Літаратура22

Вуай-шан хао

Пасля таго як Кітай паабяцаў укласці ў эканоміку Беларусі 15 мільярдаў даляраў, а Расія паказала хвігу, Лукшэнку быццам даўбешкай па галаве стукнула. Аляксандр Апон. Сатырычнае апавяданне.

Аляксандр Апон. Сатырычнае апавяданне.

Пасля таго як Кітай паабяцаў укласці ў эканоміку Беларусі 15 мільярдаў даляраў, а Расія паказала хвігу, Лукшэнку быццам даўбешкай па галаве стукнула.

— Вось што, хлопцы, — сказаў ён неяк, седзячы за вячэрай у цесным кружку сяброў-аднадумцаў (адзін з іх быў выдатны бізнэсовец, а другі — не менш выдатны хакеіст). — А Пазняк, бадай што, меў рацыю: ніякія мы не расійцы, а кітайцы.

Менавіта з гэтай хвіліны пачалася пагалоўная кітаізацыя нашай краіны. І першай галавой, выстаўленай у амбразуру, стала галава дыктаркі нядзельнай праграмы «Панарама». Дыктарка з’явілася на экране тэлевізара з гэтак падведзенымі вачыма, што яны здаваліся раскосымі.

— Вуай-шан хао! — сказала яна і, лыпнуўшы два разы доўгімі, як вееры, вейкамі, салодка і лісліва па-кітайску ўсміхнулася.

«Во, на табе!» — разявіўшы рот, вылупіўся на яе я. І гэтак, з разяўленым ротам, лёг спаць

Зрэшты, не я адзін. Напрыклад, мой кіраўнік аддзела ў Інстытуце гісторыі НАН, дзе я ўжо дзесяць гадоў падзвіжнічаў на ніве гістарычнай навукі. Назаўтра, як толькі я (па-ранейшаму з разяўленым ротам, які ў мяне не закрываўся хоць крыкам крычы) з’явіўся ў інстытуце, прафесар выклікаў мяне ў кабінет. І сказаў, зморшчыўшыся, як ад болю пад рэбрамі:

— Вось што, Аляксандр: я з сённяшняй раніцы не Іван Сяргеевіч Хануркін, а Ван Сяхань.

— Як? — залыпаў я вачыма і нарэшце закрыў рот.

— Ага, так — Ван Сяхань, — сумна пацвердзіў ён, падышоў да мяне і, узяўшы за гузік на пінжаку, унурыўшыся ў падлогу, ціха, амаль інтымна, прамовіў:

— А ты з гэтай хвіліны не Аляксандр, а Ля.

— З чаго гэта раптам? — увесь пахаладзеў я. — Не хачу я быць ніякім Ля! Мяне мама Сашам назвала, Аляксандрам!

— Што мама, — скрывіўся прафесар, — калі ўжо ёсць праграма «Дзесяць крокаў», якую зацвердзіў сам — тут ён тыцнуў пальцам у столь, — Ляо Лу.

— А хто такі Ляо Лу? — насмеліўся запытацца я.

— Ну як жа, — ускінуў ён на мяне спакутаваныя вочы. — Няўжо не здагадваешся?

— Не, — адмоўна хітнуў я галавой.

Прафесар кіўнуў на партрэт на сцяне кабінета, над пісьмовым сталом.

Я не знайшоў, што сказаць, толькі няпэўна паціснуў плячыма. Зрэшты, Ван Сяхань і не чакаў ад мяне ніякіх слоў. Пусціў гузік, які так і не здолеў адкруціць, узяў мяне пад руку, падвёў да аднаго з двух фатэляў, якія стаялі ля люстранога століка і, пасадзіўшы, сам сеў насупраць.

— Але чаму Ляо Лу, адкуль гэта ўзялося? — вымавіў я, чухаючы, як дурань, патыліцу

— Ну як жа! — дзівіўся маёй нездагадлівасці Ван Сяхань. — Ляо — гэта імя ад Аляксандра, ну, а Лу…

— Пачакайце: як жа Ляо можа быць ад Аляксандра, калі я таксама Аляксандр, але не Ляо, а толькі Ля?

— А, вось што цябе засмучае! — тонка ўсміхнуўся прафесар. — «О» — гэта не проста «о» ў слове Ляо, а Ооо! — тут ён зноў падняў угару палец, — які чалавек!

— Вось у чым справа! — дайшло нарэшце да мяне. — Не, не хачу я быць ніякім Ля.

— Што ж, вольнаму воля, — панура, паглядзеўшы ў акно, сказаў прафесар, перайшоў на «вы» і запытаўся, буду я пісаць заяву аб звальненні па асабістым жаданні, ці ён звольніць мяне сам у сувязі са скарачэннем штату, ці ўсё ж я яшчэ крыху падумаю.

— Падумаю, — вырашыў я. Тым больш у мяне была такая важная і цікавая тэма дысертацыі, што кінуць яе я не меў маральнага права.

— Вось якраз наконт дысертацыі я цябе і выклікаў, — таксама прыгадаў прафесар. — У цябе ж «Асноўныя канцэпцыі паходжання беларускага этнасу»?

І моўчкі падаў мне цыркуляр з Адміністрацыі прэзідэнта. З тэксту, што ішоў ніжэй за пагрозлівы надпіс " Сакрэтна», я даведаўся, што канцэпцыю, згодна з якой продкамі беларусаў былі славяне і балты, належыць лічыць цалкам заганнай. І, выкінуўшы яе на сметнік як неадпаведную гістарычнай праўдзе, прыступіць да выпрацоўкі новай.

— А каго ж тады лічыць нашымі продкамі? — адарваўшыся ад паперы, дрыжачым голасам запытаўся я.

— Кітайскую народнасць гаў.

— Як?! Гаў? — жахнуўшыся, выціснуў я. — Але прабачце, прафесар, гэта цалкам немагчыма: як жа яны да нас, гэтыя «гаў», трапілі?!

— Ну, як-як! — нервова перасмыкнуў ён плячыма. — Прыйшлі сабе…

— Як прыйшлі? За дзесяць тысяч кіламетраў?!

— Ага, за дзесяць. Спусціліся на нечым накшталт сноўбордаў з Гімалайскіх гор і пашыбавалі праз мангольскія стэпы да Урала, а тут ужо рукой было падаць… Таму старэйшым братам будзем лічыць кітайцаў і разам з імі, у адной сям’і, крочыць да светлага заўтра, якое ўжо не за гарамі, пад кіраўніцтвам нашага вялікага кормчага і Ооо! — тут ён зноў узняў угару палец, — якога чалавека! Зразумеў?

— Зразумеў, — хітнуў я галавой і, хістаючыся, пайшоў з кабінета прэч…

— Можа наліць чарачку каньяку ці выклікаць «хуткую»? — ледзь не плакала, стоячы нада мной увечары, жонка.

— Не, не трэба, — стагнаў я і толькі прасіў. — Вады!

Жонка ішла на кухню, дзе, пусціўшы з крана халодную ваду, мачыла ручнік, каб пакласці яго мне на гарачы лоб.

У «Панараме» дыктарка паведамляла, што прэзідэнт Ляо Лу правёў нараду ў Адміністрацыі на вуліцы Мао Цзэдуна, 38 па пытаннях бягучай палітычнай сітуацыі. Сярод іншага кіраўнік выказаўся па гэтак званым моўным пытанні, не забыўшыся прайсціся нагамі па пісьменніках.

— Дайце мне, дайце мне «Хуанлоўмын», ці, на горшы выпадак, «Саньгачжы ян’і» — запатрабаваў ён у пісьменнікаў і, прыціскаючы свае вялікія моцныя рукі да шырокіх грудзей, шчыра дадаў. — І я вам заплачу!

Друкуецца скарочана.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін3

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што хоча і трэці блок, і новую АЭС7

Дональд Туск пацвердзіў: чыгунка Варшава — Люблін пашкоджаная ў выніку дыверсіі17

Пенсіянерка паблытала педалі і пабіла сем аўтамабіляў у Мінску ВІДЭА7

Польскае МЗС чакае ўбачыць наступствы адкрыцця двух КПП «у найбліжэйшыя тыдні і месяцы»19

Том Круз нарэшце атрымаў «Оскар»: яму ўручылі ганаровую ўзнагароду за ўнёсак у кіно5

У Мінску пачалася мадэрнізацыя незвычайнага аб'екта: абсерваторыі Планетарыя ў парку Горкага1

У Мінску прадаецца кватэра ў доме, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч3

Гэты рамонт каштаваў мінчукам амаль $100 000. Як думаеце, ён таго варты?12

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін3

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць