Каля 30 тысячаў аматараў футболу сабраў стадыён «Дынама» ў Менску. Яшчэ каля сотні прыйшло на Кастрычніцкую плошчу, дзе традыцыйна трансьлююць усе важныя мерапрыемствы краіны.
Сытуацыя з жыцьця.
Тата:
Сёньня буду хакей глядзець!
Мама:
Ой, не! Толькі ня сёньня! Сёньня я твайго хакею ня вытрымаю.
Што значыць «ня сёньня»? Ведаеш, калі я апошні раз хакей глядзеў?
На мінулым тыдні.
Сапраўднага хакею я ня бачыў з 85‑га году!
Тое самае можна было сказаць пра беларускі футбол пасьля гульні Баўгарыя‑Беларусь, што адбылася 2 чэрвеня.
Каля 30 тысячаў аматараў футболу сабраў стадыён «Дынама» ў Менску. Яшчэ каля сотні прыйшло на Кастрычніцкую плошчу, дзе традыцыйна трансьлююць усе важныя мерапрыемствы краіны. На гэты раз праграму «Панарама», дзе не было ні адной жыцьцёвазначнай навіны пра Беларусь, палічылі больш значнай, чым першы тайм гульні ( і гэта ў краіне, дзе спорту надзяляецца ЎВАГА з боку дзяржавы...). Абураныя фанаты сьвісьцелі на анонс Вікторыі Сянкевіч, крычалі Юр’ю Кругліку: «Давай футбол!», нэрвова пераступалі з нагі на нагу, расстройваліся, сварыліся, але ўсё адно чакалі: міліцыянты пераканалі, што другі тайм будзе паказаны.
А 21.55 пад радаснае «Бе‑ла‑русь!» пачалася трансьляцыя са стадыёну «Дынама». «Нашым» ужо пасьпелі забіць гол, але фанаты шчыра крычалі: «Верым у каманду!», «Vivat, Беларусь!» і «O‑le, o‑le, o‑le, Беларусь — чэмпіён!»
Кожны раз, калі мяч быў у нашых гульцоў, гучна сустракалі: «Дава‑а‑а‑а‑й!» — і гэтак жа гучна праваджалі: «Э‑э‑х! Мазіла!»
Хлапец, які стаяў побач, увесь час ускрыкваў: «Не, ну ваще руляк какой‑та! А защіта севодня ваще будет?» Сябра адказваў яму: «Ну інваліды, чё ты хош?» Крычалі, крытыкавалі, але ўсё адно верылі, хварэлі і падыходзілі да манітору бліжэй.
«Мы хазяева Явропы,» — крычалі наперадзе. Крычалі гучна, нібыта пераконваючы саміх сабе.
Камэнтатар спрабаваў супакоіць: «Мы павінныя помніць, што Баўгарыя — футбольная краіна».
Піва ў бутэльках станавілася ўсё менш, гульня падыходзіла да канца. Заўзятары разыходзіліся чамусьці пад крыкі «БНТУ!».
На аўтобусным прыпынку хлапец са сьцягам супакойваў: «Возьмем 6‑га рэванш!» Сяброўка суцяшала тым, што «хоць гульня і жудасная, але хто за іх будзе хварэць, калі ня мы?».
А я, углядаючыся ў расстроеныя твары заўзятараў, пераканалася, што ўсё трымаецца на энтузіязьме. Сапраўднага футболу мы так і ня ўбачылі...

Каментары