Пагоня на Грунвальд
22.07.2005 / 13:00
У Горадні за мурам, які атачае Каложу, укапаны ў зямлю камень. На ім — мэталічная дошка з гербам ВКЛ ды надпісам «Пагоня на Грунвальд. 1410». Дзесяць гадоў таму з грунвальдзкага помніка скралі бронзавую шыльду. Сёньня яна са звычайнага мэталу, серабрыста-шэрая.
Увечары 15 ліпеня горад брыняў прадчуваньнямі сьвяткаваньня іншай перамогі, якую ўлада любіць да замілаваньня — дзень гораду. За грунвальдзкія ўгодкі пілі па кілішку толькі нешматлікія жыхары каменнага гораду — улады сьвяткаваньня не дазволілі.
Ля кавярні, што лічыцца месцам збору аматараў рыцара на кані, швэндаліся розныя падазроныя, занятыя змаганьнем з прыхільнікамі ўсяго рыцарскага і грунвальдзкага. Віжуны запаміналі, пра што гаворыцца за сталамі, выстаўленымі на брук, і дбайна занатоўвалі тосты.
Наступнай раніцай да Каложы пачалі сыходзіцца тыя, хто праз афіцыйныя літаўры не забыўся на войска Вітаўта. У царкве за палеглых ваяроў паставілі запаленыя сьвечкі.
Камень з крыжам на цьвінтары паказваў на легендарную магілу князя Давыда Гарадзенскага. Археолягі, праўда, магілы не знайшлі, аднак камень паставілі. Да «Пагоні на Грунвальд» сёлета паклалі кветкі. Упершыню не стаялі хеўрай навокал міліцыянты, ня лезьлі нахабна ў твары сваёй відэакамэрай. Успомнілі і пра кніжку Кастуся Тарасава «Пагоня на Грунвальд», якая зрабіла некалі вялізнае ўражаньне на тых, хто пасьля палюбіў грунвальдзкую гісторыю назаўжды. І ў гэтую суботнюю раніцу на нёманскім пагорку ўсе слухалі пераказ таго месца з кнігі, дзе пад гэтым пагоркам празь нёманскі брод на заходні бераг перапраўлялася войска Вітаўтава, і як апошняй была татарская коньніца, і ад татарскіх халатаў засерабрылася вада...
Пастаялі і ля магілы Давыда Гарадзенскага, якога некалі так любіў чалавек, што раскопваў падмуркі нашай гісторыі і адкрываў нам вочы на нашую мінуўшчыну, седзячы ў архівах, а потым ствараючы свае кніжкі — Міхась Ткачоў.
У больш спрыяльныя часы на гэтым месцы нават рыцары біліся ў дзень угодкаў Аршанскай бітвы. І ў гэты дзень аднойчы ля «Пагоні на Грунвальд» прымалі беларускую прысягу людзі ў цывільным, калі кавалак былой савецкай арміі не жадаў прысягаць беларускаму народу, а парлямэнт склаў тэкст прысягі толькі для салдатаў, каб не абражаць годнасьці савецкага афіцэра.
У дзень, калі ў Каложы паставілі сьвечкі за ваяроў Грунвальду, у горадзе стралялі залпамі, крочылі памежнікі зь ленінскімі сьцягамі, гралі бравурныя аркестры. Улады раптам абвесьцілі ўгодкі выгнаньня вэрмахту сьвятам гораду! Забыўшыся, што гэтым днём заўжды быў дзень Сьвятога Губэрта, алень якога аздабляе гарадзкі герб.
Увечары я выхіліўся з акна, каб паглядзець на публіку, на пырскі салюту. Парахавыя хмары плылі ў бок царквы. Уздоўж старажытнай вуліцы прыпаркаваныя аўтамабілі спуджава рэагавалі ня толькі сыгналізацыяй на выбухі ў небе, але й трывожным мігценьнем чырвоных сыгнальных агнёў. Фаервэрк — увасабленьне радасьці, падумалася мне. У гэтай краіне існуе строгі падзел — на перамогі, афіцыйна дазволеныя, разьдзьмутыя, і перамогі гістарычныя, якія немагчыма перакрэсьліць, запэцкаць, закапаць дзяржаўным далакопам.