Культура77

Разбурэнне стэрэатыпаў. Навукоўцы высветлілі, што шэдэўр беларускай скульптуры паходзіць з крайняга ўсходу Беларусі

Раней лічылася, што такая выдатная рэч магла з'явіцца толькі ў заходніх рэгіёнах краіны. Вось якія адкрыцці яшчэ ўдалося зрабіць мастацтвазнаўцам.

Фрагмент Укрыжавання, якое раней лічылася помнікам з Галубічаў. Фота: Wikimedia Commons

У першай палове года ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшла маштабная выстаўка «Беларуская скульптура XVII—XVIII стагоддзяў», на якой былі прадстаўлены больш за 80 помнікаў, створаных у перыяд найвышэйшага росквіту культавай драўлянай скульптуры ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Гэтая падзея пацягнула за сабой шэраг важных адкрыццяў. 

Выстаўку адкрывала Укрыжаванне, якое лічылася найстарэйшым у Беларусі і датавалася аж XIV стагоддзем, часам валадарання Гедыміна ды Кейстута. Мастацтвазнаўцы Мікалай Памяранцаў і Міхаіл Кацар нават лічылі, што гэтая выява — узор раманскай пластыкі.

Мастацтвазнаўца Наталля Высоцкая пісала пра гэты помнік: 

«Паліхромнае драўлянае распяцце з’яўляецца ўзорам дасведчанасці мясцовага майстра-разьбяра, на чыю творчасць паўплывалі асаблівасці суровага стылю еўрапейскага абарончага дойлідства і пэўныя павевы італьянскага мастацтва».

Укрыжаванне, якое раней лічылася помнікам з Галубічаў. Фота: Wikimedia Commons

У гэтым помніку сапраўды ёсць рысы раманскага стылю, але сёння мастацтвазнаўцы лічаць, што агульная трактоўка выявы Хрыста нагадвае помнікі гатычнай і рэнесанснай скульптуры.

Рэч у тым, што ў раманскім мастацтве Хрыстос паказваўся пераможцам смерці — без болю і пакут, панавала трактоўка Бога-Цара, а на беларускім укрыжаванні ён паказаны як Хрыстос-чалавек, які пакутуе і памірае на крыжы, а значыць яго наўрад ці можа датаваць XIV стагоддзем. Але і новая даціроўка, XVII стагоддзе, пакуль застаецца пад пытаннем.

Скульптура не толькі памаладзела, але і змяніла лакалізацыю. Раней ва ўсіх крыніцах яна праходзіла як укрыжаванне з Галубічаў, вёскі ў сённяшнім Глыбоцкім раёне, недалёка ад Падсвілля. Тут якраз у першай палове XVII стагоддзя была збудавана царква.

Сапраўднае Укрыжаванне з Галубічаў. Невядомы майстар. XVIII—XIX стст. Дрэва, разьба, паліхромія. Фота: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Але даследчыкі выявілі, што галубіцкае ўкрыжаванне фіксуецца ў зборы Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. З апісання стала зразумела, што ягоныя памеры значна меншыя за тыя, што мае твор, які да сёння лічыўся «ўкрыжаваннем з Галубічаў».

Пасля расфарміравання Віленскага музея ў 1945 годзе сапраўднае ўкрыжаванне з Галубічаў трапіла ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У музеі яму прысвоілі нумар, які музейшчыкі адшукалі на адным з укрыжаванняў у сваёй калекцыі — фрагментарна захаванай выяве XIX стагоддзя.

Але адкуль тады паходзіць іншае ўкрыжаванне? На гэтае пытанне таксама адшукаўся адказ. На ім ёсць музейны нумар, які яно атрымала да вайны, калі знаходзілася ў калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея. Як сведчаць дакументы, туды яно было перададзена з Мсціслаўскага царкоўнага музея. 

Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей існаваў з 1915 года, у яго фондах налічвалася 1157 адзінак захоўвання, у тым ліку прадметы з археалагічнай, нумізматычнай і этнаграфічнай калекцый, а таксама царкоўныя старажытнасці. Укрыжаванню пашчасціла трапіць у Мінск, бо ў час Другой сусветнай вайны ўся калекцыя музея бясследна знікла.

Гэтае адкрыццё разбурае стэрэатып, які доўга панаваў у краіне, што любая выдатная разная выява паходзіць з заходніх абласцей Беларусі.

Насамрэч драўляная скульптура была пашырана і развівалася па ўсёй краіне, а помнікі з усходу Беларусі — гэта помнікі вельмі высокай мастацкай вартасці. Нездарма менавіта з усходу краіны беларускія майстры, якія стварылі ўнікальную «беларускую скразную рэзь», вывозіліся ў Маскоўскае царства і выконвалі заказы для цара.

Ёсць і іншыя адкрыцці. Так, скульптура трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя з Троіцкага касцёла ў Шарашове Пружанскага раёна, якая страціла рукі і адну нагу, раней лічылася выявай невядомага святога або апостала. Але на целе і на захаванай назе бачныя раны, якія характэрныя толькі для выявы Хрыста, скульптура, відаць, была частка касцельнай кампазіцыі Святая Тройца.

Як раней экспанавалі «царскія вароты» з віцебскай Юр'еўскай царквы. Фота: Wikimedia Commons

Вядомыя «царскія вароты» з іканастаса віцебскай Юр'еўскай царквы раней звярталі на сябе ўвагу парушэннем малюнка, якое тлумачылі тым, што майстар не справіўся з работай. Выявілася, што іх, па-першае, няправільна экспанавалі, а па-другое, гэта дзве розныя створкі ўваходных дзвярэй царквы. У час рамонту ў царкве іх падрэзалі і перарабілі ў аднастворкавыя дзверы — у такім выглядзе яны патрапілі ў музейны збор Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея, дзе іх памылкова атрыбутавалі як «алтарныя дзверы». 

Як сапраўды выглядалі ўваходныя дзверы Юр'еўскай царквы. Фота: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Яшчэ адзін кур'ёзны выпадак звязаны з аўтарствам. Культавыя аб'екты ўвогуле вельмі рэдка падпісваліся. Імёны майстроў вядомыя пераважна з дамоваў, што захаваліся ў архівах. Але на адным з укрыжаванняў на адвароце маецца надпіс лацінкай «1696, Kazimirus Krupowicz». На падставе надпісу на Укрыжаванні гэтае імя палічылі імем аўтара і нават унеслі ў слоўнік рэзчыкаў, скульптараў, якія працавалі ў Беларусі ў XV—XVIII стст.

Але, як аказалася, гэтае ўкрыжаванне ў 1938 годзе было перададзена ў Віленскі беларускі музей мастаком Пётрам Сергіевічам з касцёла ў Поразаве, дзе на пачатку XVIII стагоддзя плябанам служыў Казімір Круповіч. Ён браў удзел у будаўніцтве мясцовага касцёла ў 1715 годзе, і надпіс згадвае яго як фундатара, а не як аўтара.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • ў 20-40 бальшавіцкая арда знішчала ўсё еўрапейскае
    06.08.2024
    ў ВКЛ не было заходняй ці ўсходняй частцы , на захадзе больш помнікаў дзякуючы польскай акупацыі, ў 20-40 бальшавіцкая арда знішчала ўсё еўрапейскае
  • вывозіліся ў Маскоўскае царства і выконвалі заказы для цара
    06.08.2024
    тут не можа быць больш халуйства ))) калі дзеля арды то 100% якасныя выканаўцы . Ой доўга нам да ВКЛ-БНР яшчэ паўзці

    "Нездарма менавіта з усходу краіны беларускія майстры, якія стварылі ўнікальную «беларускую скразную рэзь», вывозіліся ў Маскоўскае царства і выконвалі заказы для цара."
  • Пытанне
    06.08.2024
    Дзякуй за артыкул, вельмi цiкпва. Пытанне тодькi да выкарыстоуваемай тэрмiналогii. "любая выдатная разная выява" - - а што такое за слова "разная"? Ад якога слова паходзiць - - "разнiць" ? Бо ад слова "разьба" паходзiць "разьбяны". Тое самае i да слова "рэзчыкi", бо ад слова "разьба" паходзiць слова "разьбяры", але нiяк не "рэзчыкi".

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Усе навіны →
Усе навіны

Аер — лекі, ежа для беднякоў і экспартны ласунак3

На Венецыянскім кінафестывалі скандал з-за фільма пра расійскую армію ва Украіне. У чым прычына?17

Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці16

Якое надвор'е будзе гэтай восенню?1

У Баранавічах затрымалі двух былых вайскоўцаў, якія звольніліся ў 2020-м

Джордж Марцін раскрытыкаваў другі сезон «Дома Цмока». Яго абурыла адна дэталь1

У Мінску адкрыўся «Восеньскі салон» ФОТЫ2

У ЗША аднагадовы хлопчык асвоіў горны ровар ВІДЭА2

Кірыла Буданаў: Telegram нясе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Галоўнае
Усе навіны →