У Варшаве п'яная беларуска прынесла ў бальніцу зусім знясіленае немаўля. А потым спрабавала з ім збегчы
Паліцыя затрымала гора-бацькоў.
У ноч на 22 мая п'яныя жанчына і мужчына прынеслі ў бальніцу ў цэнтры Варшавы моцна знясіленае 10-тыднёвае дзіця.
Дактары выявілі, што груднічок відавочна галадае — ён важыў усяго паўтара кілаграма, у яго былі бачныя косткі. Пачуўшы словы дактароў, мужчына і жанчына схапілі дзіця і ўцяклі, піша Miejski Reporter.
Супрацоўнікі бальніцы выклікалі паліцыю, на пошукі пары з дзіцем накіравалі некалькі нарадаў. Неўзабаве ўцекачоў знайшлі. Дзіця вярнулі ў клініку. Дзіця было настолькі знясіленае, што медыкі спачатку баяліся везці яго ў дзіцячую бальніцу. Аднак пасля ўмяшання ваяводскага чыноўніка хуткая забрала дзіця — яго шпіталізавалі.
Маці аказалася грамадзянкай Беларусі, яе разам са спадарожнікам затрымалі. У пары выявілі адно праміле алкаголю ў выдыханым паветры. Мужчыну і жанчыне выстаўлена абвінавачванне ў тым, што яны падвергнулі дзіця небяспецы.
Па гэтым артыкуле ім пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў турмы. Справай займаюцца паліцыя і пракуратура.
Каментары
Интересно что бы дохтары рабили, ксли бы не чыноуник??)))