У Беларусі расце цікавасць гледачоў да інтэрнэт-тэлебачання.
Такое меркаванне падчас круглага стала 27 студзеня ў Мінску выказаў кіраўнік інтэрнэт-тэлебачання партала tut.by Дзмітрый Верашчагін.
Паводле яго слоў, колькасць гледачоў анлайн-тэлебачання на партале залежыць ад канкрэтнай праграмы. Праграма, якую больш глядзяць, — пра надвор’е, яе гледачамі з’яўляюцца 20–30 тыс. наведнікаў, іншых праграм — 10–15 тыс. «Калі параўноўваць з аўдыторыяй, якая была яшчэ паўгода таму, то прагрэс ёсць, і ён дастаткова добры», — адзначыў Верашчагін. Спецыяліста таксама радуе, што некалькі тысяч чалавек глядзяць
сур’ёзныя аўтарскія праграмы партала, прысвечаныя праблемам інвалідаў, людзей з анкалагічнымі захворваннямі і г.д.
Разам з тым, сказаў ён, «кошт трафіку ў Беларусі пакуль яшчэ дастаткова высокі, таму чым большы хронаметраж праграмы, тым менш людзей яе паглядзяць». «Зараз было б выхваляннем казаць, што інтэрнэт-тэлебачанне з’яўляецца вялікім канкурэнтам традыцыйнаму тэлебачанню, але, безумоўна, мы будзем да гэтага імкнуцца», — заявіў Верашчагін. Паводле яго слоў, згодна з амерыканскімі даследаваннямі, блізу 2014 года ў ЗША рэклама на відэакантэнце, які транслюецца ў інтэрнэце, выйдзе на трэцяе месца. «Думаю, што такая ж сітуацыя будзе і ў нас, але пазней», — заявіў Верашчагін.
Кіраўнік праекта itv.by Таццяна Лашук таксама адзначыла, што інтэрнэт-тэлебачанне сёння развіваецца вялікімі тэмпамі, бо мяняецца прынцып спажывання інфармацыі насельніцтвам. Паводле яе слоў, калі традыцыйнае тэлебачанне навязвае гледачу праграму, то інтэрнэт-тэлебачанне дазваляе глядзець перадачы па выбары ў зручны час. Пры гэтым, як падкрэсліў Дзмітрый Верашчагін, інтэрнэт-тэлебачанне больш інтэрактыўнае, бо сувязь з гледачамі таксама ажыццяўляецца ў рэжыме анлайн.
Паводле інфармацыі Таццяны Лашук, у Беларусі ў 2007 годзе ўпершыню сярод краін СНД была праведзена анлайн-трансляцыя футбольнага матча, і гэта выклікала вялікую цікавасць за мяжой. Паводле яе слоў, на itv.by найбольшай папулярнасцю карыстаюцца анлайн-трансляцыі футбола — 3–5 тыс. праглядаў у прамым эфіры. Папулярныя таксама забаўляльныя праграмы і навіны.
Каментары