Грамадства1515

«Ды ён усіх закалупаў!» Упершыню ў Лукашэнкі з'явіўся намеснік. Хто ён — Аляксандр Косінец?

64-гадовы выхадзец з-пад Оршы, медык па першай прафесіі, ён даўно працуе ў вышэйшых эшалонах улады. Самы інфармаваны. І бясконца ініцыятыўны. Настолькі, што, пагаворвалі, і свайго шэфа стаміў сваёй актыўнасцю. Аказалася — не. Быць намеснікам Аляксандра Лукашэнкі — найвышэйшая ступень даверу.

Аляксандр Косінец на Усебеларускім народным сходзе 24 красавіка. Скрыншот з відэа

Цяжка сказаць, які рэальны ўплыў будзе мець намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу. Але як бы ні было, у Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню з'явіўся намеснік. І хаця б таму да Аляксандра Косінца, хірурга, які зрабіў кар'еру ў дзяржаўным кіраванні, варта ўважліва прыгледзецца.

«Чаму Косінца знялі? Ды ён усіх закалупаў!» — так непаліткарэктна апісаў у свой час «Нашай Ніве» гэтага чалавека інсайдар з Адміністрацыі прэзідэнта. Па яго словах, энэрджайзер на чале Адміністрацыі стаміў самога Аляксандра Лукашэнку сваёй ініцыятыўнасцю.

Але далёка Косінца ягоны шэф не адпусціў. Зрабіў сваім памочнікам. А памочнікі пры рэжыме аднаасобнай улады маюць у нечым больш уплыву нават чым прэм'ер-міністры, не кажучы пра міністраў простых. Бо маюць непасрэдны доступ «да цела».

Інсайдары казалі, што Косінец працягваў захоўваць вялікую вагу ў дзяржаўным апараце: «Ёсць адчуванне, што ён усё ведае, самы інфармаваны», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы» ў Мінску.

Лукашэнка ў свой час характарызаваў Косінца як вельмі гарачага чалавека, а на сённяшнім УНС таксама адзначыў ягоную рэзкасць, лічачы гэта станоўчай якасцю.

@nashaniva Упершыню ў Лукашэнкі з'явіўся намеснік #беларусь #внс #маякраінабеларусь #белорусы #лукашенко #александрлукашенко #нашаніва #беларускаямова ♬ Paris - 3Hzwave

«Гэта працаголік і патрыёт. Я нават у свой час засумняваўся. Думаю, ці не стаіць хто-небудзь адтуль — ці з Усходу, ці з Захаду — за спінай гэтага чалавека: ён настолькі быў рашучым у выкананні тых даручэнняў, якія я яму даваў. Часта я правяраў яго гэтымі даручэннямі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка сваім цяпер перманентна асіплым голасам у кароткай рэпліцы пра Косінца. — Косінец якім быў, такім і застаўся — надзейным і патрыятычным чалавекам».

У якасці дарадцы Косінец ніяк не праяўляў сябе публічна — калі не лічыць правальнай ініцыятывы па вырабе беларускай вакцыны ад кавіду (пакуль яе пачалі выпускаць, каранавірус шмат разоў мутаваў і пандэмія скончылася).

«Увогуле, доктар ён добры, хірург, а вось як спецыяліст у дзяржаўным кіраванні?» — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

А што вядома пра Косінца з таго перыяду, калі ён быў больш публічным, больш адкрытым чалавекам? Нават тады ён не імкнуўся да славы.

Калі ў эфіры АНТ Косінца пахвалілі як аднаго з выканаўцаў Праграмы нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі, ён перапыніў вядучага. «Штохвілінна гэта праграма знаходзілася ў полі зроку прэзідэнта. Я дванаццаць разоў яму дакладваў! — расплыўся ва ўсмешцы чыноўнік. — Калі і казаць, хто галоўны герой, то павінна быць праўда! Праўда мацнейшая за закон».

Аляксандр Косінец у 2014 годзе. Фота Tut.by

Еўрарамонт ад выпускніка

Вёска Роскі Сялец, у якой нарадзіўся будучы кіраўнік Адміністрацыі, раскінулася на ўзгорках непадалёку ад трасы М1 і Оршы. Вялікі горад высмактаў з вёскі працоўную сілу. Цяпер у самім Роскім Сяльцы пераважна дажываюць век адны старыя. Але працуе школа — дзякуючы высілкам Косінца.

У 1990-я школа вымірала, у ёй заставалася трыццаць вучняў. Планавалася перавесці яе ў статус базавай, а пасля і ліквідаваць. Але калі Аляксандр Косінец узначаліў вобласць, будынак рэканструявалі. Вучняў, якіх у Роскім Сяльцы амаль няма, звозяць з суседніх вёсак. Настаўнікі таксама не мясцовыя — з Оршы і Смалянаў.

«Каб вы паглядзелі, як у нас школу аддзелалі! Ад старога будынка засталіся толькі цагліны, — захоплена расказвала нам знаёмая Косінцаў у 2015 годзе. — Там цяпер еўрарамонт зрабілі». Праўда, прыбіральню так і пакінулі на вуліцы.

Выпускная лінейка 2023 года ў Роскім Сяльцы. Фота з сайта ros-sel.goroo-orsha.by

Былы дырэктар школы Мікалай Ісакаў расказваў «Нашай Ніве» ў 2015 годзе, што Косінец дапамагае аднавяскоўцам: «Калі ёсць просьбы ад усіх людзей — заўсёды адгукаецца. Некалькі гадоў таму ўзімку зламалася воданапорная вежа. Мясцовы водаканал марудзіць. Тады я пазваніў Косінцу. Назаўтра ж прыехалі і ўсё зрабілі!»

Сын міліцыянта і настаўніцы

Пра маці чыноўніка вяскоўцы адгукаюцца прыязна. Таццяна Агееўна Гапоненка была настаўніцай матэматыкі ў той самай школе. 

А вось пра бацьку, Мікалая Мікалаевіча, інфармацыі менш. «Кім ён быў? Нават не скажу вам. Ён кудысьці ўсё ездзіў…» — расказвае суседка. «Бацька займаў розныя пасады, — удакладняе Мікалай Ісакаў, сябар сям’і. — Ён неяк у розных месцах працаваў. То ў міліцыі, то ў калгасе, то ў горадзе».

Дарэчы, род Косінцаў паходзіць з Талачынскага раёна, там канцэнтраваліся людзі з такім прозвішчам.

Багацця ў сям’і не было. «Тады ні ў каго не было. Усе аднолькава жылі», — згадваюць вяскоўцы.

Родная хата Аляксандра Косінца — з тыповымі для Аршаншчыны трыма вокнамі на вуліцу. Фота: Наша Ніва

У сям’і гадаваліся трое дзяцей, Аляксандр быў сярод іх малодшым.

Сястра Вольга працавала настаўніцай біялогіі ў адной са школ Оршы.

Брат Уладзімір, як і Аляксандр, пайшоў у медыцыну. Ён скончыў Вайскова-медыцынскую акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Пасля развалу СССР застаўся служыць у расійскім флоце. Даслужыўся да палкоўніка, працаваў доктарам скурна-венералагічнага аддзялення ў падмаскоўным медцэнтры пры Міністэрстве абароны Расіі.

Уладзімір Косінец, старэйшы брат Аляксандра. Фота з сацыяльных сетак

Як стварылася дынастыя медыкаў?

«Я ўсе гады вучыўся выдатна. Так выйшла, што ў мяне нават добрых адзнак не было, толькі выдатныя», — узгадваў Косінец. Аднак вяскоўцы кажуць, што медаля за школу ён усё ж не меў.

«Ён быў актыўным у дзіцячых арганізацыях: быў старшынёй савета дружыны, камсамольскім сакратаром. За актыўнасць яго ўзнагароджвалі пуцёўкай на месяц у «Зубраня», — узгадвае Мікалай Ісакаў.

«Увогуле, мне па жыцці шанцавала на добрых настаўнікаў і ў сельскай школе, і ў Оршы, і ў Сувораўскай вучэльні, і ў інстытуце», — расказваў у інтэрв’ю Косінец.

Аднак па вайсковай лініі Аляксандр не пайшоў і паступіў у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. Выбарам прафесіі браты Косінцы абавязаны свайму дзядзьку. Мікалай Гапоненка ўзначальваў у вёсцы фельчарска-акушэрскі пункт.

Да войска Косінец аказаўся датычным, толькі калі Аляксандр Лукашэнка надаў яму званне генерал-маёра як кіраўніку тэрытарыяльнай абароны.

«Аляксандр заўсёды па-простаму. Маці ж была сельскай настаўніцай — да абеду ў школе, а пасля на гаспадарцы. І ён такі самы, ад сялян. Калі вучыўся ва ўніверсітэце, званіў мне: «Мікалай Фёдаравіч, прыеду дахаты, трэба дапамагчы маці. Ці можна ўзяць у вас каня і воз?» І так і ўвесну, і ўвосень», — расказвае былы дырэктар школы.

З рэктара ў віцэ-прэм’еры

Медыцынская кар’ера Косінца разгортвалася імкліва. Пасля сканчэння вучобы ён застаўся ва ўніверсітэце. За 10 гадоў працы ўзняўся да пасады дацэнта кафедры шпітальнай хірургіі. За гэты час ён паспеў абараніць кандыдацкую (у Мінску) і доктарскую (у Маскве) дысертацыі. І гэта ў 37 гадоў!

Аляксандр Косінец спецыялізаваўся на хірургіі і анкалогіі. Некалькі гадоў пакіраваўшы РНПЦ «Інфекцыя ў хірургіі», Косінец вярнуўся ў альма-матэр рэктарам. Навуковай дзейнасці не спыняў. Апошняя кніга пад ягоным аўтарствам выйшла ў 2012 годзе, ужо падчас кіравання вобласцю.

Ініцыятыўнага рэктара заўважыў у свой час Урал Латыпаў, шэры кардынал на ранняй стадыі рэжыму Лукашэнкі. У 2005 годзе Косінца перавялі ў Мінск віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаннях.

Палітолаг, а цяпер палітзняволены Аляксандр Фядута ў свой час сцвярджаў, што менавіта дзякуючы Косінцу ўдалося змякчыць «рэформы Пастаялкі» — яны разыходзіліся ў бачанні шляхоў развіцця аховы здароўя.

Па інфармацыі Фядуты, ужо ў 2008 годзе былі два кандыдаты на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта — Косінец і Уладзімір Макей. Лукашэнка параіўся з Анатолем Рубінавым, з якім у Косінца не склаліся адносіны. Высокую пасаду заняў Макей, а віцебскага медыка адправілі кіраваць Віцебшчынай.

Што Косінец пакінуў пасля сябе ў Віцебску

Чым запомніўся Косінец на пасадзе старшыні Віцебскага аблвыканкама, дык гэта вялікімі праектамі.

Самая гучная ідэя — будаўніцтва «Дыснэйлэнда». У цэнтры Віцебска, за $100 мільёнаў. Зразумела, рэалізоўваць загадзя стратны праект нават не пачыналі.

Браўся Косінец і за праблему бяздомных, і за забарону сэксу па тэлефоне.

А вось рэканструкцыю плошчы Перамогі ў Віцебску ўдалося давесці да канца. Дрэвы спілавалі, а вызваленую прастору заклалі пліткай. Атрыманую плошчу называюць самай вялікай у Еўропе. У народзе ж яе празвалі «Аляксандр-пляц».

Па ініцыятыве Косінца «Макдональдс» упершыню выйшаў за межы Мінска і адкрыў рэстаран у Віцебску.

А ў цэнтры горада ўлетку 2014 паставілі помнік вялікаму князю Альгерду.

«Мы нікому не дамо сябе ў крыўду. Мы любім сваю Радзіму і будзем рабіць усё, каб яе абараніць. Будзем рабіць так, каб былі мір і росквіт. Але і пусціць сюды — мы нікога не пусцім. Нам чужой зямлі не трэба, але і сваёй не аддамо. Хто з мячом да нас прыйдзе — той ад мяча і загіне», — заявіў Косінец на наступны дзень.

Нарэшце, у часы кіравання Косінца «Пагоня» стала афіцыйным гербам Віцебскай вобласці.

Па кватэры — жонцы і сыну, катэдж — сабе

Пераехаўшы ў сталіцу, чыноўнік пакінуў віцебскую кватэру сыну. Тым часам сям’і давялося вырашаць жыллёвае пытанне ў Мінску. А чыноўнік з жонкай Аленай — таксама медыкам — змаглі трапіць у кааператыў «Атланта». Для работнікаў завода халадзільнікаў будаваўся шматпавярховік на вуліцы Гвардзейскай, непадалёку ад стэлы «Горад-герой Мінск». Тагачаснаму віцэ-прэм’еру дасталася вялікая трохпакаёўка — 120 м2.

Доўгі час кватэра належала Алене Косінец — як цяпер, не ведаем. Цікава, што месца на падземным паркінгу ў гэтым доме дасталася ёй у канцы 2013 года паводле дамовы раздзелу маёмасці.

Жыхары гэтага квартала ў 2020 годзе маглі шчасліва назіраць маршы за свабодныя выбары, у якіх бралі ўдзел сотні тысяч людзей. 

А вось на раздачу ўчасткаў у «Драздах-1» Косінец паспеў не адразу. Ягоная «чарга» надышла толькі ў пачатку 2008 года. Віцэ-прэм’ер займеў зямлю на вуліцы Дароўскай побач з бізнэсменамі сярэдняй рукі. За дамы тут просяць ад 1 да 2 мільёнаў долараў.

Катэдж плошчай 442 м2 дабудавалі да канца 2010 года, калі Косінец ужо працаваў у Віцебску. Пазней домам валодалі ў роўных долях бацька і сын — Аляксандр і Уладзімір Косінцы. 

Сын вярнуўся ў Беларусь

Уладзімір Косінец рабіў яшчэ больш імклівую кар’еру, чым бацька. Ён спачатку на выдатна скончыў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. У 27 гадоў Уладзімір стаў кандыдатам навук, а ўжо ў 31 абараніў у Расіі доктарскую дысертацыю.

Спецыялізацыяй Косінца-малодшага стала пластычная хірургія. Ён уладкаваўся пластычным хірургам у Еўрапейскі медыцынскі цэнтр у Маскве. Гэта клініка, якую яшчэ за савецкімі часамі адкрылі французы для абслугоўвання замежнікаў.

У канцы 2014 года Аляксандр Лукашэнка ўпікнуў тагачаснага міністра адукацыі Сяргея Маскевіча дзецьмі, якія працавалі за мяжой, у ЗША. Расія для цяперашняй Беларусі — не заграніца. Тым не менш, у 2015 годзе Уладзімір Косінец вярнуўся ў Беларусь і ўладкаваўся на працу ў клініцы пластычнай хірургіі Віцебскага медуніверсітэта і ў мінскі «Ладэ».

«Пакуль крызіс мала ўплывае на нашу работу, — казаў ён у леташнім інтэрв'ю. — Калі чалавек марыць нешта выправіць у сваёй знешнасці, наўрад ці адмовіцца ад задуманага».

Косінец-малодшы займаўся павелічэннем грудзей, змяншэннем насоў.

Гэта зводзіла яго ў тым ліку з зоркамі. Напрыклад, ён быў госцем на вяселлі ў дачкі знакамітага расійскага мадэльера Валянціна Юдашкіна.

…а бацька — у Мінск

У Мінск Аляксандра Косінца вярнулі ў канцы 2014 года, падчас вялікіх перастановак чыноўнікаў у год, калі Расія анексавала Крым. Косінец стаў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.

«Шчыра скажу — мне імпануе стыль працы Аляксандра Мікалаевіча, — казаў Лукашэнка пра Косінца. — Ён валявы, жорсткі, патрабавальны, накіраваны на вынік. Кажуць, што Косінец — чалавек прэзідэнта. А па-іншаму і быць не можа».

Стылю кіравання Косінца насамрэч характэрная жорсткасць. Падобныя эпітэты Лукашэнка адрасаваў, бадай, толькі Сямёну Шапіру, былому старшыні Мінскага аблвыканкама. «Мабілізаваць людскія рэсурсы, не менш за 7—10 тысяч чалавек, на ўборку лёну. … У адваротным выпадку буду лічыць, што наносіце краіне эканамічныя страты! Несяце персанальную адказнасць!» — такую гнеўную тэлефанаграму рассылаў Косінец увосень 2012 года.

«Лідарская жылка ў яго была. Можа, нейкае імкненне да ўлады ёсць, але ён не з тых, хто лезе па галовах», — мяркуе Мікалай Ісакаў.

Косінец у Адміністрацыі

На перыяд кіравання Косінца ў Адміністрацыі прэзідэнта прыпаў перыяд аддалення Беларусі ад Расіі і наладжвання адносін з Захадам — гэта адбылося пасля анексіі Расіяй Крыма і акупацыі часткі Данбаса. 

Лінія Косінца ніколі і нічым не адрознівалася ад лініі Лукашэнкі. Ëн частка сістэмы, верны кадр.

У свой час, у 2010-я, разам з Косінцам пайшлі на падвышэнне і яго былыя падначаленыя. У тым ліку і кіраўніца Наваполацка Наталля Качанава стала віцэ-прэм'еркай.

Найвышэйшая ступень даверу

Многія падумалі, што 24 красавіка Наталля Качанава была больш за ўсіх расчараваная, што пасада намесніка дасталася не ёй. О, яна была б здольная спалучыць два крэслы — у Савеце Рэспублікі і ў УНС. (Дарэчы, пра многае скажа той факт, дзе размесцяць Косінца і ягонае ведамства, у якім будынку.)

«Качанава будзе расчараваная? Гэта няправільнае ўражанне, — тлумачыць суразмоўца «Нашай Нівы» ў Мінску. — Косінец Качанаву заўсёды падтрымліваў. Калі яна ў Полацку была, а ён у Віцебску, то ён яе нахвальваў вечна і, увогуле, не апошнюю ролю сыграў у яе лёсе».

Быць намеснікам Аляксандра Лукашэнкі — найвышэйшая ступень даверу. Не выключана, што ў Мінску з'явіцца новы цэнтр сілы ў дадатак да Адміністрацыі і Саўміна. 

 

* * *

Аляксандр Косінец. Біяграфія

Нарадзіўся 27 мая 1959 года ў вёсцы 
Роскі Сялец на Аршаншчыне. Закончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1982), магістратуру эканамічнага факультэта БДУ (2007). Кандыдат (1988) і доктар медыцынскіх навук (1993). Працаваў у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (1980—1994) — клінічны ардынатар, асістэнт, дацэнт кафедры шпітальнай хірургіі. Кіраўнік РНПЦ «Інфекцыя і хірургія» (1995— 1997), рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (1997—2005), віцэ-прэм’ер (2005—2008), старшыня Віцебскага аблвыканкама (2008—2014). У 2014—2016 кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. У 2017 — 2024 дарадца Аляксандра Лукашэнкі. Ягоная жонка — таксама медык. Ëн мае сына.

Каментары15

  • Лёлік
    24.04.2024
    Жістокі ара, э!
  • даведка
    24.04.2024
    Александр Косинец земляк Александра Лукашенко. Оба родом из Оршанского района.
    Карпенко им обоим предлагал возможность самоотвода, однако оба категорически пожелали занять посты в ВНС.
  • Шуба
    24.04.2024
    Качанаву апракінулі бо ў яе шчыльныя сувязі з крамлёўскімі, асабліва з Валяй -гранёны стакан.

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →