Платформа Fibery абмяжоўвае доступ да сэрвісу з Беларусі і Расіі
Створаная беларусамі платформа для кіравання працоўнымі працэсамі Fibery спыняе доступ да сэрвісу ў Беларусі і Расіі з 12 верасня. Гэта абумоўлена санкцыямі ЗША, піша Devby.io.
Fibery стала рассылаць кліентам папярэджанні аб тым, што сэрвіс стане недаступным для кліентаў у Беларусі і Расіі з 12 верасня.
«Санкцыі ЗША ў дзеянні», — пракаментаваў у фэйсбуку прынятае рашэнне заснавальнік і CEO Fibery Міхаіл Дубакоў.
Пад гэтым допісам Дубакова разгарэлася дыскусія: частка карыстальнікаў запэўнівае, што абмежаванні ЗША толькі для расіян і не павінны закрануць Беларусь. Але каманда Fibery пераправерыла і пацвердзіла: забарона непазбежная, паколькі кампанія цяпер базуецца ў Штатах.
«Галоўная юрыдычная асоба Fibery — у ЗША, — звярнуў увагу Міхаіл Дубакоў. — Закрыюць доступ, верагодна, усё: Miro, Notion, Coda і іншыя кампаніі, чый сэрвіс можна прывязаць да тыпу софту ў санкцыйных спісе, напрыклад, CRM або ERP.
У Беларусі і Расіі ў нас былі дзясяткі кліентаў. Але доступ будзе закрыты для краін, а не для грамадзян, з тэрыторыі іншых краін усё будзе працаваць».
Раней у сярэдзіне жніўня пра абмежаванні з 12 верасня абвясціла Miro. Пазней высветлілася, што кампанія закрые толькі платныя акаўнты ў Расіі і Беларусі, бясплатныя ж абслугоўваць працягнуць. У Fibery ж усе акаўнты платныя.
Каментары