«Чарнобыльскі шлях — 2011» на плошчы Бангалор
Некалькі соцень чалавек сабраліся на традыцыйную акцыю.
19:41
Арганізатары запрасілі ўсіх ахвотных ускласці кветкі і знічы да капліцы ў памяць ахвяр чарнобыльскай трагедыі. Зазначаецца, што міліцыя не будзе чыніць перашкодаў, калі ўдзельнікі абыдуцца без сімволікі. Частка ідзе ўскладаць кветкі, частка — разыходзіцца.
19:29
Зачытваецца рэзалюцыя мітынгу (чытае Франак Вячорка). У рэзалюцыі — заклік вызваліць усіх палітвязняў, зазначаецца, што прэзідэнцкія выбары прайшлі недэмакратычна, згадваецца пра ператрусы ў офісах незалежнай прэсы. Заклікаецца спыніць палітычныя працэсы супраць удзельнікаў Плошчы.
У другой рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік вярнуць льготы ліквідатарам, а таксама забараніць вырошчваць любую прадукцыю на забруджаных тэрыторыях; прымаецца рэзалюцыя супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы па невядомым, інавацыйным праекце. Звяртаецца ўвага, што выдаткаваныя сродкі лепш пусціць на даследаванне ўзнаўляльных крыініц энергіі, у прыватнасці, ветравой.
Частка людзей адыходзіць з плошчы Бангалор.
18:59
Аляксандр Мех (Кобрын) у сваім выступе заявіў, што будаўніцтва АЭС выгадна толькі Расіі, якая ўкладае грошы, будуе стратэгічны аб’ект, дае працу сваім працаўнікам, а потым яшчэ і экспартуе энергію. Беларусь жа атрымае толькі небяспечны аб’ект.
Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама выказаў засцярогі наконт будаўніцтва АЭС Расіяй, а таксама заклікаў вызваліць усіх палітвязняў. Ён таксама заклікаў дзяржаўныя СМІ перастаць дзяліць людзей на чэсных і нячэсных. «Радыяцыя нікога не дзеліць»
У акцыі бярэ ўдзел каля 500 чалавек.
18:46
Нейкі малады чалавек у чорным, захутаны ў маску, спрабаваў учыніць правакацыю. Падыходзіў да плакатаў і спрабаваў пстрыкаць запальнічкай, спрабуючы падпаліць. Потым выходзіў перад выступоўцамі і замінаў ім выступаць, яго схапілі і перадалі ў рукі міліцыі (палкоўнік Ігар Яўсееў), якія затрымалі таго і прымусілі зняць маску.
18:34
З’явіліся анархісты. У іх завязаныя твары і расцяжка «Чарнобыль, Фукусіма, Астравец».
Юры Хадыка ў сваім выступе зазначыў, што сённяшняя акцыя — таксама як спосаб пераадолець страх, пасеяны жорсткім разгонам Плошчы 19 снежня і выбухам 11 красавіка ў мінскім метро. Тое, што прыйшло ўжо каля паўтысячы чалавек сп. Хадыка лічыць добрым знакам.
18:22
Прысутнічаюць лукашэнкаўскія тэлевізійныя групы, якія «праславіліся» фільмамі пра апазіцыю, у прыватнасці, Малады фронт.
Пачынаецца мітынг. Ён пачаўся з хвіліны маўчання, цяпер выступае адзін за арганізатараў акцыі Юры Хадыка.
У акцыі бяруць удзел некалькі соцень чалавек. З’явіўся
18:15
Кіраўнікі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч прынеслі ікону «Маці Божая Чарнобыльская». З’явіліся прадстаўнікі «Маладой Беларусі» на чале з Артурам Фінькевічам.
Зараз на Плошчы каля 200 чалавек, людзі прыбываюць.
На сцэне пачынаецца мітынг.
18:10
Міліцыя сама ацэньвае колькасць прысутных (перадае па рацыі) ў 130–140 чалавек, зазначаючы, што людзі ўсё прыбываюць. З’явіліся прадстаўнікі БХД са сваімі сцягамі. З’явілася расцяжка «Не — АЭС у Беларусі». Пачынаецца дождж.
17:59
З’явіліся новыя транспаранты: «Патрабуем гарантый бяспекі», «Астравецкая АЭС? Дзякуй, не трэба!».
Прыйшоў генерал Валерый Фралоў, «Маладыя дэмакраты» на чале з Алегам Корбанам з расцяжкамі і сцягамі, еўракамуністы Валер Ухналёў і Сяргей Вазняк,
Міхась Башура і Аляксей Марачкін прынеслі чарнобыльскі звон.
17:54
На плошчы Бангалор сабралася каля 50 чалавек. На сцэне два транспаранты: «Чарнобыль, Фукусіма, што далей?» і «Нам непатрэбны другі Чарнобыль».
Вельмі пільны кантроль на падыходзе, пераглядаюць усё, але вельмі карэктна. На падыходзе да Бангалор стаяць анархісты ў масках.
Што да публікі, то ў асноўным гэта людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, моладзі няшмат. Некалькі
З вядомых людзей — Юры Хадыка, палітолаг Уладзімір Падгол, ліквідатары.
***
Плошча перад Акадэміяй навук агароджана турнікетамі. Нагадаем, што напачатку планавалася, што ля Акадэміі навук, а
Тым не менш улады, відаць, вырашылі перастрахавацца. Апошнія гады ЧШ пачынаўся ад будынка Прэзідыума Акадэміі навук.
* * *
Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» прынялі рашэнне аб зборы яго ўдзельнікаў 26 красавіка ў Мінску на плошчы Бангалор,паведаміў адзін з арганізатараў акцыі палітык Віктар Івашкевіч.
Паводле яго слоў, такое рашэнне было прынята, каб не правакаваць сілавыя структуры Беларусі на актыўныя дзеянні ў дачыненні да ўдзельнікаў мерапрыемства. Акрамя таго, адзначыў Івашкевіч, супрацоўнікі праваахоўных органаў
не будуць перашкаджаць праходжанню грамадзян да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай у Мінску.
«Аднак гэтае шэсце не будзе арганізаваным. Любы грамадзянін як прыватная асоба можа адправіцца ў бок Чарнобыльскай капліцы, ускласці там кветкі, паставіць свечкі. Аб гэтым нам было заяўлена сёння на сустрэчы з кіраўніцтвам мінскай міліцыі», — паведаміў Івашкевіч.
Такім чынам, мітынг пройдзе на плошчы Бангалор у 18 гадзін 26 красавіка.
Раней Мінгарвыканкам забараніў правядзенне 26 красавіка ў Мінску шэсця «Чарнобыльскі шлях». Арганізатарам было паведамлена, што збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук забаронены. Забаронена таксама шэсце да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. У Мінгарвыканкаме матывавалі гэтае рашэнне законам аб масавых мерапрыемствах, згодна з якім акцыі не могуць праходзіць бліжэй чым за 200 метраў ад уваходаў у метро і адміністрацыйных будынкаў.
Мінгарвыканкам прапанаваў правесці 26 красавіка толькі мітынг у парку Дружбы народаў з 18 да 20 гадзін.
«Чарнобыльскі шлях» — традыцыйнае шэсце, якое праводзіцца ад 1989 года.Яно бывала больш ці менш шматлюдным, але яно заўжды было прынцыповым для апазіцыі. Не раз улады забаранялі яго, але яно праводзілася тады без дазволу — напрыклад, ад плошчы Свабоды ці ад Акадэміі навук.
Сёлета першы год, калі градус страху ў грамадстве такі, што ніхто з палітыкаў ці грамадскіх дзеячоў не ўзяў на сябе адказнасць за збор людзей у недазволеным месцы.
Многія грамадскія лідары зняволеныя, іншыя знаходзяцца пад следствам. Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў апазіцыйных палітыкаў на 26 красавіка наведаць Чарнобыльскую зону. На ягоную думку, у атмасферы пасля тэракту ўлады не далі б дазволу ні на якую вулічную акцыю ў цэнтры Мінска.
Каментары