«Я нават не значылася ў дэпартацыйным спісе». Як украінку пяць месяцаў трымалі ў гомельскім ІЧУ без следства
Сёстры Наталля Ярашэнка і Людміла Ганчарэнка — украінкі, родам з Чарнігава. Іх затрымалі ў ліпені 2023 года падчас чарговага візіту ў Беларусь разам з іхнімі двума непаўналетнімі дзецьмі. На той момант ва Украіне ў Людмілы засталося трохмесячнае дзіця. У выніку яе абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» і асудзілі да пазбаўлення волі, а Наталлю пратрымалі амаль пяць месяцаў у гомельскім ізалятары часовага ўтрымання без следства і без выстаўлення абвінавачвання. Пасля суда над Людмілай Наталлю проста вывезлі на мяжу з Украінай і сказалі, што яе дэпартуюць, пры гэтым штамп аб дэпартацыі ў пашпарт не паставілі. Усё, што засталося ў Наталлі з пацвярджэння яе знаходжання ў ІЧУ — квітанцыя аб аплаце за ўтрыманне на суму каля 400 даляраў. Яшчэ праз паўгода абмянялі і Людмілу — як палонную. Наталля Ярашэнка расказала «Вясне» пра допыты і пагрозы супрацоўнікамі КДБ, пра пяць месяцаў у рэжыме інкамунікада, пра ўмовы ўтрымання ў гомельскім ізалятары і дэпартацыю.

«Ад таго часу я больш нічога не ведала пра дзяцей»
Да пачатку поўнамаштабнай вайны жанчыны часта бывалі ў Беларусі — з ёй быў звязаны іх бізнэс, там жывуць іх родныя. З пачаткам ваенных дзеянняў жанчыны пачалі ездзіць праз Польшчу.
Падчас аднаго з візітаў жанчыны спыніліся ў Брэсце на начлег пасля доўгай дарогі. Увечары іх разам з непаўналетнімі сынамі (13 і 14 гадоў) затрымалі супрацоўнікі КДБ. Нагода — відэа перамяшчэння расійскай тэхнікі на тэлефоне сына Людмілы. Пасля затрымання ўсіх перавезлі ў Гомель.
Ужо ў КДБ Людміле дазволілі патэлефанаваць сваёй сяброўцы і дамовіцца, каб тая забрала хлопцаў да сябе. Другое дзіця Людмілы на той момант знаходзілася з роднымі ва Украіне.
«Ад таго часу я больш нічога не ведала пра дзяцей. Супрацоўнікі мне ўвесь час казалі: «Не хвалюйцеся, дзеці ў Беларусі, яны ходзяць гуляць у парк, адпачываюць ад вайны». Таму я думала, што яны ў сяброўкі.
Майго сына на допыт не вазілі, толькі сына Люды. Ён расказваў, што яны яму прапанавалі паехаць да іх папіць гарбаты. Яны частавалі гарбатай, нейкімі цукеркамі, і дапытвалі. Пыталіся пра здымку відэа на тэлефон, што ён ведае пра гэта. Але я не ведаю, як дакладна яны яго там дапытвалі. Калі я вярнулася дадому, дзіця было вельмі траўмаванае, таму я не задавала яму пытанняў. У яго тады на нервовай глебе шмат вылезла захворванняў».
«Калі ў мяне тут няма крэўных сваякоў, маё дзіця будзе знаходзіцца ў дзіцячым доме»
Жанчына адразу была ўпэўненая, што яе адпусцяць пасля праверкі цягам некалькіх дзён. Падчас допытаў супрацоўнікі КДБ неаднаразова пагражалі Наталлі забраць яе сына:
«Яны ўвесь час мне казалі, што вось у Люды ў Гомелі ёсць біялагічны бацька ягонага сына, яны яго могуць знайсці і прымусіць забраць дзіця на выхаванне. А калі у мяне тут няма крэўных сваякоў, маё дзіця будзе знаходзіцца ў дзіцячым доме роўна столькі, колькі я знаходжуся ў іх. Я іх прасіла, казала ім, што мой сын скончыў дзевяць класаў і яму трэба паступаць, прасіла яго адправіць дадому ва Украіну.
У выніку недзе з тыдзень дзеці былі ў Гомелі, а потым ім дазволілі з'ехаць. У іх украінскае грамадзянства, таму Беларусь не кантралюе нашых дзяцей, г.зн. любы чалавек іх можа вывезці».
«Яны не дапускалі, каб мы з сястрой перасякаліся»
Ад моманту пераводу ў Гомель Наталля аж да вызвалення знаходзілася ў мясцовым ІЧУ. У агульным ліку жанчына правяла там 147 сутак.
«Я ўвесь час была ў ІЧУ. На дзён шэсць мяне аднойчы перавялі ў карцар. Там не было ні вокнаў, ні святла, нічога. Потым мяне перавялі ў камеру да адной дзяўчынкі з Гомеля. А калі Люду перавялі з ІЧУ ў СІЗА, мяне перавялі ў камеру да яе сукамерніцы. Гэта значыць, яны не дапускалі, каб мы з сястрой перасякаліся. Я нават не ведала, што Люда там была».
«Я нават у іх не значылася»
Ніякія дакументы Наталлі не выдавалі ні падчас зняволення, ні пасля вызвалення. Прычыны яе знаходжання ў ІЧУ ёй не называлі. За ўвесь час знаходжання там яе толькі некалькі разоў дапытвалі, але абвінавачванні не выстаўлялі.
«Маё знаходжанне там мне ніяк не тлумачылі. Я нават у іх не значылася. Толькі аднойчы сказалі, што я — «на выправаджэнні». Я нават не значылася ў дэпартацыйным спісе. Да нас штомесяц прыязджалі з «Чырвонага Крыжа». Першы раз мяне нават не запрасілі да супрацоўніка, які выдаваў нейкія наборы са сродкамі асабістай гігіены дэпартантам. А калі павялі да яго на другі месяц, то мяне проста не было ў спісах нават. Але набор мне выдаў. І ўсё, што ў мяне засталося — даведка з разліковым рахункам, якую яны мне далі, каб я аплаціла ўтрыманне. А так бы яны не далі ніякіх дакументаў наогул.
Яны мяне выпусцілі за некалькі дзён да дэпартацыі. Спыталі, ці ёсць у мяне грошы. Я сказала, што няма. На што яны адказалі, што тады адвязуць мяне да сяброўкі ды я мушу аплаціць, бо без гэтага мяне не выпусцяць».
«Пракладкі даводзілася не толькі выпрошваць, але і паказваць»
На шпацыр жанчыну вывелі толькі аднойчы — прыкладна праз два месяцы пасля затрымання. У душ Наталлю спачатку не выводзілі зусім, а пазней дазвалялі хадзіць раз у 10 дзён, часам нават часцей, але і гэта залежала ад розных абставінаў.
«Адзенне мне не перадавалі. Адзінае, мне дазволілі адразу пасля затрымання напісаць ім спіс сваіх рэчаў, якія тады былі ў сяброўкі, і яны іх забралі і прывезлі мне. Потым ужо Людзіна адвакатка дамаглася, каб мне пазней перадалі цёплыя рэчы. Першы месяц мне наогул нічога не дазвалялі.
Ну, а пракладкі нам там выдавала медсястра. Іх даводзілася не толькі выпрошваць, але і паказваць. У дзяўчынкі, якая са мной была, на выхадных адкрыўся крывацёк. Яна грукала «прадольным», прасіла пракладку. А яны: «Дзе мы вам яе возьмем? Чакайце панядзелка». Дык яна на злосці разарвала прасціну ды падкладала».
«Наташа, ты ж ведаеш пад кім ты сядзіш»
Аднойчы ў ІЧУ ў Наталлі моцна надзьмулася вена. Наталля тады спалохалася, што гэта можа быць тромб, і паклікала лекара. Замест аказання дапамогі жанчыне выдалі проста таблетку аспірыну.
«На наступны дзень да мяне ў ІЧУ прыехалі з КДБ на допыт. Я заходжу, плачу і кажу: «У мяне такая праблема, дапамажыце мне трапіць у лякарню». Але ніхто, вядома, нічога не зрабіў. У выніку да мяне прыйшла медсястра і я папрасіла яе за мае грошы купіць мазі для вен. А ў бальніцу мяне ніхто не вёз. Я прасіла, пісала заяву начальніку. А потым прыйшоў дзяжурны і сказаў: «Наташа, ты ж ведаеш пад кім ты сядзіш. Пакуль яны не дадуць дабро, мы цябе нікуды не павязем».
Потым, калі ўжо ў снежні мяне павезлі на суд да Люды, я ў машыне пачала іх прасіць, казаць, што я ўжо месяц хаджу з гэтай хворай нагой. Я ім сказала, што я баюся памерці. І яны ўжо, напэўна, пашкадавалі і сказалі пра гэта ў ІЧУ. І ў выніку 6 або 7 снежня мяне ўсё-такі вазілі да лекара. А праз дзевяць дзён мяне выпусцілі».
«Ён сказаў, што калі я да чацвярга не знайду правільных адказаў на пытанні, то буду саўдзельніцай»
Людмілу абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» паводле арт. 358 КК. Падставай для завядзення крымінальнай справы сталі тры эпізоды з фота і відэа расійскай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі ў тэлефоне яе сына.
Следчы, які вёў справу жанчыны, на першай сустрэчы палохаў Наталлю зрабіць яе саўдзельніцай па гэтай справе.
«Ён сказаў, што калі я да чацвярга не знайду правільных адказаў на пытанні, то я буду саўдзельніцай, а гэта — ад сямі гадоў пазбаўлення волі.
Я наогул чалавек, які не курыць, але закурыла ад нерваў на другі тыдзень там. І я тады ў аператыўніка, які мяне ўвесь час вазіў на допыты, папрасіла цыгарэту, таму што ў мяне ж не было перадач. І ён мяне вывеў пакурыць. Я яму кажу, што вы ж мяне абяцалі выпусціць, чаму цяпер мяне палохаюць, што мне сем гадоў будзе. Ён сказаў, што мне далі час падумаць. Калі правільна адкажу, то мяне адпусцяць. У выніку да мяне прыехалі толькі праз тыдні са два. Сказалі, што мы разабраліся. Люда прызнала сваю віну».
«Я там схуднела на 18 кілаграм»
У снежні 2023 года над Людмілай пачаўся суд. Наталлю выклікалі ў якасці сведкі. Жанчына расказала пра свае эмоцыі падчас сустрэчы з сястрой на судзе:
«Яна сядзела з такім чырвоным тварам. Яна гіпертонік. А я зайшла худая — я там схуднела на 18 кілаграмаў. З вельмі сівымі валасамі, што адраслі, я ж не фарбавала іх столькі месяцаў. Але Люда выглядала лепш. Яна мне потым сказала, што я вельмі пастарэла. Яна нават расказала, што адвакатка яе сказала: «Відаць, што жанчына прыгожая, але так яны яе дабілі». А мне сяброўка перадала куртку 60‑га памеру. І я калі сябе ў люстэрка першы раз убачыла ў прыбіральні суда, проста жахнулася. Такі твар шэры, валасы сівыя, не бачыла ж святла ўсе гэтыя месяцы».
Падчас суда Наталля адмовілася даваць паказанні супраць сястры. Жанчына ўспамінае, што павінна была даваць паказанні ў судзе без прысутнасці супрацоўнікаў, бо суд закрыты. Але яны пісалі заявы, каб іх пусцілі разам з ёй.
«Сказаў, што мяне адпускаюць і гэта падарунак на Дзень нараджэння»
Яшчэ да вынясення прысуду Людміле яе сястру вырашылі дэпартаваць ва Украіну. Незадоўга да вызвалення сілавікі вырашалі, як менавіта дэпартаваць Наталлю, бо, з іх слоў, той бок не прымаў жанчыну. Яны пыталіся, ці зможа яна дабрацца з Польшчы, абмяркоўвалі, праз які пункт пропуску можна наўпрост ва Украіну.
«15 снежня пасля абеду адкрылася акенца і кажуць: «Збірайце рэчы». Калі я спусцілася ўніз, там ужо не было кадэбістаў. Я спытала ў дзяжурнага, ці дакладна мяне адпусцяць. Ён сказаў: «Так, Ярашэнка, маўчы, каб не накаркаць». Я доўга сядзела, чакала. Потым пачула, што на маё месца ў камеру прывялі іншую жанчыну. Таму я вырашыла, што мяне дакладна адпусцяць.
Потым прыйшоў кадэбіст з маёй сім-картай. Працёр яе сваёй кофтай, уставіў ў тэлефон і аддаў. Сказаў, што мяне адпускаюць і гэта падарунак на Дзень нараджэння».
Адразу супрацоўнікі КДБ сказалі Наталлі, што яе павязуць на мяжу, але праз некаторы час паведамілі, што трэба пажыць пару дзён у сяброўкі, якую ўжо папярэдзілі пра гэта. Акрамя гэтага, жанчыне далі разліковы за ўтрыманне ў ІЧУ на суму амаль 400 даляраў, які трэба было аплаціць, каб выехаць з Беларусі.
Праз чатыры дні Людміле вынеслі прысуд — тры гады пазбаўлення волі. Адразу пасля гэтага Наталлю забралі супрацоўнікі КДБ і павезлі на мяжу.
«У мяне наогул няма ніякай адзнакі ў пашпарце»
Па словах Наталлі, за ёй абяцалі прыехаць на дзень раней, але сілавікі сказалі: «Учора некаторыя пытанні з Украінай не зрасліся. Той бок вас не прымаў».
«Хоць з Украінай яны ніякіх пытанняў не вырашаюць. Яны проста пачысцілі мой тэлефон, узялі адбіткі і адправілі мяне на мяжу.
Пры гэтым ва Украіне мяне не ведаў ніводзін чалавек. Там адразу выклікалі нашы службы. Мяне доўга не ўпускалі ва Украіну, паўдня сядзела ў вагончыку і чакала СБУ. Таму што ці мала хто я, так доўга адсутнічала і дакументаў няма. Я нават не ведаю, ці вераць яны мне. Нашы службы здзівіліся, чаму мяне столькі трымалі ў зняволенні і адпусцілі без суда. Але я ўсё разумею, у нас у краіне вайна і таксама шмат здраднікаў.
Яны мне сказалі: «Калі б вас дэпартавалі, то ў вас была б пячатка аб дэпартацыі». Але мне яе ніхто не паставіў. У мяне наогул няма ніякай адзнакі ў пашпарце.
Там жа перад самай мяжой кадэбісты забралі мой тэлефон і вельмі доўга абнулялі яго да завадскіх наладаў. А памежнікі мяне па-рознаму фатаграфавалі, знялі адбіткі. І проста сказалі, што я дэпартаваная і не ўязная ў Беларусь і Расію да 19 снежня 2028 года. Але адзнакі пра гэта нідзе няма».
Ужо знаходзячыся ва Украіне, Наталля праз беларускага адваката спрабавала атрымаць дакумент, які пацвярджае факт дэпартацыі. Адвакат падаў запыт, але яму адказалі, што гэтая інфармацыя закрытая.
«Калі мяне гэтыя кадэбісты везлі на мяжу, яны адразу сказалі, што мне ва Украіне будзе не салодка, будуць і дэтэктары, і недавер. І я вельмі хацела, каб у мяне быў хоць нейкі дакумент аб дэпартацыі».
Наталля расказала, што ўжо ва Украіне сустрэлася са сваёй сукамерніцай з ІЧУ, якую таксама дэпартавалі. Праз страту пашпарта ўкраінская амбасада Украіны ў Беларусі, па словах жанчыны, выдала белы дакумент, у які ў пункце пропуску беларускія памежнікі паставілі штамп аб дэпартацыі.
«Міхайлаўна, не ўсё ж вам трэба ведаць»
Усе пяць месяцаў у ІЧУ Наталля была практычна ўвесь час утрымлівалася ў рэжыме інкамунікада — без сувязі са знешнім светам. Лісты, якія пісалі жанчыне, аддалі ёй толькі пасля вызвалення.

«Я спытала, чаму вы мне не аддавалі адразу. Мне сказалі: «Ярашэнка, шмат пытанняў. Ты ж ведаеш пад кім ты сядзіш».
Адзін раз яны нам з Людай зладзілі вочную стаўку. Яны прывезлі мяне на аўтазаку на допыт у КДБ. У кайданках. Я ўжо перачытала ўсе малітвы. Я ж Гомель добра ведаю, па дарозе зразумела, што мяне вязуць у КДБ. Я так плакала ў гэтым пакоі допыту. Потым зайшоў следчы і кажа: «Калі ты зараз супакоішся, то сюды прыедзе Люда, не — паедзеш назад».
Праз некаторы час у камеру прывялі Людмілу. З імі сеў следчы і сказаў, што яны хочуць, каб Наталля даведалася навіны з дому, бо яе сястра ўвесь час атрымлівала лісты. Людміла перадала Наталлі лісты. Тады жанчына даведалася, што дзеці знаходзяцца ва Украіне, а яе сын паступіў у вучэльню.
«Я спытала, чаму яны мяне падманвалі, што дзеці ў Беларусі. А яны сказалі: «Міхайлаўна, не ўсё ж вам трэба ведаць».
«Калі ён мне сказаў, што здарылася ў Чарнігаве, я думала звар'яцею»
Наталля кажа, што толькі адзін раз у яе атрымалася даведацца навіну ад сям'і праз сукамерніцу. Жанчына выйшла з ІЧУ і звязалася з мужам Наталлі. Праз некаторы час праз іншую арыштантку жанчыне перадалі, што з яе сям'ёй у Чарнігаве ўсё ў парадку. Астатні час украінка жыла ў поўным няведанні, што выклікала пастаянны стрэс, у тым ліку праз ваенныя дзеянні.
«Мне неяк дзяжурны расказаў, што здарылася трагедыя ў Чарнігаве: падчас выставы дронаў па драмтэатры пусцілі ракеты і шмат людзей загінула. У мяне такая істэрыка здарылася. Таму што ў мяне два пацаны дома, думаю, дакладна пайшлі на тую выставу. І іх, напэўна, забіла. Быў такі стан жахлівы. Я ж без таблетак жыла, без антыдэпрэсантаў. У мяне была бессань страшная, я зусім не спала. Яны нават мне давалі моцнае снатворнае, але дайшло да таго, што гэтыя таблеткі мяне потым ужо не бралі. Таму, калі ён мне сказаў, што здарылася ў Чарнігаве, я думала звар'яцею.
Люда расказвала, што ёй было нашмат лягчэй, чым мне. Таму што ў яе хоць бы сувязь была, зносіны з іншымі людзьмі. А я прасіла мяне перавесці ў камеру, дзе ёсць іншыя дзяўчаты, але мне адмаўлялі».
«Нашых супрацоўнікаў СБУ яны таксама ведалі»
Падчас допытаў супрацоўнікі КДБ неаднаразова прасілі апазнаць украінскіх супрацоўнікаў спецслужбаў, пыталіся пра розныя месцы ў Чарнігаве, кавярні.
«Пыталіся пра грамадзян Украіны, якія раней часта ездзілі ў Гомель. Яны многіх гэтых людзей ведалі па мянушках, прозвішчах. Прасілі расказаць пра іх. Пра беларускіх перавозчыкаў. Пыталіся ці могуць яны падтрымліваць сувязь з нашымі ўкраінскімі памежнікамі. І нашых супрацоўнікаў СБУ яны таксама ведалі».
Пасля затрымання Наталлі давялося прайсці паліграф. Пытанні тычыліся Украіны і фота— ды відэаздымкі вайсковай тэхнікі.
«На нервовай глебе ў мяне пачалася алапецыя»
Пяць месяцаў у ІЧУ для Наталлі не прайшлі бясследна — у яе пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем.
«У мяне вельмі моцна сеў зрок. Таму што там пастаянна гарэла святло, на вуліцу не выводзілі, ды ўвесь час чыталі. Акрамя гэтага, на нервовай глебе ў мяне пачалася алапецыя. Я калі ў ІЧУ расчэсвалася, рабіць не было чаго, і я складвала на ложак гэтыя валасы. І ў мяне за раз па 300 валасінак выпадала.
Яшчэ пачаўся атапічны дэрматыт. Я ўжо не ведаю, як яго вывесці. Даходзіць аж да псарыязу. Ну і бессань. Я ўжо пасля вызвалення ва Украіне праходзіла рэабілітацыю, піла шмат прэпаратаў. Ну і з'явіліся праблемы з кішачнікам, хрыбетнікам, варыкозам».
«У нас з мамай першая думка была, што яе вывезлі ў Расію»
Праз паўгода пасля вызвалення Наталлі Украіна дамаглася вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных, сярод якіх была і Людміла. Незадоўга да гэтага яна папрасіла родных перадаць у гомельскую калонію № 4 два пасведчанні аб нараджэнні яе дзяцей.
У чэрвені Наталлі патэлефанавала сяброўка, якая перапісвалася з Людмілай і сказала, што ўсе лісты вярнуліся назад з пазнакай, што яна там больш не знаходзіцца.
«У нас з мамай першая думка была, што яе вывезлі ў Расію. Сяброўка паехала ў ІЧУ даведацца, ці там яна. Яе там не было. Праз тыдзень патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што Люду абмянялі. Што Зяленскі некалькі хвілін таму апублікаваў афіцыйную заяву і відэа. І літаральна праз некалькі хвілін патэлефанавала Люда з незнаёмага нумара і сказала: «Я дома».
«10 дзён адкормлівалі ў катэджы пад Мінскам». Украінка, якую абмянялі на расійскіх палонных, расказала, як гэта было
Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно
Былая палітзняволеная, дэпартаваная з Польшчы ў Літву, трапіла ў юрыдычныя абцугі
Цяпер чытаюць
«Наіўна спадзяваліся зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру». Прапаганда пачала апраўдваць дарагія жыроўкі для «дармаедаў»
Каментары