Раней школа лічылася прэстыжнай, калі мела свой басейн або добра абсталяваны камп'ютарны клас. Цяпер дзеці пераважна маюць свае ноўтбукі і планшэты. Затое ў святле сучасных патрабаванняў да адукацыі у новых школьных будынках праектуюць яшчэ і ціры. А там, дзе ціры былі яшчэ ў савецкія часы, іх рэканструююць і абнаўляюць.

Складнік праекта сучаснай школы — цір на чатыры агнявыя пункты.
Цяпер у Беларусі будуюцца адразу некалькі навучальных устаноў, дзе цір — элемент архітэктурнага праекта.
«Школа на 1020 месцаў будзе складацца з некалькіх блокаў: двух навучальных і цэнтральнага са сталоўкай, фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам, актавай залай на 270 месцаў, бібліятэкай і школьным музеем. Спартовы цэнтр будзе ўключыць спартовую залу, гімнастычную залу, трэнажорную залу, залу харэаграфіі і рытмікі. У падвальнай частцы размесціцца цір на 4 агнявыя кропкі з дыстанцыяй стральбы на 10 і 25 метраў», — так вытворчае аб'яднанне «Мінскбуд» апісвае будынак сярэдняй школы, якую будуюць у вёсцы Лескаўка Бараўлянскага сельсавета — практычна на ўскраіне Мінска.
Праекты тыпавых школ, збудаваных у канцы 1990-х — пачатку 2000-х, ціраў не прадугледжвалі, тлумачыць на ўмовах ананімнасці супрацоўнік архітэктурнага бюро: «Была такая мода яшчэ ў пачатку 1970-х, каб гарадскія школы мелі скляпенне пад цір і бамбасховішча. Потым патрабаванні памяняліся, на першы план выйшлі клопат пра здароўе вучняў і настаўнікаў. Тады ў праектах з'явіліся пакоі для адпачынку педагогаў, настаўніцкія з асобным гардэробам, больш камфортныя прыбіральні, больш сучасныя сталоўкі і спартовыя залы, а ў некаторых школах яшчэ і басейны. Цяпер Міністэрства адукацыі зноўку прасоўвае неабходнасць вайсковай падрыхтоўкі, і гэта адбілася на канцэпцыі архітэктурных праектаў.
Сёлета школы з цірамі ўзводзяць таксама ў сталічных мікрараёнах Лебядзіны і Мінск-Свет. Дарэчы, у апошнім ужо ёсць навучальная ўстанова з цірам — гэта школа №226, якая распачала сваю працу ў верасні мінулага года.

На адкрыцці прысутнічала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая заўважыла, што для гэтай школы «адабраны выдатны педагагічны калектыў», і што «сёння вельмі важна, каб у школе дзеці не толькі атрымлівалі веды, але і выхоўваліся патрыётамі сваёй краіны».
Дырэктарка школы №226 Наталля Пшанічная неадкладна ўзялася за ажыццяўленне гэтага наказу — задзейнічаўшы ўсе магчымасці для «ваенізацыі» выхаванцаў.
«Школа з мілітарысцкім ухілам, але выбар у нас невялікі»
Маці адзінаццацікласніка 226-й мінскай школы распавяла пра сутнасць патрыятычнага выхавання ў навучальнай установе:
«У старшакласнікаў абавязковы прадмет — дапрызыўная падрыхтоўка. Сын расказвае, што заняткі ў ціры таксама прадугледжаныя, бо хлопцы вывучаюць зброю і здаюць нарматывы па агнявой падрыхтоўцы. Ёсць і гурткі для ахвотных навучыцца страляць, туды бяруць і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Але сын ніколі не казаў, што гэта нешта дужа прэстыжнае — калі ў школе ёсць гэты цір. Ніхто з сяброў яму не зайздросціць, гэта дакладна. І ўвогуле: у нашай школе настолькі актыўна прасоўваюць вайсковую тэматыку, што аж непрыемна. Пастаянна запрашаюць вайскоўцаў — то лётчыкі, памежнікі, то «афганцы», то яшчэ нехта. Тыя распавядаюць пра ворагаў, якія хочуць заваяваць Беларусь. Нібыта гэта навучальная ўстанова з мілітарысцкім ухілам! Але выбару ў нас практычна няма: раён новы, школ побач няшмат. Вялікі плюс у тым, што гэтая побач. Неяк дацерпім да выпускнога!»

Вучні сярэдняй школы №226 міжволі сталі закладнікамі ідэалагічнага курсу навучальнай установы: усе яны без выключэння — удзельнікі праекта «Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь — вачыма школьнікаў». Тут дзейнічае і аб'яднанне па інтарэсах «Юны абаронца Айчыны», куды бяруць з 13-ці гадоў, і агнявая падрыхтоўка таксама ўваходзіць у праграму дзейнасці гуртка.
«Мы падтрымліваем сувязі з вайсковымі часцямі і навучальнымі ўстановамі, дзе рыхтуюць будучых афіцэраў, да нас перыядычна прыязджаюць прадстаўнікі сілавых структур, якія расказваюць хлопчыкам і дзяўчаткам пра вайсковую службу, дэманструюць узоры зброі і экіпіроўкі, ладзяць паказальныя выступы па рукапашнаму бою. Сёння вельмі важна фарміраваць у вучняў паважнае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, маральна-псіхалагічныя і фізічныя якасці», — кажа кіраўнік школы па вайскова-патрыятычным выхаванні, падпалкоўнік запасу, былы спецназавец Сяргей Куніца.
Школы з цірамі будуюць і на перыферыі
Новую школу з цірам — самую вялікую ў Брэсцкай вобласці — нядаўна адкрылі ў Баранавічах. А таксама ў віцебскім мікрараёне Білева-2. У наступным годзе будаўніцтва плануюць завяршыць і ў Магілёве.
«Асаблівы акцэнт плануецца зрабіць на спартовым абсталяванні. На прышкольнай тэрыторыі будзе стадыён, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі… У асобнай прыбудове — басейн. Апрача гэтага, ва ўстанове адукацыі будзе свой цір, які размесціцца ў падвальнай частцы», — распавёў «Настаўніцкай газеце» начальнік Магілёўскага абласнога аддзела адукацыі Аляксандр Корзун.
У новую навучальную ўстанову адбіраюць «правераныя» кадры, распавяла настаўніца з гэтага абласнога цэнтра:
«Кажуць, што будуць ствараць узорную школу па патрыятычным выхаванні з вайсковымі класамі. Паколькі чакаецца, што да яе будзе падвышаная ўвага рознага начальства, настаўнікаў будуць адбіраць вельмі строга, каб ніякі «апазіцыйны элемент» не прасачыўся. А ў новым школьным ціры хочуць зрабіць платныя заняткі для падлеткаў з усяго мікрараёна».
Паводле магілёўскай настаўніцы, цяпер у школах пераабсталёўваюць і старыя ціры, якія былі ў скляпеннях яшчэ савецкіх школ. З той пары, як разваліўся СССР, дзе быў прадмет «Пачатковая вайсковая падрыхтоўка», прайшло шмат часу, і падвальныя памяшканні выкарыстоўвалі як склады для будаўнічых матэрыялаў, спартовага інвентару і гэтак далей. Зараз загадана ўсе ціры «вярнуць у строй» і навучаць школьнікаў «бараніць радзіму».

Цір як «гуманітарны праект»
Свой уласны цір імкнуцца займець не толькі гарадскія школы. Да прыкладу, Дзяржынскі райвыканкам шукае спонсараў для ўвасаблення «Гуманітарнага праекта «Наш лазерны цір», мэта якога — стварыць умовы для ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўнай установы адукацыі «Дварышчанская сярэдняя школа».
Лазерны цір мае стаць альтэрнатывай для школы, дзе няма прыстасаванага для стральбы памяшкання. Але для стварэння гуртка «Трапны стралок» і «папулярызацыі спартова-патрыятычных аб'яднанняў» ён цалкам падыходзяць, лічаць у раёне. Цяпер шукаюць спонсара, гатовага заплаціць за цір «Стралковы трэнажор» 2 250 еўра — пры тым, што райвыканкам дадасць яшчэ 100 еўра ўласных сродкаў.
Вясковая школа просіць грошай толькі на сам трэнажор, а вось сталічная школа №30 «запрашае да супрацоўніцтва ў межах гуманітарнага праекта «Школьны цір» тых, хто гатовы даць на «прыцягненне падлеткаў да здаровага ладу жыцця, заняткаў спортам, страявой падрыхтоўкай, адпрацоўкі навыкаў карыстання зброяй» 10 000 еўра. У гэтую суму ўваходзіць і кошт лазернага ціра «Стралковы трэнажор», і рамонт у памяшканнях, дзе збіраюцца навучаць стралкоў. Сярод мэтаў і задач задачаў гуманітарнага праекта — «папулярызацыя аб'яднанняў патрыятычнай накіраванасці» і нават «прафілактыка асацыяльных паводзінаў і наркаманіі».
Пастановай Міністэрства адукацыі ад 15.07.2021 года ва ўсіх установах адукацыі (уключна з яслямі-садамі, але за выключэннем пачатковых школ, вячэрніх школ, дапаможных школ, спецыялізаваных ліцэяў) уведзена пасада кіраўніка вайскова-патрыятычнага выхавання. Паводле кваліфікацыйных патрабаванняў да «ваенрука», ён павінны мець вышэйшую педагагічную адукацыю з абавязковым досведам вайсковай службы або вышэйшую вайсковую адукацыю. Дастатковым будзе і «засваенне праграм падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу на вайсковых кафедрах грамадзянскіх устаноў вышэйшай адукацыі».

Недахопу ў такіх кадрах няма: сёлета ўвесну начальнік упраўлення галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Віктар Доўнар казаў, што беларускія школы ўкамплектаваныя выкладчыкамі гэтага профілю на 93%.
«У 2022 годзе ў школы прыйшлі 2000 кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхавання, многія з якіх — «людзі ў пагонах» без спецыяльнай педагагічнай адукацыі і адпаведных кампетэнцый», — адзначаюць аўтары даследавання стану беларускай адукацыі пасля 2020 года, якое праводзілася ў рамках праекту «Васьміног». — «Мілітарызацыя адукацыі вядзе да падмены выхаваўчага складніка адукацыйнага працэсу агрэсіўнай мілітарысцкай падрыхтоўкай навучэнцаў».
Каментары