Хлеб і відовішчы.
08.07.2005 / 13:00
«Народ, што заваяваў сьвет, цяпер патрабуе аднаго: хлеба і відовішчаў», — сказаў пра сваіх суродзічаў Ювэнал.
Менск на дзяржаўныя сьвяты больш нагадвае позьні Рым, чым Савецкі Саюз. У савецкія часы такіх оргій не было. Тады цаніўся «парадак». Цяпер — «веліч», у сэнсе — «размах».
СТАРТ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ ЛУКАШЭНКІ. Поп-канцэртам Лукашэнка фактычна распачаў сваю выбарчую кампанію. Усё было выдатна зрэжысавана. Добра разагрэты натоўп сустрэў свайго лідэра скандаваньнем «Бе-ла-русь!». Адметна, што не «Лукашэнка», не «СССР». Лукашэнка прамаўляў, урэзваючы ў сьвядомасьць простыя й бясспрэчныя словы. Пра моцную, прыгожую Беларусь, пра гарачыя маладыя сэрцы й сьветлую будучыню. Такі тон зададзены: нацыяналістычная рыторыка, барацьба за галасы моладзі. Трыюмфатар у сьветла-блакітным гарнітуры — у такіх нашыя спартоўцы крочылі на адкрыцьці Алімпіяды — танцаваў пад папсу. Рэакцыя на шоў на інтэрнэт-форумах пераважна рэзка адмоўная. Ня ўсе яшчэ, значыць, пранікліся дасягненьнямі перадавое музыкі.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ. Гулянка 3 ліпеня праходзіць амаль адначасова зь іншым народным фэстам — у Будславе — і моцна кантрастуе зь ім. Там мала п’яных і звышкансэрватыўная традыцыя. Там зьбіраецца ў дзесяць разоў менш народу. Але там прысутныя дух і ідэя. Чаго ня маюць «культурныя канфармісты», як называе іх філёзаф Валер Булгакаў.
3 ліпеня рэанімавала ў мяне адно старое і мо не зусім карэктнае адчуваньне: усё ж наша беларуская культура вышэйшая за гэтую савецкую. Наша эстэтыка больш вытанчаная, правілы паводзінаў больш складаныя, этыка больш ашчадная да чалавека і яго набыткаў. Такое пякучае пачуцьцё эўрапейца — і яно абавязвае моцна. Так, хам дыктуе моду. «Усё схвачана», і хлеба досыць. І поп-канцэрты зьбіраюць сотні тысяч. Але… наша цывілізацыя вышэйшая. Таму яны нас не асымілююць. Мы іх асымілюем.