Не скасаваныя! У Кіеўскім універсітэце кажуць, што не закрывалі беларускіх праграм
Кіеўскі ўніверсітэт імя Шаўчэнкі не мае намераў закрываць беларускія праграмы. Пра гэта паведаміў «Нашай Ніве» дырэктар Навучальна-навуковага інстытута філалогіі ўніверсітэта прафесар Рыгор Семянюк. Паводле яго, у 2024 годзе плануецца чарговы набор студэнтаў на беларусістыку. Працягваюцца навуковыя даследаванні, працуе Цэнтр беларускай мовы і культуры.
«Насуперак таму, што сказаў рэктар…»
Пра закрыццё беларускіх праграм заявіў 24 кастрычніка ў інтэрв'ю агенцтву «Украінскія навіны» рэктар універсітэта Уладзімір Бугроў.
Паводле яго, беларусістыку ў ВНУ перасталі вывучаць яшчэ ў 2022 годзе. Закрыццё беларускіх праграм ён згадаў у адным шэрагу са спыненнем навучання рускай мове і фарсі.
«Сапраўды, у нашым інстытуце філалогіі вывучалі рускую мову і літаратуру, беларускую мову і літаратуру, фарсі (персідскую). Летась мы закрылі гэтыя праграмы. Але гэта эмацыйны крок. Я абсалютна перакананы, што ў школе вывучаць рускую мову і літаратуру не трэба», — даводзіў рэктар Кіеўскага ўніверсітэта.
Прычын закрыцця беларускіх праграм ён не назваў. Пагутарыць з ім непасрэдна не ўдалося. А вось у інстытуце філалогіі яго заяву зняпраўдзілі.
Паводле дырэктара інстытута Рыгора Семенюка, у 2022 годзе набор на беларусістыку не абвяшчаўся, бо «з-за спрыяння ўлады Беларусі злачыннай агрэсіі расіі (такое напісанне ў арыгінальным тэксце. — НН) супраць Украіны» прагназавалася, што да яе ў абітурыентаў не будзе інтарэсу.
«Але, насуперак таму, што сказаў рэктар КНУ прафесар Уладзімір Бугроў у згаданым вамі інтэрвʼю, у 2024 годзе Кіеўскі ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі плануе абвясціць чарговы набор на беларусістыку», — адпісаў «Нашай Ніве» прафесар Семянюк.
Па яго словах, ва ўніверсітэце ведаюць, што родная мова беларусаў — «сімвал барацьбы за незалежнасць, а дэмакратычна арыентаваная частка беларускага грамадства падтрымлівае Украіну ў супрацьстаянні з ворагамі, і багата беларусаў ваюе побач з украінцамі».
Прафесар Семянюк дадаў, што з 17 кастрычніка ва ўніверсітэце экспануецца выстава «З Украінаю ў сэрцы», прысвечаная беларусам, загінулым у барацьбе з расійскім агрэсарам.
Па беларускіх праграмах навучанне не спынялася
Кіеўскі ўніверсітэт набірае студэнтаў на спецыялізацыю «Беларуская мова і літаратура, украінская мова і літаратура, англійская мова» з 2010 года.
Гэта адукацыйная праграма — унікальная, бо беларусістыка як асноўная дысцыпліна вывучаецца ва Украіне толькі ў Навучальна-навуковым інстытуце філалогіі.
Студэнтаў на яе набіраюць раз на два гады, а іх колькасць у акадэмічных групах вагаецца ад 4 да 10 чалавек, паколькі зацікаўленасць абітурыентаў праграмай не бывае стабільнай.
У бягучым годзе вучацца 4 студэнты-беларусісты на бюджэтным навучанні 4 курса бакалаўрыята. Сёлета скончылі магістратуру 2 студэнткі.
«Магістарскія работы выпускніцы бліскуча абаранілі на пасяджэнні Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі і атрымалі высокія балы з адзнакаю», — падкрэсліў Рыгор Семянюк.
Працягваюцца доследы, працуе Цэнтр імя Караткевіча
Прафесар Семянюк праінфармаваў, што ў інстытуце беларуская мова і літаратура застаецца аб’ектам навуковых даследаванняў і навукова-адукацыйных распрацовак.
Сёлета, напрыклад, быў апублікаваны навукова-метадычны дапаможнік «Найноўшая беларуская літаратура ва ўзаемаадносінах з украінскай літаратурай», распрацаваны дацэнтам кафедры славянскай філалогіі Аленай Паграбняк.
З 2009 года ў інстытуце філалогіі працуе Цэнтр беларускай мовы і культуры, якому ў 2012 годзе было нададзенае імя Уладзіміра Караткевіча. Ён зʼяўляецца вучэбна-метадычнай базай для падрыхтоўкі студэнтаў па адукацыйнай праграме «Беларуская і ўкраінская мовы і літаратуры і англійская мова».
На працягу 20 гадоў у ім праводзяцца разнастайныя навуковыя, культурніцкія і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Сёлета Цэнтр стаў суарганізатарам сустрэчы з кіраўніцтвам «Цэнтра беларускіх камунікацый», на якой абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі ва Украіне адмыслоўцаў-беларусістаў.
«Спадзяемся, што геаграфічная, культурная і гістарычная блізкасць, узаемападтрымка і ўзаемапаразуменне між нашымі народамі будуць апірышчам у супрацоўніцтве дэмакратычнай Беларусі і Украіны», — падсумаваў прафесар Рыгор Семянюк.
Кіеўскі ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі здавён звязаны з Беларуссю. У розныя гады ў ім вучыліся беларускі этнограф, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі, класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч, а таксама беларускі гісторык Антон Ясінскі. Тут ладзяцца рэгулярна акцыі салідарнасці з беларускімі добраахвотнікамі і жалобныя імпрэзы па загінулых на фронце беларусах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы перадасць узнагароду ўкраінцам
Каментары