Расследаванне справы Яўгена Полудня падоўжана на два месяцы
Тэрмін расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня, які заканчваўся 6 чэрвеня, прадоўжаны яшчэ на два месяцы — да 6 жніўня,паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі.
Мера стрымання ў дачыненні да Полудня засталася ранейшай — утрыманне пад вартай.
Намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень быў затрыманы 8 снежня 2011 года.Праз тыдзень яму было выстаўлена абвінавачанне на падставе часткі 3 артыкула 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). У лютым 2012 года ў дачыненні да Полудня была распачата другая крымінальная справа — па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказную пасаду). Абедзве справы аб'яднаны ў адну вытворчасць. Следства ўстанавіла, што Полудзень сістэматычна на працягу доўгага перыяду часу атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі.
На сустрэчы з журналістамі 27 красавіка начальнік Следчага камітэта Валерый Вакульчык паведаміў, што справа мае шмат эпізодаў, па ёй праходзіць мноства сведак. "Абгрунтаванасць затрымання Полудня не выклікае сумненняў", — сказаў кіраўнік СК.
Паводле яго слоў, да расследавання справы Полудня прыцягнуты праваахоўныя органы Расіі і Германіі.

Каментары