Двум высокапастаўленым чыноўнікам ранейшага ўрада — былому прэм’еру Сяргею Сідорскаму і яго намесніку Івану Бамбізу, якім, у адрозненне ад былогавіцэ-прэм ’ера Андрэя Кабякова, не знайшлося месца ў прэзідэнцкай адміністрацыі, крыніцы «Заўтра тваёй краіны» прадказваюць дыпламатычную кар’еру.
Што да Сяргея Сідорскага, які ўзяў паўгода, каб адпачыць ад працы на прэм’ерскай пасадзе, то яго «сватаюць» у пасольства Беларусі ў Расіі. Пасля пераезду ў Мінск з Пекіна Анатоля Тозіка вакантнай засталася дыпламатычная пасада ў Кітаі. Яшчэ варыянт — пасольства ў ПАР (чуткі аб тым, што туды адправяць Івана Бамбізу, хадзілі і раней), В’етнаме і ў шэрагу іншых краін.
Большасць кіраўнікоў дыпламатычных місій Беларусі за мяжой узначальваюць прафесійныя дыпламаты ці чыноўнікі, якія пэўны час служылі ў Міністэрстве замежных справаў, як, напрыклад цяперашні пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Аляксандр Міхневіч. Да таго, як стаць намеснікам міністра замежных справаў у 2000 годзе, ён доўгі час быў адным з кіраўнікоў канцэрна «Беллегпрам».
У шэрагу краін кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных місій з’яўляюцца былыя высокапастаўленыя чыноўнікі ўрада, адміністрацыі прэзідэнта і іншых органаў дзяржаўнай улады. Сярод такіх прадстаўнікоў беларускага дыпламатычнага корпуса — пасол Беларусі ў Расіі Васіль Далгалёў, які да свайго пераводу ў Маскву пабываў практычна ва ўсіх кіроўных органах — Адміністрацыі прэзідэнта, урадзе, кіраваў Брэсцкай вобласцю.
Паслом Беларусі ў Францыі з’яўляецца былы кіраўнік Дзяржпамежкамітэта Аляксандр Паўлоўскі. Беларускі пасол у Літве Уладзімір Дражын доўгі час працаваў у Мінскім аблвыканкаме і ва ўрадзе. Місія ў Венесуэле давераная былому гендырэктару «БелаўтаМАЗ» і намесніку міністра прамысловасці Валянціну Гурыновічу, у Арменію паехаў генерал КДБ Сцяпан Сухарэнка. Ва Узбекістане і Туркменістане сталі пасламі таксама досыць уплывовыя ў свой час чыноўнікі — Ігар Сокал і Юрый Малумаў.

Каментары