Як азяркоўцы сьвятыню ад папа баранілі

22.07.2005 / 13:00

Пра падзеі ў Азярку (Аршаншчына), пайшлі чуткі па ўсёй Воршы і дакаціліся нават да Менску. Чуткі абрастаюць паданьнямі. Нехта ўжо пасьпеў дадаць да гісторыі пабітага сьвятара ды спалены трактар. Нехта апавядае, як нейкія крымінальнікі хацелі спаліць вёску. Перадусім захапляе самаарганізацыя і сьвядомасьць азеркаўскіх сялянаў.

Частка першая. Гістарычная

Каменны крыж увышкі — каля 1,5 мэтра. Але мясцовыя жыхары расказваюць, што колісь ён быў нашмат вышэйшы — нават воз зь сенам мог праехаць пад ім. Краязнавец Кірыла Анікевіч у кнізе «Сеньненскі павет Магілёўскай губэрні» (1907) першы падрабязна апісаў помнік. Ён зьвязаў зьяўленьне крыжа з Паўночнай вайной: паставілі яго на магіле забітага тут генэрала. Так і стаяў крыж, пакуль у 1970-х нейкаму чыноўніку не прыгразілі выключэньнем з партыі, калі ня зьнішчыць сьвятыню. Крыж ён скінуў у раку, мала хто там з начальства яго мог убачыць. А ў 1988-м мясцовае насельніцтва сваімі сіламі выцягнула помнік на бераг, усталявала ля крыніцы ды зрабіла там вельмі ўтульную зону адпачынку — з альтанкай, калодзежам, мосьцікам цераз раку Адроў, штучным парогам на той самай рацэ. Да крыжа вадзілі экскурсіі з найбліжэйшых школ, у альтанку нават прыяжджалі з гораду адпачыць ды сфатаграфавацца зь незвычайным помнікам. Крыж стаў гонарам мясцовых сялян.

Частка другая. Батальная

Невядома навошта, але праваслаўны сьвятар Аляксандар зь вёскі Межава вырашыў перавезьці каменны крыж да сябе. Адвячоркам 1 ліпеня людзі, што капаліся ў гародзе ля дарогі, убачылі крыж на прычэпе трактара, які выяжджаў зь вёскі. Сям’я — муж, жонка ды дачка — кінулі справы й выбеглі на дарогу. Трактар на іхнія крыкі не спыніўся. Гаспадар сям’і, ня доўга думаючы, сабою перагарадзіў яму дарогу. Зь легкавіка, што ехаў за трактарам, выйшаў сьвятар у спартовым касьцюме ды кепцы. Пачаліся спрэчкі. Малая дзяўчынка пабегла ў вёску зьбіраць людзей. Мужык з-пад колаў не сыходзіў, і айцец Аляксандар проста загадаў трактарысту душыць яго. Можа, і задушыў бы, але зь вёскі ўжо беглі людзі. Крыж вярнулі на месца.

Сяляне паставілі ўмовы: пакуль ня ўбачым дакумэнтаў на яго вываз — крыж будзе стаяць тут. Але ж у тым і справа, што дакумэнтаў аніхто, нават сельсаветаўскае начальства, ня бачыў, хаця на словах сьвятар даказвае, што яны ёсьць. Так скончылася першая «бітва за крыж».

Ноч прайшла спакойна, хоць сёй-той выходзіў уначы з хаты паглядзець, ці стаіць прычэп з каменем. Днём інфармацыя пра Азяркоўскую сьвятыню дайшла да райвыканкаму. Пачаліся размовы-перамовы. Аказалася, што помнік не стаіць на ўліку ні ў Аршанскім, ні ў Сеньненскім раёне. Бо месьціўся якраз на мяжы. Адны думалі, што гэта іхняе, другія — наадварот. У выніку статусу «ахоўваецца дзяржавай» не было.

Надышла другая ноч супрацьстаяньня паміж межаўскім сьвятаром ды азяркоўскімі людзьмі. Гэтым разам, каб прадухіліць вываз крыжа ноччу, мужыкі паставілі ахову. Зь сякерамі ды віламі па чарзе яны правялі ля помніка ўсю ноч. Ні ноччу, ні днём сьвятар не зьяўляўся, але людзі працягвалі стаяць каля крыжа. Толькі на трэцюю ноч іх зьмянілі міліцыянты. Раніцай усе даведаліся, што ў дачыненьні да сьвятара заводзяць крымінальную справу за спробу скрасьці гісторыка-культурную каштоўнасьць. Людзі вырашылі, што гэта перамога, і на тым вярнуліся да сваіх звычайных спраў.

Частка трэцяя. Амаль крымінальная

Ды рана радаваліся. 9 ліпеня раніцай у вёску зноў заявіўся сьвятар, а зь ім цэлая хеўра «ахоўнікаў». Адзін — межаўскі ўчастковы, а астатнія — налыса голеныя з татуіроўкамі на руках ды нагах здаравякі. Супраць такіх сілаю не папрэш. Людзі абкружылі сваю сьвятыню. Участковы пагражаў усіх паперасаджаць, а «ахова» проста пагразіла, што спаліць вёску. Участковы — ня страшна. Але гэтыя — хто іх ведае, адкуль яны, можа, крымінальнікі якія. Так, пагражаючы, амбалы на трактары пачалі прасоўвацца да выезду зь вёскі. Там ужо была падрыхтавана перашкода. Дарогу перагарадзілі легкавіком. У людзей адвісьлі сківіцы, калі яны ўбачылі, як «ахова» айца Аляксандра падняла легкавік на рукі ды перанесла з дарогі. Зьяжджаючы, «барацьбіты за веру праваслаўную» не забыліся яшчэ раз нагадаць, што спаляць вёску.

Частка чацьвертая. Бяз кропкі

Не зважаючы на ўсе пагрозы і паразу, азяркоўцы надзеі ня трацяць. Зьвяртаюцца да раённага начальства, шукаюць дакумэнты, якія б дазволілі менавіта ім валодаць сьвятыняй, ды кажуць: няхай толькі аддадуць, а мы ўжо самі прывязём яго на месца.

Старшыня Межаўскага сельсавету Васіль Шакуноў просіць не зьнеслаўляць Межава ў газэтах: маўляў, мы і так вінаватыя, што не дагледзелі ды дапусьцілі скандал. Але абяцае, што, як толькі разьбяруцца ў сытуацыі, прымусіць сьвятара вярнуць камень.

Вось такія баталіі адбываюцца ў маленькай вёсцы Азярок. Раённае начальства разьбіраецца ў сытуацыі, сьвятар у царкве не зьяўляецца ды й міліцыя яго знайсьці ня можа. А сяляне вераць, што вернуць сьвятыню, якая была ў іх чатыры стагодзьдзі і безь якой неяк няўтульна на сваёй жа зямлі стала.

Калі размаўляеш зь імі, адчуваеш, што не здаліся. І ўжо цяпер абмяркоўваюць яны, а дзе ж гэта машыну браць, каб перавезьці крыж на месца, а хто ж паедзе яго забіраць. Здаецца, якраз у Азярку жывуць нашчадкі тых самых рыцараў-ліцьвінаў, што могуць пастаяць за сьвяты крыж.

Вёска Азярок месьціцца у паўночна-заходняй частцы Аршанскага раёну. Мае 49 гаспадарак ды 84 чалавекі насельніцтва (па стане на 1 студзеня 2005 году). Уваходзіць у склад Межаўскага сельсавету. Найбліжэйшая чыгуначная станцыя — Смаляны (напрамак Ворша—Лепель).