Кіно

«Цэзар» строгага рэжыму

«Залаты мядзведзь» Берлінскага кінафестываля дастаўся карціне «Цэзар павінен памерці» братоў Тавіяні.

У конкурсе Берлінале не было вялікіх або адметных фільмаў. У гэтых умовах журы пад кіраўніцтвам выдатнага брытанскага рэжысёра Майка Лі вынесла, напэўна, адзіна магчымае кампраміснае рашэнне: прысудзіла «Залатога мядзведзя» састарэлым (абодвум за 80) карыфеям італьянскага кіно, братам Паола і Віторыа Тавіяні, за фільм «Цэзар павінен памерці». Раз новае слова ў мастацтве не сказана, выратуе класіка: а класікі — і Тавіяні, і Шэкспір, чый «Юлій Цэзар» лёг у аснову карціны.

П’есу ў ёй разыгрываюць вязні рымскай турмы строгага рэжыму
, прычым разыгрываюць на пяць з плюсам — у фільме знайшлося месца і гумару, і меладраме, і ўмоўнасцям, і дакументальнай фактуры, і нават моднаму па нашых днях чорна-беламу малюнку.

Прэтэнзія да «Цэзара» адна-адзіная: гэта не зусім фільм Тавіяні — бо п’есу ставілі не яны самі, а тэатральны рэжысёр Фабіа Кавалі,
якому належаць усе мастацкія рашэнні і адбор актораў. З іншага боку, першапачатковая задума праекта і яго фактычнае ажыццяўленне, а таксама візуальны шэраг — заслуга Тавіяні. З чаго б карціна ні складалася, глядзіцца яна на адным дыханні і доўжыцца, дарэчы, усяго 1 гадзіну 15 хвілін.

Майк Лі і яго таварышы — а журы было моцным (Франсуа Азон, Асгар Фархад, Барбара Зукава, Джэйк Джыленхал, Антон Карбайн, Шарлота Гензбур) — пастараліся задаволіць усіх.
І ў іх гэта атрымалася. Інтэлектуалаў і эстэтаў парадавалі, прысудзіўшы прыз Альфрэда Баўэра за інавацыю вытанчанаму «Табу» партугальца Мігеля Гомеша. «Дзіўна, я думаў, што здымаю рэтра ў старадаўнім стылі, а ўзнагароду далі за наватарства», — флегматычна канстатаваў са сцэны Гомеш. Немцаў ушанавалі, даўшы «Срэбнага мядзведзя» за найлепшую рэжысуру стараннаму рабацягу сярэдніх здольнасцяў Крысціяну Петцольду, чыя драма «Барбара» лічылася адным з фаварытаў. У дадатак, прыз за выдатныя мастацкія дасягненні атрымаў нямецкі аператар Лутц Рэйтэмаер, які насамрэч узрушальна зняў трохгадзінны сямейна-рэвалюцыйны эпас кітайца Вань Куаньяня «Даліна белага аленя». Самы тлусты кавалак — Гран-пры, г. зн другое месца — дастаўся праваабаронцам, важнай частцы публікі Берлінале: нездарма венгр Бэнс Флігаўф, які атрымаў гэтага прэстыжнага «мядзведзя», таксама атрымаў за сваю стужку «Усяго толькі вецер» прыз ад Amnesty International.

Пра гэтую цікавую працу варта расказаць асобна. У яе аснове — жудасны выпадак забойства ў сельскай Венгрыі некалькіх цыганскіх сем’яў.

Эпізадычныя героі фільма, «добры» і «кепскі» паліцэйскі, цынічна абмяркоўваюць гэтую падзею, прыходзячы да высновы, што забойцы дарма расправіліся з працавітымі цыганамі — іх акцыя атрымала б большы эфект, калі з драбавікоў расстралялі цыган-гультаёў.

Тую ж логіку паслядоўна захоўвае рэжысёр Флігаўф. У цэнтры яго ўвагі — сям’я працавітых цыган: маці забіваецца на дзвюх працах, трываючы здзекі босаў, корміць дваіх дзяцей і паралізаванага бацьку, старэйшая дачка вучыцца на выдатна і яшчэ выдатна малюе, а ў вольны час частуе цыганскіх дзяцей з менш шчаслівых сямействаў, яе малодшы брат — і зусім Гекльберы Фін. Назіральны і тонкі хлопчык блукае па лясах, уладкоўвае пячору-бункер на выпадак нападу агрэсараў, а знайшоўшы мёртвае парася (у яго страце недаверлівыя сяляне абвінавачвалі цыган), гуманна яго хавае. Усе разам яны рыхтуюцца вось-вось эміграваць у райскую Канаду, дзе іх ужо чакае бацька сямейства. Як можна здагадацца з самага пачатку, скончыцца ідылія з’яўленнем узброеных нягоднікаў, якія пазабіваюць нявінных цыган, а камера пасля гэтага доўга і з задавальненнем будзе разглядаць іхныя целы ў моргу, каб праваабарончы мэсідж дайшоў нават да самых тупых.

Цынічная і далёка не бяздарная спекуляцыя на самых высакародных пачуццях падзейнічала яшчэ мацней дзякуючы добраму знаёмству маладога рэжысёра з фестывальнымі трэндамі.
У карціне мала дыялогаў, няма прафесійных актораў, адсутнічае закадравая музыка і штучнае асвятленне — разглядаючы целы ў цемры, глядач-еўрапеец упэўніцца, што перад ім дакументальная праўда.

У цэлым «Усяго толькі вецер» разлічаны на прагрэсіўных аматараў псеўдарадыкальнага мастацтва
, якія абсалютна абыякавыя да рэальных цыганоў і людзей у цэлым, але льюць слёзы замілавання пры выглядзе мёртвых парасятаў.

Знайшоўшы ў частцы гэтай карціны пахвальную чуласць у дачыненні да грамадска-палітычных запытаў Берлінале,

журы адарвалася па поўнай на акторскіх прызах
. «Срэбнага мядзведзя» за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў датчанін Мікель Бое Фольсгард з рамантычна-гістарычнай драмы Мікалая Арселя «Каралеўская здрада»: у гэтай стужцы пра каханне каралевы да прыдворнага лекара, гуманіста і асветніка, Фольсгарду дасталася няўдзячная роля разумова непаўнавартаснага манарха. Сыграў ён яе натхнёна і ярка, не пагарджаючы гратэскам і эксцэнтрыкай, — у найлепшых традыцыях «Ідыётаў» Ларса фон Трыера. Між іншым, гэтая ж карціна атрымала прыз за найлепшы сцэнар. За жаночую ролю ўзнагародзілі дзяўчынку-афрыканку Рашель Мванза з карціны канадца Кіма Нгуена «Бунтаўніца» — хронікі жыцця непаўналетняй шаманкі ў лагеры жорсткіх баевікоў, якая перажывае за тры гады ўсе магчымыя нягоды, ад забойства бацькоў да самастойных родаў у джунглях.

Шматлікія зоркі-канкурсанты засталіся зусім без прызоў.

У канцы вернемся да братоў Тавіяні і іх «Цэзара». Яго ўзнагароджанне не толькі лагічнае, але і сімвалічнае. Брут і Касій прыгаворваюць да смерці Цэзара за тое, што той, праславіўшы Рым сваімі перамогамі, на вачах ператвараецца ў тырана. Але пасля яго гібелі яны аказваюцца не ў стане прыняць на сябе адказнасць за кіраванне імперыяй і гінуць. Тое ж самае адбываецца з вялікімі аўтарамі сучаснага кіно.

Сама канцэпцыя auteur’ов састарэла яшчэ ў ХХ стагоддзі,
але рэжысёры засталіся! Дэспатычныя ўлада геніяў былых часоў пахіснуся, але пакуль на іх месцы не выраслі новыя гіганты: вось і даводзіцца трубіць адступленне, па-рэтраградску ўзнагароджваючы старых. Цэзар памёр, і ўсё-такі ён жывейшы за ўсіх жывых.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат6

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат

Усе навіны →
Усе навіны

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі2

Старшыня асацыяцыі літоўскіх перавозчыкаў назваў Беларусь «тэрарыстычнай дзяржавай»24

Грамадзяніна Індыі трымаюць у палоне ў Беларусі і патрабуюць выкуп3

Рыжанкоў: Мы гатовыя да перамоваў у любы момант, на любой тэрыторыі і без папярэдніх умоў5

Колькі каштуе ўдар у нос? У Гомелі судзяць футбалістаў за масавую бойку на стадыёне3

У Расіі прэзентавалі першага чалавекападобнага робата са штучным інтэлектам. Ён выйшаў на сцэну і адразу грымнуўся6

Для пацярпелай у жудаснай аварыі ў Тайландзе 28‑гадовай беларускі знайшлі донараў крыві1

Лукашэнка заявіў, што «Буравеснік» нам непатрэбны. МЗС Расіі яму адказаў12

Міністр унутраных спраў Літвы прапанаваў перавозчыкам пратэставаць у Беларусі20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат6

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць