзеж на суму да дзесяці базавых велічыняў лічыцца дробным крадзяжом і не падлягае крымінальнай адказнасці. Гэта шмат каго супакойвае. Яны разумеюць, што нават калі цябе зловяць з доказамі злачынства, то, хутчэй за ўсё, ты проста абыдзешся «адміністратыўкай». І ўсё.
У маёй камандзе было два чалавекі, якім я перадаваў заказы. Акрамя іх было трое хлопцаў, якія час ад часу мяняліся. Іх усіх перыядычна лавілі, але яны часцей за ўсё плацілі штраф і аддавалі скрадзенае. Пасля гэтага ўсе зноў вярталіся да працы.
Апроч людзей, якія займаюцца крадзяжамі індывідуальна, ёсць і тыя, хто актыўна з’язджае ў суседнюю Польшчу і крадзе «оптам» там: Nike, Adidas. У Беларусі яны проста прадаюць тавар.
Займацца ў Еўропе продажам крадзенага адзення нявыгадна. Людзям там няма асаблівага сэнсу ў тым, каб купляць рэч нават на 10 еўра танней. Для іх гэта не такая вялікая розніца. Таму і крымінальны бізнэс там не так развіты. Калі там і займаюцца крадзяжамі, то нейкіх унікальных рэчаў, люксаў. Там можна зарабіць значна больш, але і рызыкі таксама нашмат больш сур’ёзныя.
Пра пачуцці падчас крадзяжоў: «У нейкі момант узнікла параноя»
— Першы крадзеж я здзейсніў, калі быў на шопінгу разам з маім прыяцелем, які ўжо да мяне сур’ёзна займаўся гэтым бізнэсам. Першапачаткова я проста павінен быў адцягваць увагу супрацоўнікаў: набраць кучу рэчаў і адну з іх потым перадаць майму сябру. Так выйшла, што на адной з іх не было магніта. Я падумаў: «Які поспех!» — і проста сышоў з крамы.
Пасля першага крадзяжу я адчуў адрэналін і эйфарыю. Пасля яны змяніліся на страх і параною, якія я адчуваў практычна заўсёды.
З аднаго боку, я разумеў, што наўрад ці мяне хтосьці зловіць. У нейкі момант крадзеж уваходзіць у звычку, і ты не бачыш у гэтым чагосьці страшнага. Я ўспрымаў крадзяжы выключна як бізнэс. Думаў, раз нехта не можа абараніць сваю ўласнасць, то чаму я не магу гэтым скарыстацца.
Затым з’явіліся дакучлівыя думкі пра тое, што мяне вось-вось павінны злавіць і пакараць. Цікава, што яны з’явіліся пасля таго, як я вынес ужо шмат рэчаў з крамаў. Разам з гэтым ліпкім жахам быць злоўленым падчас сваіх вылазак я пачаў паводзіць сябе больш бесклапотна. Не ведаю, чаму было менавіта так.
У той перыяд я пачаў заўважаць на вуліцах людзей з напружаным і спалоханым поглядам. Упэўнены, што я выглядаў гэтаксама: вочы, якія бегаюць, нездаровы выгляд, увесь час потныя далоні ад стрэсу. Па адным знешнім выглядзе я тады мог спакойна вылічыць у натоўпе калег па крымінальных справах.
Пра «крыміналку»: «Мяне прывялі ў камеру, дзе ўжо сядзеў адзін з маіх калег»
— Злавілі мяне падчас выканання аднаго з заказаў. Кліенту патрэбны былі не надта дарагія рэчы, але іх было шмат, таму паехаў у краму сам.
Усё ішло спакойна і добра да моманту, пакуль на выхадзе ў мяне не запішчалі магніты. Аднак супрацоўнікі зрабілі выгляд, што не звярнулі на гэта ўвагу, і я проста сышоў. Пасля вылазкі я настолькі расслабіўся, што вырашыў паесці ў тым жа гандлёвым цэнтры, дзе і краў. На выхадзе з рэстарана мяне спыніла міліцыя і пачала са мной разборкі.
Крадзенага было болей, чым на дзесяць базавых. Так на мяне завялі «крыміналку». Далей адвезлі на Акрэсціна на трое сутак, а пасля выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Чакаць, пакуль пасадзяць, я не стаў: прыяцелі дапамаглі хутка з’ехаць з Беларусі.
Было нечакана ў камеры ІЧУ сустрэць свайго знаёмага, з якім я неяк працаваў разам на крадзяжах. У камеры насупраць сядзеў яшчэ адзін мой «калега». Далей па калідоры — яшчэ два. На паверх ніжэй — тры.
«Палітычныя» сукамернікі да прычыны майго затрымання ставіліся нейтральна. Не асуджалі, але пыталіся, навошта я займаўся крадзяжамі. Я адказваў проста: «Грошы». Усе разумелі.
Пра планы: «Цяпер у мяне ў прыярытэце свабода»
— Пасля затрымання я перастаў займацца крадзяжамі. Па-першае, зразумеў, наколькі моцна даражу свабодай. Мне не хочацца больш рызыкаваць ёю, нават дзеля адносна лёгкіх грошай. Практычна ўсе, з кім я працаваў, цяпер сядзяць за кратамі. Мне страшна паўтарыць іх лёс.
Па-другое, мне было сорамна перад бацькамі. Калі пачаў красці, я ўжо не жыў з імі. Менавіта таму было лёгка ўтойваць тое, адкуль у мяне грошы. Даведаліся яны пра крадзяжы, калі да іх дадому прыйшлі з міліцыі з ператрусамі. Бацькі былі ў паніцы.
Я спрабаваў тлумачыць ім, што рабіў усё толькі дзеля грошай. Яны гэтага так і не зразумелі. Тата крычаў. Мама плакала. Пасля мы доўгі час проста не размаўлялі.
Здаецца, яны даравалі мне. Мы не бачыліся з таго часу, як я з’ехаў з Беларусі, таму магу вызначаць іх стаўленне да мяне толькі па тоне голасу ў тэлефонных размовах. Мы стараемся не ўздымаць тэму з крадзяжамі, таму што нам усім да гэтага часу балюча.
Цяпер я жыву ў Ізраілі. Вучуся, падзарабляю на вечарынках і ніяк не звязаны з крымінальным светам. Больш не бачу ў гэтым сэнсу. А навошта, калі тут я і так магу дазволіць сабе дастаткова нядрэнны ўзровень жыцця, робячы абсалютна легальныя рэчы?
Думаю, што жыццё мне дало другі шанец. Не хачу змарнаваць яго.
А вось што пра гэту гісторыю думае юрыстка: «Вялікая колькасць крадзяжоў сапраўды звязана з нізкім узроўнем жыцця ў краіне»
— Так, герой дакладна трактуе артыкулы Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў, — кажа Аркадзія (імя зменена па просьбе гераіні), адвакатка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека. — Крымінальная адказнасць надыходзіць пры крадзяжы маёмасці ў юрыдычнай асобы ў памеры больш за 10 базавых велічынь. Аднак калі крадзеж здзяйсняецца групай асоб, то памер скрадзенага не мае значэння.
Апісаная хлопцам сітуацыя, у якой ён быў затрыманы, падпадае пад прыкметы складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 205 КК. За гэта яму можа пагражаць адно з некалькіх пакаранняў: грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы (на тэрмін да 2 гадоў), арышт (ад 1 да 3 месяцаў), абмежаванне волі (на тэрмін да 3 гадоў), пазбаўленне волі (на тэрмін да 3 гадоў).
Немагчыма дакладна сказаць, ці пагражае Мікіту крымінальны пераслед нават за мяжой. З расповеду героя незразумела, было яму выстаўлена падазрэнне або абвінавачанне і ці аб’яўляўся ён у вышук у сувязі з тым, што схаваўся ад крымінальнага пераследу.
Відавочна, што цяпер сувязь беларускіх сілавых структур з «Інтэрполам» наконт выдачы злачынцаў, якія знаходзяцца ў вышуку, вельмі складаная. Можна меркаваць, што катэгорыі магчымых злачынстваў героя не настолькі сур’ёзныя, каб сілавікі Беларусі былі зацікаўленыя ў яго пошуку і перадачы.
Разам з тым тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці за крадзеж не мінулі. Я мяркую, яны прыпыненыя ў сувязі з пераездам героя.
Крадзеж — адно з самых распаўсюджаных злачынстваў у Беларусі. Такая сітуацыя захоўваецца не адно дзесяцігоддзе. Герой матэрыялу дакладна адзначае, што вялікая колькасць крадзяжоў непасрэдна звязана з нізкім узроўнем жыцця ў краіне.
Што да адэкватнасці Крымінальнага кодэкса ў частцы пакарання за крадзеж, адзначу, што санкцыя як ч. 1 арт. 205 КК (просты крадзеж), так і ч. 2 арт. 205 КК (кваліфікаваны крадзеж — учынены групай асоб або паўторна) прадугледжвае дастаткова шырокі пералік альтэрнатыўных пакаранняў, ад грамадскіх работ да пазбаўлення волі. Гэта дазваляе суду разглядаць кожную сітуацыю індывідуальна.
Галоўнае пытанне тут у тым, як на практыцы робіць суд. Калі звярнуцца да статыстыкі, то можна ўбачыць вельмі высокі ўзровень рэцыдываў у Беларусі, асабліва ў частцы крадзяжу маёмасці.
Каментары
гэта называецца бізнэс... што характэрна - жыве ў Ізраілі