Архіў

Аб усім патроху

№ 40 (197), 2 — 9 кастрычніка 2000 г.


 Аб усім патроху

 

Чыкі-чыкін

З 1 кастрычніка зачыніліся 19 праграмаў БТ. Сярод іх “Сёньня з вамі”, “Акаляда”, “Аўта-парк”, “Абібок” ды ўсе травеньскія “гучныя новыя праекты”. “Акаляда” — адзіная з праграмаў, што спэцыялізавалася на беларускім року ды іншай сучаснай музыцы, “Абібок” распавядаў пра культурнае жыцьцё, а “Аўта-парк” увогуле паводле “карцінкі” быў самай сучаснай праграмай у нашым этэры.

На замену пойдуць 19 новых праектаў, адабраных з 105 заявак. Галоўным патрабаваньнем камісіі на чале з намесьнікам старшыні Ц.Рыбаковым да заявак на новыя праграмы быў падрабязны каштарыс усіх выдаткаў на вытворчасьць. “ФІТ” свае праграмы, хай са зьменамі ды стратамі, адстояў. Замест “Абібока” пойдзе “Вечаровы экспрэс” (будзе толькі пра музыку), “Крымінальная хроніка” ператвараецца ў гэткае ж “Дасье”, а “Аўта-парк” у парэзаным выглядзе (да 5 хвілін) будзе выходзіць у рамках “Добрай раніцы, Беларусь!” (дарэчы, гэтай праграмы ў кастрычніку ня будзе — з тэхнічных прычынаў: пераабсталяваньне студыі). А вось “Акалядзе” замены не знайшлося.

Усе новыя праграмы загадана запусьціць у эфір з… 7 лістапада! Гэткі дробны камунізм. А што ж больш за месяц паказваць будуць? А нічога – сэрыялы, дакумэнтальныя фільмы, навіны…

Арцём Лук’яновіч

 

Тонкасьці калянізацыі

У чацьвер газэта “Звязда” выйшла з расейскамоўнай укладкай, прысьвечанай “парлямэнцкаму сходу Беларусі й Расеі”

Гэта сумесны праект “Народнай газеты” і расейскай думскай “Парламентской газеты”. Цяпер да яго далучылася і “Звязда” — у парушэньне Закону аб друку (“Звязда” зарэгістраваная як беларускамоўнае выданьне, і ніякія расейскамоўныя ўкладкі пасьведчаньнем не прадугледжваюцца).

Прыкра, што і адна з найдаўнейшых беларускіх газэтаў аддала свае старонкі пад каляніяльны агітпрап.

Вядома, друкаваць такую ўкладку ў “Советской Белоруссіі” ці “Знамя Юності” няма сэнсу – аўдыторыя гэтых газэтаў і без таго зрусіфікаваная. А вось тым, хто ўсё шчэ аддае перавагу беларускаму слову, вядома, мусова прамываць мазгі.

Гэткая роўнасьць выходзіць: у Расеі такія ўкладкі друкуе ведамасная газэтка-бюлетэнь, нікім не чытаная, а ў Беларусі – два наймацнейшыя нацыянальныя выданьні. Гэта як і на тэлебачаньні: “саюзную праграму” ў Беларусі паказваюць у найлепшы час на адзіным нацыянальным канале, а ў Расеі – абы-калі на адным, ня самым папулярным, дзяржаўным. Такія вось каляніяльныя тонкасьці.

Б.Т.

 

Ногі маладафронтаўцаў

Ліфты апошнім часам нібы распачалі страйк. Ды яшчэ пераважна ў дзесяціпавярховіках. То стаяць нерухома па шэсьць месяцаў з-за звычайнага нядбайства, а бывае, дык і зламысьнікі, як у нашым выпадку, скрадуць кабель сілкаваньня.

Прадстаўнікі прадпрыемства жыльлёвай гаспадаркі на здарэньне разьвялі рукамі — на складзе нічога няма, але цягам усяго двух месяцаў абавязкова выправім…

Гэта было ўжо занадта. Бо ў адной з кватэраў будынку, які напаткала такая прыкрасьць, якраз на 10-м паверсе жыў маладафронтавец. Ці сапраўды былі ў яго хворыя ногі, ці турбавалі клопаты цяжарнае суседкі, ці то ён проста зьдзівіўся апэратыўнасьці рамонтнікаў, але ўжо наступным днём групка мясцовых маладых “фашыствуючых нацыянал-радыкалаў” прапаноўвала жыхарам дому па вул.Турава, 10 падпісацца пад патрабаваньнем тэрміновага рамонту ліфтаў.

У гарвыканкаме, праўда, куды былі прынесеныя чатыры дзясяткі подпісаў, заяўнікаў ветліва папрасілі перадаць абурэньне людзей у прадпрыемства жыльлёвай гаспадаркі. Там сустрэлі прыязна. Праўда, доўга не маглі зразумець, што такое МГА МФ (заяўнік) і чаму на беларускай мове. Але заяву зарэгістравалі й паабяцалі разабрацца ў “чачэніі” месяца.

Але, прачакаўшы ўсяго два тыдні, няўрымсьлівыя маладзёны скрайніх поглядаў склалі заяўку на пікет ля гарвыканкаму. Тут ужо яны сустрэлі непрыхаванае неразуменьне. Спн.Барсукова, загадчыца аддзелу пісем, катэгарычна адмовілася прымаць паперчыну, патлумачыўшы, што спачатку варта зьвярнуцца з праблемай у іхную ўстанову, а ўжо пасьля таго як над ёй паразважаюць разумныя дзядзькі і цёткі (вельмі хутка — ня болей за месяц), можна падумаць і пра пікет.

Але боль у нагах калі-нікалі робіць цуды. Прадэманстраваўшы неблагое веданьне закону аб масавых мерапрыемствах (дзе ні слова няма пра тое, што перад пікетаваньнем трэ некуды зьвяртацца зь нейкімі просьбамі) і страціўшы нямала каштоўнага часу, маладыя людзі дамагліся прыёму заявы. Якую нават зарэгістравалі (вось гэта дэмакратычнасьць!) адразу, як прынесьлі.

Тым часам ліфты стаялі, надзеі на ПЖГ малелі з кожным крокам па прыступках, а да пікету (які, хутчэй за ўсё, так і так не дазволілі б) чакаць ажно 15 дзён…

Вось і ўзьнікае новая задума: а ці не напісаць ліст да Самога?.. Да сп.Краснова, старшыні Магілёўскага гарвыканкаму? Сказалі — зьвязалі. У старшыні прасілі кампрамісу: вы нам запускаеце ліфты, мы вам ня йдзем на несанкцыянаваны пікет.

Празь нейкія тры дні ўвесь магілёўскі МФ сьвяткаваў перамогу! З трэцяга заходу, выключна законнымі сродкамі, выдаткаваўшы 31 аркуш паперы й 16 гадзін часу. А што ж вы думалі? Ногі хоць мо й не каштаўнейшыя за галаву, але таксама патрабуюць да сябе добрае ўвагі. Верыце?

Андрусь Кавалёў, Магілёў

 

Зноў папса на Нямізе

Ужо другі тыдзень штосуботы (16 і 23 верасьня) каля букіністычнай кнігарні “Вянок” у Траецкім прадмесьці даводзіцца назіраць “народныя гуляньні”, ініцыяваныя менскімі ўладамі. То Маларыцкі раён прадстаўляў маладыя таленты — такіх хлопчыкаў, якія сьпяваюць на расейскай і ўкраінскай мовах, то “Першамайскі дом дзіцячай творчасьці” ладзіў “сьвята” для дзяцей і іх бацькоў. Для дзяцей розныя клоўны і дыснэеўскія качкі з Мышанятамі, а дарослым — піва і смажанае мяса.

Увогуле палатак зь пітвом і ежай не бракавала — удзельнікі “сьвята” больш тоўпіліся каля “месца адстою піва”, чым каля сцэны, дзе разагрэтая вядучая амаль гістэрычна крычала ў мікрафон: “Давайте будем сегодня веселіться!”

А тым часам у пераходзе на “Нямізе”, дзе загінулі 53 маладыя жыцьці, сумна дагарала чыясьці сьвечка. Забавіўшыся каля фотаздымкаў ахвяраў, выціралі сьлёзы некалькі маладых дзяўчат — даносілася гучная музыка і было добра чуваць да болю абрыдлыя словы: “Ай-яй, девчонкі!..”

Горка, сумна й агідна.

Янка Цітовіч, Менск


Каментары

Цяпер чытаюць

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі62

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі папярэдзіў Пуціна, што Украіна «вельмі блізкая» да стварэння балістычнай ракеты13

Беларус пераканаў Данію, што яго некалькі судзімасцяў за наркотыкі — фактычна палітычны пераслед. І атрымаў прытулак8

Колькі ў Беларусі каштавала б праца хатняй гаспадыні, калі б за яе плацілі21

Сотні мінчукоў ізноў выстраіліся ў даўжэзную чаргу20

У гродзенскіх лясах заўважылі шакала1

Пашынян запосціў рылс пераможцы пад культавы трэк1

Дзяніс Дудзінскі наведаў 100 краін — расказвае, якія ўразілі яго найбольш. Але самую жаданую краіну ён трымае на потым33

Як халат апынуўся ва ўнітазе? Мінскія сантэхнікі расказалі пра самыя дзіўныя забіцці труб

Anthropic заклікае да глабальнай паўзы ў распрацоўцы ШІ, папярэджваючы пра рызыку «самаўдасканалення»9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі62

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць