Забіў куратара ад КДБ, правёў 20 гадоў у турмах — гісторыя жыцця палітэмігранта Сяргея Панамарова
Лёс 72-гадовага Сяргея Панамарова пакручасты і поўны цёмных плямін. Траціну свайго жыцця ён правёў у няволі. Зведаў парадкі ў расійскіх, беларускіх і нават польскай турмах. Два дзясяткі гадоў таму перайшоў у апазіцыю да Лукашэнкі, выдаваў невялікую газету «Бойкі Клецк». Гэты занятак праславіў яго, але і прывёў у эміграцыю. «Наша Ніва» расказвае захапляльную гісторыю жыцця Сяргея Панамарова.

Першы раз сеў за бойку з супрацоўнікам ваенкамата
Сяргей Панамароў з сям’і рэпрэсаваных крымскіх татараў. Ён лічыць, што савецкая ўлада і камуністы зламалі яму жыццё. У 1944-м дзеда і дзвюх яго дачок саслалі ў Сібір — на Саяны. Там Сяргей і нарадзіўся. Жылі яны ў горным ауле з тувінцамі.
Па смерці Сталіна, у 1953-м, маці Сяргея выпрасіла дазвол «спусціцца з гор» у Абакан.
У тагачаснай сталіцы Хакасіі было шмат ссыльных татараў, фінаў, паволжскіх немцаў, калек-франтавікоў. За палёгку жанчына мелася вырачыся прозвішча, нацыянальнасці і не разяваць рот.
Запалоханая жанчына маўчала, а сын даймаў пытаннямі аб лёсе бацькі і аб тым, чаму ўвогуле сям'я апынулася ў ссылцы.
«Маці плакала і наказвала маўчаць, а то канец будзе!» — згадвае Сяргей.
Пра жыццё на чужыне ён даведаўся ад старэйшай сястры. Яна расказала, што бацьку на паляванні зжор барс. Пасля гэтага дзед хацеў узарваць абедзвюх дачок і ўнука. Жанчынам удалося выпрасіць у старога пашкадаваць іх. Дзед тады ўзарваў сябе.
Сяргей рос сваім розумам без куміраў. За натурлівы характар яму ўсюды перападала. Калі хлопцу было 4 гады, маці выйшла замуж. Айчым, па словах суразмоўцы, здзекаваўся з яго.
Падлеткам на скрадзеныя ў бабці 1000 рублёў Сяргей купіў стрэльбу і хацеў забіць крыўдзіцеля, але не выйшла. Быў арыштаваны. Прысудзілі 3 гады «малалеткі». З іх адседзеў два.
З гэтага крымінальнага эпізоду і пачалася нявольніцкая гісторыя Панамарова. Адседзеўшы шаснаццацігадовым, ён выправіўся ў свет. Катэгарычна адмаўляўся ісці ў войска.
«У 1971-м прыйшла позва з ваенкамата. Я заявіў, што ў войска не пайду. Маёр прыгразіў, што тады пайду ў турму. Я ўдарыў афіцэра. Скандал. 4 гады лагераў», — кажа эмігрант.
Забіў чэкіста
Па вызваленні Панамароў асеў у Тальяці. Там прафесійна заняўся маляваннем. Маляваў ён з маленства.
Маці наказвала не траціць грошы на «непатрэбшчыну», а сын на ашчаджэнні набываў фарбу. Яго работы публікаваў нават маскоўскі часопіс.
«Быў перспектыўным мастаком, і мяне ўзялі ў майстэрні Мастацкага фонду Расіі. Зарабляў вялікія грошы. Прымушалі ўступаць у партыю, я адказваў, што «не годны». Таму мне, беспартыйнаму, не давалі прафесійнай майстэрні, даводзілася арандаваць», — згадвае ён.

Сяргей знаўся з замежнікамі, ад якіх меў магчымасць прадаваць «загранічныя шмоткі». Падпрацоўваў маляваннем абразоў.
Панамароў кажа, што стаяў на ўліку ў КДБ і быў абавязаны дакладаць аб сябрах і сувязях з замежнікамі. За адмову пабываў у псіхіятрычнай лякарні.
З Паволжа ад чэкістаў уцёк у Саяны, але яго адшукалі. Прыставілі куратара, якога 27 кастрычніка 1979 года Сяргей забіў.
«З афіцэрам спачатку мы хутка дамовіліся — я даваў яму грошы і ён мяне не трэціраваў, але пазней стаў патрабаваць яшчэ і дзяўчат. Я адмовіўся і паспрабаваў сысці з яго кватэры. Завязалася бойка, і я ўдарыў чэкіста ягоным жа нажом», — апавядае ён пра здарэнне.
За забойства з асаблівай жорсткасцю пракурор патрабаваў прысудзіць Панамарову расстрэл.
Паўгода яго ўтрымлівалі ў камеры для смяротнікаў.
Але ўрэшце прысудзілі 12 гадоў зняволення. У 1989-м нечакана вызвалілі.
Целы забітых зэкаў прабівалі ломам
Агулам Панамароў адседзеў у Расіі і Беларусі амаль 20 гадоў.
Пешыя дзве ходкі адбываў ў сібірскіх зонах, узведзеных яшчэ ў гулагаўскія часы. 2,5 года прабыў у карцарах і адзіночных камерах. З 95 кілаграмаў схуднеў да 56-ці.
Па яго словах, каб выжыць у тых калоніях, трэба было ўмець бараніць сябе і сваю «маленькую свабоду», а таксама «імгненна вызначаць сваё месца, сілу галоўнага суперніка». І галоўнае — спадзявацца толькі на сябе.
«Крок налева, ці направа — і ты ў «петушатніку». Або трупам плывеш па стужцы ў яму, у якой спальвалі драўляныя адыходы. Яна гарэла няспынна, а гасілі яе, калі трэба было выцягнуць забітага зэка — ахвяру нявольніцкіх разборак», — расказвае Сяргей.

Панамароў зведаў парадкі ў «чырвоных» і крымінальных «чорных» зонах. Быў сведкам нявольніцкіх бунтаў.
Па словах Панамарова, адзін з іх адбыўся ў краснаярскай калоніі №14 у 1981 годзе. Пра яго амаль нічога невядома. З асуджаных былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні. Тады было забіта 79 зняволеных.
«Іх целы з зоны вывозілі на санях. Перад брамай ломам прабівалі ім грудзі. Правілы абавязвалі «прашчупваць», ці жывыя крымінальнікі. Бывалі выпадкі, калі мерцвяка падмянялі, і так зэкі ўцякалі. Тады мароз быў -50 градусаў. Целы прамерзлі, і ўдары лома разносіліся па лагеру», — згадвае былы сядзелец.
«Жонка прагаласавала за Зянона, а я, дурань, — за Лукашэнку»
Панамароў, баючыся помсты КДБ, з'ехаў у Беларусь. У Верхнядзвінску сустрэў развал Савецкага Саюза. Там жа абзавёўся новай сям’ёю. Працаваў мастаком-рамеснікам. Жонка была адвакаткай. На жыццё не наракалі.
«Надышоў 1994, пайшлі выбіраць прэзідэнта. Жонка прагаласавала за Зянона [Пазняка], а я, дурань, — за Лукашэнку», — прызнаецца ён.
З прыходам да ўлады Лукашэнкі жыццё Панамаровых пачало сыпацца.
Сяргею давялося скасаваць рамесніцкую ліцэнзію, бо змяніліся правілы і сумленна працаваць было немагчыма. Прадаўшы маёмасць, сям'я перабраліся пад Мінск.

У 1997-ым дэкрэтам Лукашэнка забараніў прыватную адвакатуру. Адвакатаў прывязалі да Міністэрства юстыцыі. «Жонка плача, я злы», — згадвае Сяргей.
У 1997 годзе Панамароў трапляе зноў у крымінальны замес.
Ён з сынам працаваў у Раўбічах на стайні бізнэсоўца Віктара Маркава. Сяргей настойвае, што прадпрымальнік быў звязаны з мафіяй і меў сувязі ў міліцыі. Не расплачваўся з работнікамі ды займаўся фінансавымі махінацыямі.
«Я шмат чаго ведаў пра незаконныя дзеянні Маркава. З жонкай звярталіся ў міліцыю, але там сказалі: «Панамароў, цябе яшчэ не зарэзалі? Як зарэжуць — прыйдзеш!» — апавядае Сяргей.
Тады Панамароў звярнуўся ў прэсу. Незадоўга да сустрэчы з журналісткай газеты «Імя» яго схапілі і 17 дзён утрымлівалі ў сутарэннях раённай міліцыі. Адшукаў нявольніка Алег Алкаеў па просьбе жонкі.
Урэшце Сяргею інкрымінавалі хуліганства і адправілі ў калонію на 4 гады. Вызвалілі па амністыі ў 2000-ым.
«Вырваўшыся на волю, вырашыў дапамагчы разумнейшым людзям зрынуць рэжым Лукашэнкі», — гаворыць Сяргей.
Ён кажа, што ў 2005 годзе ў яго незаконна забралі мэблевы цэх. Акрамя таго, навесілі вялізны штраф па некалькіх пазовах. І так зрабілі з яго бяздомніка.

У той час Сяргей узяўся выдаваць бюлетэнь «Бойкі Клецк». Адміністраваў сайт «Мой Клецк».
За пяць гадоў пабываў фігурантам 9 крымінальных спраў, сабраў больш за 50 адміністрацыйных пратаколаў. Яго вінавацілі ў знявазе чыноўнікаў. Бывала, што з некаторымі ўдавалася залагодзіць канфлікты.
«Зразумеў, што [наперадзе] зноў нары, праблемы сям’і. Сябры параілі ўцякаць. Таму з 8 жніўня 2010 года я ў эміграцыі. У Польшчы папрасіў палітычнага прытулку», — адзначае суразмоўца.
Калі Панамароў быў за мяжой, у Беларусі ў яго апісалі маёмасць.
«Няўжо турэмшчыкаў нельга падкупіць»
У Польшчу Панамароў прыехаў у 58 гадоў. У такім узросце яму цяжка было знайсці працу, таму дзесяць гадоў зарабляў неафіцыйна.
У 2012-ым у яго здарыўся канфлікт з мясцовым прадпрымальнікам праз нясплачаны заробак.
Каб звярнуць увагу на несправядлівасць, эмігрант спаліў два катэджы бізнэсмена. Яму пагражала да 10 гадоў зняволення, але ў польскай вязніцы ён прабыў толькі 5 месяцаў.
Польскія турмы — дзіцячы садок у параўнанні з Расіяй і Беларуссю, адзначае ён.
«У польскай турме няма «кума» (начальніка аператыўнай часткі калоніі. — «НН»), а ёсць выхавальнік. Калідорныя, як і адміністрацыя, ставяцца да зняволеных паважліва і без пагарды», — дадае палітуцекач.

У польскай вязніцы Панамароў на 380 старонках апісаў пенітэнцыярныя сістэмы Расіі, Беларусі і Польшчы. На апублікаванне сваіх мемуараў у яго няма сродкаў.
Сяргея не клапоціць, якой ён нацыянальнасці. Прызнаецца, што за рускую мову яму часцяком перападае, аднак адмаўляцца ад яе не збіраецца. Кажа, што на ёй вырас.
Яму падабаецца «пявучая беларуская і мяккая ўкраінская мовы, але вывучыць іх у 72 гады не здольны». Затое з вокнаў польскай кватэры вывесіў украінскі і бел-чырвона-белы сцягі.
Адсутнасцю звестак пра лёс палітвязняў Сяргей шакаваны.
«Крымінальнікі маюць больш правоў, чым нашы нявольнікі. Яны адгароджаныя не толькі калючым дротам, але пазбаўленыя перадач, ліставання, адвакатаў. А беларускі народ запалоханы і бяссільны», — эмацыйна выказваецца былы зняволены.

Ён не верыць, што нельга падкупіць «вертухаяў» ці турэмных медыкаў, каб ад іх атрымаць вестку пра палітвязняў.
Як прыклад прадажнасці турэмшчыкаў згадвае, як яму ўдавалася заказваць гарэлку і наркотыкі не толькі з расійскіх, але і з беларускіх калоній.
У Беларусі ён сядзеў на Валадарцы і ў ваўкавыскай калоніі з былым мэрам Нясвіжа, намеснікам Мінскага трактарнага завода, нямала было камерсантаў. Палітычных, кажа, у той час яшчэ не было.
«У вяртанне на радзіму і перамены не веру»
У эміграцыі Панамароў жыве 14 гадоў. З жонкай перад уцёкамі з Беларусі яму давялося развесціся. Яна адбыла хатнюю хімію і цяпер невыязная. Сына і ўнука не рызыкуе запрашаць, бо па вяртанні на радзіму іх могуць арыштаваць.
Са свайго жыцця выкрасліў замбаваных расійскай прапагандай сястру і сына ад першай жонкі.
У Польшчы на старасць атрымаў двухпакаёвую кватэру. У ёй жыве з сабакам Флінтам, якога ўратаваў шчанюком. Перанёс дзве аперацыі.

«Маю свой падворак і садок. Няма зубоў, з нагамі праблемы, бывае, што кружыцца галава. Адно вуха глухое. Засталіся моцнымі рукі і сэрца», — апавядае Сяргей.
Усім сваім нутром, прызнаецца ён, хоча вярнуцца на радзіму, але разумее, што паміраць яму давядзецца на чужыне. У лукашэнкаўскую Беларусь палітэмігранту дарогі няма.
«Мяне шукалі ў жонкі, у сына ў Клецку, а таксама ў Расіі, у сястры цэлых 10 гадоў», — адзначае ён.
На яго погляд, беларусы бяздумна аддалі свабоду ў лапы Лукашэнкі ў 1994 годзе. А з 2001-га змарнавалі магчымасці зрынуць рэжым — «баязлівасцю, прагнасцю, прадажнасцю лідараў, пацалункамі з АМАПам, выгукамі «міліцыя з народам!» ды кветкамі.
«Надзеі на вяртанне і перамены на радзіме пры маім жыцці няма, — падсумоўвае Сяргей. — Я закансерваваў сваю душу і сэрца ад летуценняў і болю. Проста дажываю са сваім сябрам Флінтам сваё жыццё на эміграцыі».
Сяргей Панамароў дагэтуль з барадой. Ён пастанавіў, што зголіць яе, калі не будзе Лукашэнкі. Адміністрацыя польскай вязніцы з разуменнем паставілася да пазіцыі зняволенага і не настойвала, каб барады не было.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
«Яны ваююць за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовах». Ціханоўская — пра смерць Ігара Ледніка
Катаванні палітычных у ІЧУ: «Бывалыя зэкі шкадуюць і дзеляцца чым могуць»
Каментары
"У Польшчы на старасць атрымаў двухпакаёвую кватэру. У ёй жыве з сабакам Флінтам, якога ўратаваў шчанюком. "
https://nashaniva.com/336831