Архіў

Сяргей Паўлоўскі. Барада Шчукіна

№ 29 (238), 16 ліпеня 2001 г.


Сяргей Паўлоўскі

Барада Шчукіна

 

Сымбаль гвалту над асобай у сёньняшняй Беларусі — прымусова зголеная барада Валер’я Шчукіна. 60-гадоваму дзеду семярых унукаў у Жодзінскай каталажцы скруцілі рукі і тупым галяком зрэзалі акладзістую сівую бараду. Гвалтам парушылі вобраз вядомага на ўсю краіну дысыдэнта.

Ва ўспамінах пра адну з сваіх адседак палітвязень Шчукін пісаў: “У беларускай “Бастыліі” — спэцпрыёмніку для дробных хуліганаў — вельмі зьдзівіліся, убачыўшы ў сябе перад самым Новым годам арыштаванага “Дзеда Мароза”: у гэтыя перадсьвяточныя дні мая традыцыйная барада ўспрымалася адназначна як дзедмарозаўская”.

Можна скласьці цэлую анталёгію гэткага “чорнага гумару” часоў Лукашэнкі, пачынаючы ад прастрэленага лёзьненскага “мэрсэдэсу” і адбітку міліцэйскага бота на сьпіне будучага прэзыдэнта, ад зьбітых паветраных шароў і пратаколу, паводле якога глуханямыя лаюцца матам, і сканчаючы зголенай барадой Шчукіна. Гэта ўжо стыль, дакладней — жанр. Сьмешны анэкдот, увасоблены ў жыцьцё на беларускай сцэне сем гадоў таму, становіцца трагедыяй. Публіка ў масе сваёй не пратэстуе, яна нават ужо і прывыкла.

З адным даўнім маім знаёмцам, які пачытвае апазыцыйную прэсу, загаварылі мы пра шчукінскую бараду. Ён кажа: “Хіба ты ня ведаеш скандаліста Шчукіна? Пэўне ж, сам падстроіў, каб яго пагалілі”.

Сапраўды, хто ж гэта верыць у анэкдоты, нават увасобленыя ў жыцьцё?

“Але што трэба, каб ты паверыў?” — пытаюся ў знаёмца.

Ён пачынае разважаць пра тое, што недавер ягоны выкліканы прэсай, якая не аднойчы перабірала меру з апісаньнем рэпрэсіяў. Вось каб пра той выпадак гвалту ён пачуў не ад журналістаў, а так, дзе-небудзь у барысаўскай электрычцы, ад якога мянта...

Выходзіць, міліцыянты і простыя людзі кажуць праўду, а газэты адлюстроўваюць увасобленыя ў жыцьцё анэкдоты…

Валеры Шчукін — даўні герой гэтых анэкдотаў. То кашулю-вышыванку ў Вярхоўным Савеце насіў, то кіцель капітанскі; то ён камуніст, то праваабаронца, на ўсіх дэманстрацыях — у першым шэрагу, яго першага амонаўцы круцяць, яго судзяць бясконца і караюць то штрафам, то суткамі. І паўсюль — ягоная барада. Словам — чалавек, ну зусім не падобны да мяне. Асоба ў адным шэрагу з анэкдатычнымі Чапаевам, Штырліцам ці Вовачкам. Каму прыйдзе ў галаву ўспрымаць іх сур’ёзна і зь імі салідарызавацца?

Сытуацыя, між іншым, вельмі падобная да той, што была ў Нямеччыне ў трыццатыя гады, калі пастар Німэлер напісаў свае знакамітыя словы: “Калі яны прыйшлі па сацыял-дэмакратаў, я маўчаў, бо ня быў сацыял-дэмакратам. Калі яны прыйшлі па камуністаў, я маўчаў, бо ня быў камуністам. Калі яны прыйшлі па жыдоў, я маўчаў, бо ня быў жыдам. Калі яны прыйшлі па мяне, дык не засталося нікога, хто мог бы мяне абараніць”.

Думаючы пра выпадак у Жодзінскай каталажцы, я разумею, што стыль жыцьця і палітычныя перакананьні Валер’я Шчукіна тут ні пры чым. Падабаецца табе ён ці не падабаецца, неістотна. Бо той выпадак — не ягонае дзеяньне, не ягоны выбар і ўчынак. Гэта дзеяньне супраць яго. Прычым, на маю думку, гэта самае гвалтоўнае дзеяньне, якое толькі можна прыдумаць. Прымусовая зьмена тваёй самаідэнтыфікацыі. Ператварэньне чалавека ў прадмет — гэта тое, што ў самых страшных у сьвеце кітайскіх турмах называюць ператварэньнем чалавека ў жабу.

Сьведчаньні пра Жодзінскую каталажку — самую жахлівую ў Беларусі — даходзілі і раней. Але менавіта шчукінская барада стала наймацнейшым доказам таго, што ў нас для палітвязьняў ёсьць свая кітайская турма.

Горкая кпіна гісторыі — сілаю зголеная барада былога камуніста Валер’я Шчукіна.


Каментары

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі4

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць