Ліцэісты ў Польшчы

08.07.2005 / 13:00

1 ліпеня Беларускі ліцэй пачаў новы навучальны год у Польшчы.

Клюб каталіцкае інтэлігенцыі, улады гораду Варшава запрасілі 85 ліцэістаў і 20 выкладчыкаў ды бацькоў на «летнюю сэсію».

У выдатных умовах, на базе дзьвюх найлепшых у сталіцы Польшчы ліцэяў, беларускія «падпольныя» ліцэісты маюць штодзённыя заняткі па ўсіх дысцыплінах, уключна з заняткамі плаваньнем у басэйне, багатую экскурсійную праграму, у тым ліку наведваньне Гданьску і Кракава.

12 ліцэістаў пасьля асноўных заняткаў праходзяць месячныя паскораныя курсы тэлежурналістыкі пад кіраўніцтвам знакамітага польскага рэжысэра-дакумэнталіста Міраслава Дэмбіньскага, а яшчэ шасьцёра навучаюцца газэтнай журналістыцы. Гэта робіцца зь вераю, што надыдзе той час, калі ў Беларусі спатрэбіцца замена Казіяткам і Росьцікавым.

А перад пачаткам вучобы ў Варшаве, 30 чэрвеня, госьці зь Менску мелі дзьвюхгадзінную сустрэчу з сусьветна вядомым рэжысэрам Анджэем Вайдам. Спадар Вайда адказаў на два дзясяткі самых розных пытаньняў выкладчыкаў і навучэнцаў Ліцэю, што датычыліся і ягонай творчасьці, і ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Сталічная «Газэта выборча» зьмясьціла вялікі рэпартаж пра гэтую сустрэчу і фота сп.Вайды зь ліцэістамі. Увогуле інтарэс польскае прэсы да побыту Ліцэю ў Польшчы надзвычайны: пра яго пісала таксама «Жэчпасполіта», рабілі рэпартажы розныя каналы польскага тэлебачаньня.

Наперадзе ў ліцэістаў найцікавейшае спатканьне з Кшыштафам Занусі, экс-прэм’ерам Тадэвушам Мазавецкім, кіраўніцтвам польскага Міністэрства адукацыі і ўправы Варшавы. Хачу нагадаць, што ў першай палове чэрвеня III курс ліцэю правёў плённую сэсію, узяў удзел у днях беларускае культуры ва Ўроцлаве.

Сёньня можна з пэўнасьцю гаварыць: Эўропа зразумела і падтрымала Беларускі ліцэй за яго мужную і пасьлядоўную пазыцыю ў адстойваньні беларускасьці і свабоды.