Нармальныя рэчы, важныя штукі

22.07.2005 / 13:00

Сход дэмакратычных актывістаў Фрунзэнскага раёну прайшоў у Менску 14 ліпеня, у дзень узяцьця Бастыліі. Нягледзячы на знакавую дату, «Марсэльезы» пад вокнамі Акадэміі міліцыі не сьпявалі. Затое рэвалюцыя ўжо адбылася ў некаторых партыйных галовах.

Фрунзэнскі раён — найбуйнейшы ў Менску: насельнікаў тут, як у абласным цэнтры. Гэта адзіны раён, дзе ў 2001 г. Ганчарык нават паводле афіцыйных зьвестак не прайграў Лукашэнку ў першым туры. Таму, зважаючы на гэта, я чакаў шырэйшага сходу. У фае галоўнага офісу БНФ зарэгістравалася каля васьмі дзясяткаў чалавек.

Галоўнай мэтай актывістаў было вылучэньне двух сваіх калегаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Выбіралі збольшага наўгад — троххвілінныя прамовы і сьціслыя адказы на пытаньні прысутных («Што такое нацыяналізм?», «Што такое беларускі народ?») не стваралі цэльнага ўяўленьня аб магчымых дэлегатах.

Большасьць прагаласавала за двух Алесяў — Шпакоўскага і Станішэўскага. Шпакоўскаму 21 год, ён вучыцца на пэдагога і лічыць сябе прыхільнікам кансэрватызму, ачольваючы культурную камісію незарэгістраванага «Правага альянсу». Станішэўскі — спартовы трэнэр з зычным голасам, адзін з кіраўнікоў Кальварыйскай рады, г.зн. суполкі БНФ у Фрунзэнскім раёне. Іншыя два прэтэндэнты (ад АГП і ПКБ) выступалі менш імпэтна, чым правыя, і ў выніку тайнага галасаваньня «праляцелі».

Як для карэспандэнта «НН», цікавейшай за «праймэрыз» раённага маштабу была самапрэзэнтацыя вядомых палітыкаў, запрошаных на сход. З прэтэндэнтаў на ролю «адзінага» прыйшлі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч. Усе трое агітавалі так, нібы выбары мусілі адбыцца заўтра.

С.Калякін расказваў пра сваю рашучасьць, падкрэсьліўшы, што камуністы заўжды хіліліся да свабоды і справядлівасьці. «І ў хрысьціянстве ёсьць нармальныя рэчы», — дадаў ён. А.Лябедзька зрабіў камплімэнт прысутным: «У залі сядзяць аптымісты. Мы ратуем гонар краіны». А.Мілінкевіч настойваў на значнасьці структур для пасьпяховай палітычнай кампаніі ды мякка ўшчуваў «выдатных асоб», якія не далучыліся да кааліцыі, утворанай на падмурку «Пяцёркі+».

«Ня мы павінны хадзіць да іх, а яны да нас, — заявіў палітык. — Масква — важная штука, але не яна будзе вырашаць лёс Беларусі». Лябедзька і Мілінкевіч выступалі па-беларуску, скончыўшы прамовы воклічам «Жыве Беларусь!». Абодва разьбіралі свае памылкі: Лябедзька прыгадаў сваю працу на Лукашэнку ў 1994 г., Мілінкевіч — завышаныя чаканьні ў час апошняй прэзыдэнцкай кампаніі: «Мы меркавалі, што раз Домаш — намэнклятурнік, намэнклятура пяройдзе на наш бок. Але яна, як і Масква, паважае моцных, а моцы якраз і не хапіла».

Мантра «не дапусьціць паўтарэньня 2001 году» сталася ляйтматывам усіх выступаў. Не пазьней як на восеньскім Кангрэсе высьветліцца, ці здольныя майстры агітацыі вучыцца на сваіх памылках і падпарадкоўваць амбіцыі супольнай справе. Настрой удзельнікаў сходу сьведчыў, хутчэй, пра тое, што нават ня ўсе партыйцы гатовыя браць Бастылію ці, як гэта называецца, «бараніць перамогу».