Ролік трапіў на адзін з амерыканскіх сайтаў, дзе пра выпадак напісалі, як пра «здарэнне ў Расіі».
Відэа, на якім бачна, як на вуліцы Леніна ў Баранавічах з легкавіка на хаду вывальваецца пасажыр, трапіла на YouTube. Партал Auto.onliner.by паспрабаваў разабрацца ў прычынах незвычайнага здарэння. Інцыдэнт адбыўся 21 снежня.
Відэа было зроблена з дапамогай відэарэгістратара аўтамабіля, які ехаў акурат за «Ровэрам», з якога і выпаў пасажыр. Аўтар роліка сцвярджае, што ў тым легкавіку ехала нецвярозая кампанія. Пасажыр, які сядзеў на заднім сядзенні справа, у пэўны момант вырашыў выйсці, не чакаючы спынення аўто. На відэа бачна, што пасля падзення «Ровэр» спыніўся, адзін з пасажыраў падбег да «каскадзёра» і ўдарыў яго нагой.
У прэс-службе Баранавіцкага РАУС парталу паведамілі, што падобны выпадак у міліцыі не рэгістраваўся.
Auto.onliner.by адзначае, што кур’ёзнае відэа з Баранавічаў трапіла на амерыканскі сайт Worldcarfans.com, дзе нават прапанавалі правесці конкурс, адказаўшы на пытанне, што сказаў малады чалавек, перш чым апынуцца на асфальце.
Варта адзначыць, што ў паведамленні пра выпадак у Баранавічах амерыканскі сайт паблытаў Беларусь з Расіяй. Пра што і нагадалі чытачы ў каментарах.
Каментары